Гутарка Евы Бардзілоўскай з паэтам і праваабаронцам Сяржуком Сысом пра ягоную новую кнігу і падзеі, якія перажыў аўтар пад час яе напісання.
– Размаўляем пра кнігу вершаў “DOM”, якую Сяржук выдаў у выдавецтве “Скарына”. Назву кнігі аўтар піша лацінкай. Чаму так?
– Не думаў, што гэтае пытанне будзе шмат каго хваляваць, але нават выдаўцы запытваліся, ці не памыліўся я раптам? Патлумачу. У гэту назву я хацеў укласці азначэнне дома не як матэрыяльнага даху над галавой, а нешта больш шырокае, бо калі глянуць еўрапейскія слоўнікі, то бачна, што слова мае розныя значэнні: у сербаў – адно, у партугальцаў іншае, у нарвежскай ці нямецкай таксама іншае. З партугальскай, напрыклад – гэта падарунак лёсу, а з нямецкай калі – то гэта храм. Ну не мог я назваць гэтую кнігу “домам”, бо зараз сітуацыя такая, што і дома ўласна кажучы няма, а домам становяцца зусім іншыя рэчы.
– У анатацыі напісана, што кніга “DOM” — гэта “экзістэнцыйны паэтычны экскурс у няпростыя часы, якія закранулі Беларусь пасля 2020 года, тонкія псіхалагічныя экспрэсіі аўтара пра ўцёкі з радзімы праз пяць краін, пачатак расійскай агрэсіі ва Украіне, спроба асэнсавання рэчаіснасці ды пошукі новага месца ў жыцці». А пачынаецца кніга з эсэ-прадмовы, дзе храналагічна апісваецца момант уцёкаў з Украіны. Вы там ўзгадваеце пра чорны плед, які вам падаравалі пад час пераходу мяжы з Польшай… Але чаму такі пачатак. Спачатку ж вы ўцяклі з Беларусі, а потым ужо была Украіна.
– Калі я з Беларусі нейкім шляхам трапіў у Расію, тады мне падавалася, што гэта такі час, калі я перажываю найстрашнейшыя, поўныя рызыкі дні і месяцы свайго жыцця. Потым была Україна, дзе побыт неяк нармалізаваўся, падавалася, што тут больш спакойна і бяспечна. Але самае страшнае было яшчэ наперадзе – гэта была вайна, раесйскае ўварванне, што я ўспрыняў вельмі эмацыйна і балюча. Я вымушаны быў зноў бегчы, на гэты раз з Украіны і гэтыя вось перажыванні на маю думку і павінны былі пакласці пачатак новай кнізе. Каб чытач мог асэнсаваць, што аўтар перажываў гэтыя балючыя моманты, выстаяў, перамог свае жахі і дэпрэсіі, цяжкія і паганыя прыгоды.
– Калі глядзець кнігу, то яна складаецца з трох частак. Першая – гэта “Выгнаннік”, цыкл вершаў напісаны ў Расіі, Украіне, яшчэ перад вайной. Нават ёсць вось верш “За дзень да вайны”, напрыклад. Другая частка – “Віленскі цыкл”, калі ўжо пасля гэтых пабегаў дабраліся да Вільні. І трэцяя частка – “Узнясенне”. Гэта якраз вершы з ранейшай кнігі, рукапіс якой быў разам з тэхнікай канфіскаваны ў 2021 годзе беларускімі сілавікамі. Гэта вершы 2015, 2016 і нават 2020 года. Чаму адбылося менавіта такое дзяленне кнігі. Ці былі іншыя думкі і падыходы наконт гэтых разделаў?
– Мне падаецца даволі лагічным, што ў кнізе такі падзел. Першая частка адлюстроўвае самы складаны перыяж жыцця і творчасці: не было сталага месца жыхарства, не было дакументаў, былі краіны і падпольныя хаты, “флэты”, пераезды без пашпарту па розных краінах.
Усе гэтыя эмоцыі, які я перажыў трансфармаваліся ў паэтычныя радкі і былі пакладзеныя ў аснову вершаў. І яны часам крыху песімістычныя і зусім іншыя, чым, скажам, у Вільні. Вільня сталася нейкай такой паўзай паміж дарогамі, перажываннямі. Тут, хаця і ілюзорны, але з’явіўся нейкі супакой, кропка на маім шляху, магчыма, што таксама часовая. Таму і танальнасць, і тэматыка вершаў зусім іншая. У “Віленскім цыкле” з’яўляюцца ноткі, я не сказаў бы што такія ж грамадзянскія, якія заўважныя ў першай частцы, з’яўляюцца лірычныя матывы, тэмы кахання, асэнсаванне новай, больш спакойнай рэчаіснасці.
Ну і мне падавалася, што мусіла быць і трэцяя частка. Я не хацеў, каб тое, што пісалася раней, тое, што было перажыта, было страчана канчаткова разам з кнігай “Узнясенне”. Вельмі доўгі перыяд быў у мяне паміж папярэдняй кнігай “Павук” і кнігай “DOM”. Але гэта не сведчыць, што паэт не працаваў гэты час. Кніга “Узнясенне” была гатовая ў 2020 годзе і вяліся перамовы аб яе выданні. Але ўсе магчымыя электронныя носьбіты былі канфіскаваныя і мне не заставалася нічога іншага, як вышукваць недзе ў інтэрнэце, у сацыяльных сетках, па сябрах, асобныя творы таго перыяду. Мне было б шкада, каб тыя паўтары дзесяткі знойдзеных вершаў былі страчаныя назаўсёды. Гэта ж частка не толькі майго жыцця, але і жыцця Беларусі, таму што ў кожным вершы знаходзяцца вобразы і згадкі аб тым, што перажывалі беларусы ў тыя часы, чым яны жылі. Дарэчы, там змешчаныя вершы, якія прысвечаныя маім сябрам і знаёмым, скажам паэту Сяргею Верацілу, паэту Ярылу Пшанічнаму, Алесю Бяляцкаму, іншым людзям.
– Узгадалі Алеся Бяляцкага. Гэта Ваш калега па праваабарончаму цэнтру “Вясна”, сябар. Вы яму прысвяцілі некалькі вершаў. Напрыклад вось: “У кожнага свая турма”. Там ёсць вельмі экзістэнцыйныя словы і вы наўпрост не кажаце, што гэта за турма, але можаце тут зараз патлумачыць гэтае “ў кожнага свая турма”?
– Насамрэч, усе мы ў нейкай ступені зараз знаходзімся ў турме і яна можа быць не толькі фізічнай, з кратамі, мурамі, высокімі сценамі, надзіральнікамі. Турма ёсць той стан, калі ты не маеш магчымасцяў на многія рэчы, не можаш быць дома, маеш абмежаванні, знаходзячыся ў эміграцыі, не можаш быць у спакоі. Некаторыя з тых, хто пакінуў краіну і жыве ў выгнанні, кажуць: “Трэба жыць сёння і жыць паўнакроўным жыццём”. Прабачце, я так не магу. Колькі не пераборваў сябе, але ў мяне застаецца пачуццё віны, што я на волі, а многія ў турме. Я сам сябе абмяжоўваю ў многім. І гэтыя вось думкі сталіся асновай для верша, прысвечанага Алесю Бяляцкаму.
– Хачу звярнуць увагу на яшчэ адзін верш, які напісаны 13 снежня 2021 года ў Чарнігаве, то бок перад вайной. Там ёсць такія радкі:
Я, па-праўдзе, баюся вайны,
быць забітым расейскай куляй,
без радзіны, сяброў і труны,
без апошняга слова матулі.
Ужо тады адчувалася набліжэнне вайны? Можаце ўзгадаць тыя часы?
– Часам пішуць, што паэты нярэдка з’яўляюцца прарокамі. Я заўсёды скептычна ставіўся да такой думкі. Ну а наконт радкоў… Так, пачынаючы ад снежня 2021 года было адчуванне трывогі і неспакою, блізкай небяспекі. Знаёмыя чарнігаўцы не верылі ў гэта, казалі ўсё будзе добра, да горшага не дойдзе. Нейкіх канкрэтных фактаў, якія б сведчылі пра набліжэння катастрофы, тады не было, яны з’явіліся можа напачатку лютага. Але вось жа мроілася мне ўсё гэта. І як тут я буду – далёка ад дому, чужы. Ну зразумела, не хацелася на чужой старане быць забітым расійскай куляй. Уяўлялася больш пачэсным загінуць, абараняючы сваю Беларусь.
Ужо ў студзені бачыў, як у бок беларускай мяжы па начах ехалі тэнтаваныя цягачы, якія перавозілі цяжкую тэхніку. Разумеў, што ўсё гэта нездарма.
Ну а самае дзіўнае тут, што 23 лютага, раптам, без дай прычыны, напісаўся верш пра вайну. Так і назваў яго: “За дзень да вайны”. Дагэтуль не разумею, чаму так сталася. Хаця прадчуванне вайны было тады моцнае. Вось такі прыклад. На той час я знаходзіўся ў Моршыне. Аднойчы, праз чыгуначную станцыю, грукатаў на рэйках таварняк. І раптам пачуў, як малое дзяўчо, можа 3-4 гады, моцна закрычала “Тато, війна!”.
Усе гэтыя жахі ўжо луналі ў паветры. І нейкім чынам увасобіліся ў вершы. І то была ўжо не сфера розуму, а нейкай інтуіцыі. Прычым пісаўся ён на адным дыханні, адразу. І больш нічога ў ім я не выпраўляў, як часам у паэтаў здараецца. Такое вось прарочае, відаць у мяне з’явілася ўпершыню.
– Ну і пра “Віленскі цыкл”. Тут заўважаецца розная ступень прымірэння ў горадам. Вось Вы пішаеце:
Але няма сугучнасці між намі –
Мне Україна ў безліч раз мілей…
Далей таксама ў іншым вершы: “Недзе ў краі нялюбым і месцы дакладна чужым..” Затым з’яўляецца верш “Прымірэнне”. Ці надыйшло тое прымірэнне?
– Вельмі складанае пытанне. Хаця многія беларусы лічаць Літву і Вільню лепшым краем, называючы “Меккай для беларусаў”, улічваючы і агульную нашу гісторыю. Мне гэтае прымірэнне-прыручэнне даецца вельмі цяжна. Прасцей жылося ў Польшы, ды нават у Германіі, хаця гэта ўжо зусім іншая краіна. Можа таму, што там не было чаго дзяліць мне. А з Вільняй застаецца нейкая ўнутраная барацьба, супярэчлівасць, што і адлюстроўваецца ў творчасці. Ну вось не магу да канца прывыкнуць да яе, хаця шукаю тут спагады нейкай. Не магу сказаць адназначна, што гэты край – мой другі дом. Я мог так сказаць пра Украіну, пра Чарнігаў. Можа справа ў тым, што радзіма мая – Рэчыцкі раён і праз раку наўпрасткі Україна амаль побач. І людзі аднолькавыя і іх менталітэт. І краявіды тыя самыя, і архітэктура. Там я адчуваў сябе сваім.
А да Вільні, вось ужо шмат часу стаўлюся насцярожана. Розумам успрымаю, а душой пакуль яшчэ не магу.