Восень. Час прыгожы і паэтычны. Для беларусаў жа гэты час напрыканцы кастрычніка поўніцца сумам і горыччу. З 29-га на 30-е мы ўзгадваем жудасную ноч 1937-га, у якую больш за сто беларускіх літаратараў і іншых прадстаўнікоў беларускай інтэлектуальнай эліты былі расстраляныя ў менскай “амерыканцы”.
Сённяшнія масштабныя рэпрэсіі — бы рэха тых жудасных часоў. Творцы слова ў Беларусі — пад пераследам і за кратамі, шмат хто ў рэжыме інкамунікада. Пазбаўленне магчымасці чытаць і пісаць — адно з найгоршых катаванняў для чалавека, які мае што сказаць.
Да сустрэчы чытацкага клубу напрыканцы кастрычніка прапануем дзве кнігі вершаў.
Зборнік «Нерасстраляныя». Унікальнае выданне, у якое ўвайшлі 18 гісторыяў жыцця рэпрэсаваных беларускіх літаратараў, іх абраныя творы і архіўныя фотаздымкі. Іх перапынілі на паўслове. Лёс іх абарваўся трагічна. Аднак кніга — не пра ахвяр. Яны заспелі гістарычныя змены, сталі сведкамі з’яўлення новай краіны. І менавіта ім выпаў лёс фарміраваць яе культурнае аблічча.
Зборнік “DOM. Паэзія выгнання” нашага сучасніка, праваабаронцы “Вясны” Сяржука Сыса. У кнізе — эсэ пра пачуцці і думкі паэта падчас уварвання Расеі ва Украіну, куды ён з-за пераследу на радзіме трапіў у 2021, пра яго падарожжа да Вільні, вершы, напісаныя ў 2021-23 па ўсёй геаграфічнай лініі доўгага і складанага шляху — Менск, Смаленск, Бранск, Арол, Курск, Кіеў, Чарнігаў, Моршын, Варшава, і ўласна “Віленскі цыкл” вершаў.
У бліжэйшымі тыднямі будзем знаёміць вас з асобнымі вершамі з абодвух зборнікаў, далучайцеся! І безумоўна, абедзве друкаваныя кнігі даступныя ў чытальнай залі бібліятэкі, завітвайце!
А 25 кастрычніка сустрэнемся ў «Чытальні» і пагутарым пра творы рэпрэсаваных ў мінулым стагоддзі і паэзію выгнання ў стагоддзі сённяшнім разам з Сяржук Сыс.
Пятніца 25 кастрычніка
18:30
Vilniaus gatve 20