“Бывай, нямытая Расія!”

Патроху рухаюцца справы з аўтабіяграфічнай аповесцю “Пералёт-трава”. Дзіўна, але яна пішацца наадварот: з апошняга раздзела да першага. Такім чынам, да “Чорнага пледа” дадаю новую частку: “Бывай, нямытая Расія!”

У ціхай ранішняй вадзе, быццам у крывым люстэрку, складаліся ў пазлы, крышыліся-вычвараліся, адлюстраванні шматлікіх смаленскіх храмаў і сцены тутэйшага крамля. Яшчэ прахалодна, але ўжо стаю басанож у Дняпры, спрабую адшараваць рачным пяском брудныя шкарпэткі, час ад часу азіраючыся вакол: ці не сочыць хто за мной?

Дзякуй Богу – цішыня паўсюль і процьма сонечных прамянёў. Ліпень.

Урэшце развесіў на лазовым кусце чырвоныя, як ракі ў кіпятню, шкарпэткі, знайшоў на беразе кавалак картону і прылёг на абрывістым дняпроўскім беразе.

У галаве мільгацелі ўражанні ад усяго перажытага за апошнія дні: начныя,  перапоўненыя нелегальнымі ў кавідны час арбайтэрамі, бусікі, глухія лясы, лугавіны і чорная дарога ў невядомасць… Потым на досвітку ўбачылі лодку, якая пераадольвала трывожную памежную раку, далей – ізноў таемны аўтобус, які даімчаў траіх пасажыраў да Смаленску.

А што рабіць зараз тут, ну вось што? Ехаць кудысці далей? Як далей, куды далей?

Разумеў дакладна адно: тут заставацца вельмі небяспечна, могуць праверыць дакументы, таму тэрмінова трэба збягаць са Смаленску і як мага далей. Толькі вось як набыць квіток без пашпарту?

У дзевяць раніцы шкарпэткі былі амаль сухія. Нетаропка пайшоў у бок аўтавакзала, углядаючыся ў сумтрэчных людзей… Сапраўды, квітка не набыць, кіроўцы адмаўляюцца везці без яго. У шкляной спарудзе вакзала дзяжураць паліцыянты,а вуліцай сноўдаюць узад-уперад буханкі “Росгвардыі”. Трэба сыходзіць.

Паўдня блукаў па цэнтры Смаленска, думаў пра тое, што будзе са мной далей.

Аднак неяк заціснуў свае сумненні ў жменю, знайшоў лаву ў звычайным двары, распакаваў новы тэлефончык, выцягнуў з патаемнай кішэнькі расійскую сімку, набытую яшчэ ў Мінску. Стаў нанава ствараць сабе новае лічбавае жыццё: паштовую скрыню, акаўнты…

Неўзабаве “Samsung” пачаў енчыць: патрэбна падзарадка. Яшчэ адна праблема… У нейкая кавярні дазволілі “зарадзіцца”, пакуль я замовіў нешта паесці…

Тут у кавярні, гледзячы праз шырокае вакно на хмурых і засяроджаных смалянаў, прыгадаўся мой даўні гарэзлівы вершык праз Смаленск.

Як выпраўляюся ў паход –
заўжды, па-джэнтэльменску,
сваю экспансію на Ўсход
спыняю на Смаленску.

Ля сценаў велічных крамля
палохаю  смалянаў:
“Віват, крывіцкая зямля,
Край кніжніка Рамана!”

Даруйце гэтакі імпэт, –
Хаця, чаго дзівіцца!
Не таямніца, не сакрэт:
“Смаленск – мая сталіца”.

Тут мой Дняпро і сем халмоў,
Царква на Гарадзянцы…
Вось тут бы жыць, ды час дамоў.
Экспансія – без шанцаў.

Блін, вось жа пісака! Ну які ён мой, гэты чужы і небяспечны горад, дзе ў кожным сустрэчным бачыўся спецслужбовец, ці які росгвардзеец. Вось зараз падыйдзе і запытае: “Добры дзень! Вашыя дакументы?” Тут ужо і кавідная маска не дапаможа.

А потым вядома што: каталажка, дэпартацыя ў Беларусь, ізалятар, суд…

Зараз жа трэба ехаць адсюль далей, ад гэтага трывожнага памежжа. Нарэшцэ выйсце знайшлося:

“Ёсць жа Бла-бла-кар.”  Неадкладна спампаваў адмысловую праграму ў тэлефон, знайшоў падыходзячы варыянт і ліпеньскай ноччу апынуўся ў Бранску… Тады я не ведаў, што тут давядзецца хавацца месяц, можа самы доўгі месяц у маім жыцці. Але нябачны анёл апекаваўся мной: знайшліся людзі і месца пад батарэяй ацяплення на кухні бранскай аднапакаёўкі.

У кватэры жыло пяцёра беларусаў, пяцёра збеглых адтуль і яшчэ ў нікуды. Без рэчаў, бех грошай, а некаторыя, як і я, увогуле без дакументаў.

Насцярожана пазнаёміліся, узгадалі агульных знаёмых і сяброў, крыху супакоіліся, паклаліся спаць, маўляў, пазней разбярэмся.

Так пацягнуліся мае нудныя бясконцыя дні ў выгнанні.

Шмат чаго адбывалася ў гэты час. Аднаму з нашых “кватарантаў” мянты падкінулі ў паштовую скрыню ў Беларусі ягоны пашпарт, але заліўшы яго папярэдне вадой. Калі дакумант таемнымі шляхамі перадалі ў Бранск – чалавек тут жа з’ехаў у невядомым накірунку.

Мы ізноў засталіся ўпяцёх.

Некалькі разоў бачыўся адзін і той жа сон – такое ўражанне, што ён проста пракручваецца недзе ў звілінах мозгу…

Пакручастая, у смарагдавым аздабленні, недзе ўнізе цьмяніцца Дзясна. Я бягу на бераг, ускокваю ў прышвартаваны белы катэр, які з гулам кранаецца і хутка імчыць па звілістай рацэ. Моцна трымаю штурвал. А ззаду нібыта блізкая пагоня. Азіраюся ліхаманкава: разганяючы хвалі за мной імчаць буханкі-уазікі з надпісамі “Росгвардыя”. Дадаю хуткасць і вось ужо карабель адрываецца ад паверхні вады і ўзлятае ў неба… Перада мною, як на гугл-мапе – дрэвы, палеткі, лясы. Недзе ўжо блізка Україна, збавенне. І тут сціхае рык матора і катэр імкліва зрынаецца ўніз. Адчуваю, што гіну і … прачынаюся.

Яно ж як? Калі цябе пазбавілі дому і дахаты трапіць немагчыма, тады ты, як пакінуты без дагляду човен без вясла, плывеш і плывеш ракою ўдалеч. І ты ня можаш прыбіцца хоць да якой прыстані, каб адпачыць і адчуць пад нагамі трывалы бераг. Табе няма дзе прычаліць, няма дзе спыніцца. Застаецца толькі плыць, плыць і плыць, туды, дзе хвалі прыб’юць цябе да берагу. 

Таму можа і снілася адно і тое ж.

Калі надаралася зацішша ў віры бранскага падполля – пісаліся вершыкі, добрыя і не вельмі. Часам сыходзіў у роздумы. Вось аднаго разу задумаўся аб тым, што расейцы нейкія не такія цяпер, як раней, пачаў разважаць аб тым, што сталася з гэтым народам у апошнія гады. Ці гэта вынікі ідэалагічнай апрацоўкі і татальнай прапаганды? Відаць, трохі такога ёсць. Але прыгадвалася і ранейшае, трывожнае – маё першае судакрананне з праявамі рэальнага расійскага шавінізму.

Было, што мяне запрасілі неяк паўдзельнічаць у якасці госця ад Беларусі ў IV міжнародным фестывалі «Поющие письмена» ў Цверы ў 2012 годзе. Паехаў. А што? Перад гэтым Някляеў там быў, Галіна Дубянецкая…

Сабралася тады на фэсце паэзіі славянаў з усяго свету некалькі дзесяткаў — паэты і перакладчыкі з Балгарыі, Беларусі, Македоніі, Польшчы, Сербіі, Славеніі, Славакіі, Украіны, Харватыі, Чарнагорыі, Расіі. Выступы, сустрэчы, міжсабойчыкі… Вечарам запрасілі да сябе на карпаратыўчык прадстаўнікі маскоўскай эліты: навукоўцы, публіцысты, паэты, мэтры культуры. За кілішкамі пайшла размова пра ролю Расіі ў сусветным парадку. Уставіў свае пяць капеек і я, наіўна мяркуючы, што такія дасведчаныя людзі больш мяне разбіраюцца ды ведаюць і пра ВКЛ, і пра Кіеўскую Русь, і пра Масковію.

Божа, як мяне пляжылі!

— Сяргей, ты яшчэ малады і не разбіраешся ні ў чым. Так, беларусы нашы малодшыя браты, але навошта вы спрабуеце плясаць пад дудку Еўропы, навошта вы пайшлі на Плошчу? (2010 год).

Нехта пачаў казаць пра боскае пакліканне Расіі як збаўцы ўсяго свету ад фашыстскай чумы, пра раўнавагу, на якой трымаецца мірапарадак, маючы на ўвазе ЗША.

Даводзілі мне, што толькі пад крылом Расіі беларусы могуць “людзьмі звацца”.

Крыўдна мне стала. Забраў з кампаніі дзьвюх маладых польскіх паэтак – блізнятак, якія слухалі “старэйшых братоў”, раскрыўшы раты. Пайшлі блукаць па горадзе.

І толькі вось паэтак назаўтра мне і не даравалі.

З дзённіка Міколы Салавейчыка:

Cтрашэнная шызафрэнічная мясарубка ў БеларусіА дна пакуль яшчэ няма. Праз месяц там зваряцеюць усеКаб яны самі сябе зжэрліАдчуваю, што калі яны як вусьні даядуць насзаймуцца канібалізмам, пачнуць жэрці сябе. Ладна, праехалі

У мяне свая турма, у вассвая. Кожны ў сваёй турме. Трэба шукаць пазітыў ва ўсім. Вось напёк сабе картопляў у мундзірах (фу, якое слова брыдкае!) на раніцу, ды з соллю яе, з соллю!

Каб канчаткова не звар’яцець на сваёй маленечкай кухні, часам асцярожненька выбіраўся ў горад. Звычайна гадзін у сем раніцы, калі на вуліцы дахалеры хмурнага шэрага люду, які спяшаецца на працу, крочыў бліжэй да ўскрайку. Выбіраў ціхія вулічкі, дзе яшчэ захавалася індывідуальная забудова. Разглядаў пабудовы, прысады, кветнікі.  Але найбольш цікавілі ліштвы на вокнах. Яны і падобныя на традыцыйныя паляшуцкія, і крыху інакшыя.

Напачатку жніўня, ідучы галоўным праспектам, убачыў шмат чырвона-зялёных сцягоў і вайсковых аўтамабіляў з беларускамі нумарамі. Аслупянеў на хвіліну: што гэта за экспансія такая. Але ўслухаўшыся ў пафасныя словы, якія разляталіся па горадзе праз дынамікі, зразумеў, што праходзіць нейкая супольная акцыя “братэрскіх” народаў  пад назваю “Дзень паветрана-дэсантных войскаў”.

Безграшоўе сталася звыклай з’явай, бо той запас, які я меў “на дарожку”, скончыўся недзе праз тыдзень “расійскага” жыцця. А ўсё таму, што камусці з нашай кампаніі было яшчэ горш. Часам атрымлівалася дастаць трохі грошай і тут, але да іх ставіліся вельмі ашчадна. Таму рацыён быў сціплы – бульба, макароны, зрэдку сасіскі, цыбуля, алей. Ратавала толькі адно: сярод нашай пяцёркі знайшлася кулінарная багіня, якая з гэтага “нічога” магла зрабіць Нешта.

Аднойчы нейкі п’яніца каля гастанома цішком прадаваў ракаў. Дзеля цікаўнасці запытаўся пра кошт і пра тое, дзе яны водзяцца. Пачаставаў гандляра цыгарэтай і выманіў у яго інфармацыю пра запаветныя мясціны. Тым жа вечарам разам з яшчэ адным выгнаннікам варочалі ў возеры камяні і карчы, абшарвалі позныя ямінкі і норкі. У выніку здабылі сем вялікіх агрэсіўных асобін. Але наедку там на вялікую кампанія было з гулькін нос.

Найбольшых клопатаў дадавалі цыгарэты, паколькі трое з нас цмыголілі вельмі часта. Але хутка разабраліся, што ў кожным кіёску “Роспечати” – амаль поўны набор усялякіх беларускіх цыгарэт. Проста іх не кладуць на вітрыну, бо ўсё гэта кантрабанднае. Але варта толькі запытаць у прадавачкі – і яна знойдзе амаль любую марку. Прычым, кошт іх нашмат танней, чым у расійскіх. Муляла часам адно – набываючы тытунь з Беларусі ты нейкім чынам спансуеш рэжым Лукашэнкі. Гэта з яго ведама і з ягонай згоды кантрабанда беларускіх цыгарэт у суседнія краіны набыла гіганцкія масштабы.

А яшчэпамятаю, вельмі хацелася прыпасьці да куфля халоднага піва, аднак на тое сродкаў ужо не хапала.

Устыла і абрыдла ў Бранску ўсе. Нарэшце, калі прадавачкі ў бліжэйшай краме сталі са мной вітацца: “Прывет, беларусік!”, зважаючы на мой незнішчальны акцэнт, прыняў рашэнне кіравацца адсюль далей. Выбраў Арол.

Гэта месца засталося ў памяці найперш сваімі дзіўнымі манастырамі, стракатымі храмамі ды яшчэ рэчкамі – Акой, Орлікам, Журавінкай і на ўскрайку Сухой Арліцай. Тут нашмат лягчэй было “згубіцца” ў гарадскіх кварталах ды скверах.

А якраз пару месяцаў таму, у чэрвені здаецца, Арлу надалі званне “Літаратурнай сталіцы Расіі”. Падвысілі статус, каб турыстаў сюды болей завабіць. А з іншага боку, у горадзе шмат сапраўды літаратурных месцаў: у Арле нарадзіліся Іван Тургенеў і Леанід Андрэеў, пэўны час жылі Сяргей Ляскоў, Іван Бунін і шмат яшчэ іхніх літаратараў. А ўся Арлоўшчына – радзіма Фета, Пісарава, Цютчава, Прышвіна, Новікава. Мясціны гэтыя звязаныя таксама з жыццём Пушкіна, Ясеніна і Талстога, які Леў. Толькі што мне, нелегалу, было з таго? Бачыў некалькі помнікаў і літаратурных музеяў, вось і ўсё.

Першыя дні ў Арле прайшлі-праплылі нібыта ў ружовым тумане. Але хваля безвыходнасці напаткала мяне і тут. Ну так, я шмат разважаў перад тым, як пакінуць радзіму, і шлях сюды быў вельмі складаны. Пры затрыманні ў мяне забралі ўсе: тэхніку, дакумэнты, карткі, пашпарт. Я выдаліў усе свае акаунты і электронную скрыню. Цяпер, падаецца, у бяспечным месцы, і, падавалася — вось усё, я шчаслівы. Аднак уся гэтая канструкцыя развалілася ў адначассе: дні пабраліся нервовымі зрывамі. Часам хацелася проста напіцца.

Тут многія з уцекачоў псіхавалі. Узгадваю расповед аднаго з нашых, які таксама, не маючы пашпарту, перасоўваўся па абшарах “нямытай Расіі”. Неяк яму давялося каля тысячы кіламетраў па гарачыні праехаць у фуры, загружанай скрынкамі з апельсінамі. Ведаеце пэўна, што цытрусавыя  выпрацоўваюць эфірныя рэчывы розныя. У малых колькасцях яны нават карысныя, але ў закрытай фуры, дзе апельсінаў дзесятак тон, гэта ледзь не прывяло да страты прытомнасці…

З дзённіка Міколы Салавейчыка:

“Незразумелы сон сасніў сёння: нібыта мне дазволілі спатканне з Бяляцкім. Мяне вядуць да яго ў камеруТам, акрамя Алеся, нікогатолькі мы. Паселі на нары, я дастаў нейкіх пакункаў з ежай, соку. А Алесь кажа: “Навошта гэта тут? Зараз гарбаткі заварым”. Сядзім сабе, нешта ўспамінаем, смяемся

Ранкам думаю: “Да чаго гэта ўсё? Ці ён на волю, ці я да яго?”

Далей быў Курск. Манастыроў і храмаў тут дзесяткі, нават касцёл аднойчы патрапіўся на вочы. І рэчак розных, невялікіх і брудных, тут некалькі: Кур, Моква, Тускар, Крывец. Ну і калі ад’ехаць далей ад цэнтру – то Сейм. Адзіная рэчка, упадабаная мной у блуканнях па расійскіх абшарах, нават верш пра яе неяк напісаўся:

Сяджу ў Сейме,

увесь непрыступны і важны,

цешуся плынню ракі,

жыццём, якое плюхае блізка.

А спёка апоўдні невыносная проста, ажна –

галоў мой гарыць

і ў вачах каляровыя пырскі.

Сяджу-засядаю,

замкі з пяску праектую,

адзінагалосна ў Сейме

прымаю дэкрэты…

Ды раптам хваля ліхая

замкі мае зруйнуе,

Ізноў неакрэслена ўсё,

І, можа, не варта болей аб гэтым…

У Курску адчуў, што патроху абмаскальваюся – смялей перасоўваюся па горадзе, намагаюся пры кароткіх размовах з абарыгенамі не гэкаць, станаўлюся вульгарным і цынічным. Тут гэта выглядае неяк натуральна, як і канфлікты на пустым месцы, як і частыя бойкі на вуліцы невядома з якой нагоды. А яшчэ суцэльная вульгарная лаянка на фоне шматлікіх залатых цыбулінак храмаў. Жыццё амаль па Дастаеўскаму: «Усё, што рускія ўзялі ад праваслаўя – перахрысціцца перад тым, як засячы цябе сякерай”

Ну а як інакш, калі толькі адыйдзеш ад цэнтру, як паўсюль разруха, смецце і бухія куране спрэс валяюцца на лавах і побач з імі, у брудзе. Іх нават “Росгвардыя” не падбірае.

Можа я і перабольшваю з такой ацэнкай, таму што ў гэтым горадзе хаваўся ў прамысловай зоне, у нейкіх падпольных начлегах. Дзе мне было шпацыраваць па праспектах, абнасіўшыся амаль да рыззя, у падраных кедах. Больш лазіў прыгараднымі сцежкамі, засмечанымі аж да агіднасці.

Ды толькі лёс і тут быў літасцівы да мяне – нядоўга я кантаваўся ў гэтым горадзе вайсковай славы. Трывожны шлях мой віўся далей, у іншыя месцы і краіны… да волі.

Хаця, як кажуць часам людзі, “ягадкі былі наперадзе”.

Частка трэцяя «Чорны плед»