«Беларусь дэмакратызуецца пасьля перамогі Ўкраіны і паразы хворага расейскага мядзьведзя»

Сяржук Сыс у Чарнігаве. Снежань, 2021 г.

Нашым госьцем сёньня паэт і праваабаронца Сяржук Сыс. Аўтар кніг вершаў «Стрэмка» (2011) і «Павук» (2014), сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і праваабарончага цэнтру «Вясна», афіцыйна зьліквідаваных уладамі. Празь перасьлед быў змушаны пакінуць Беларусь.

Мы гаворым зь Сержуком Сысам пра ўцякацкі шлях, вайну ва Ўкраіне і пляны на вяртаньне дадому.

— Для пачатку давайце ўдакладнім, калі і чаму вы зьехалі з Беларусі?

— Недзе ў траўні 2020 году прыйшло разуменьне, што чарговая выбарчая кампанія ў Беларусі ня будзе моцна адрозьнівацца ад таго, што мы, праваабаронцы, ды і ўсё грамадзтва, перажылі ў 2010 годзе. Справа была толькі ў часе. 14 ліпеня ў 6 гадзін 20 хвілін у маю кватэру ўламіліся.

Што я думаў тады? Неяк наіўна спачатку: «Ну чаму я? Чаму менавіта сёньня?»

Толькі пасьля першага допыту, стомлены і ўсхваляваны, скарыстаўся магчымасьцю і ціха спытаў у сьледчага: «А каго яшчэ ўзялі?» У адказ пачуў — усіх. Неяк гэта супакоіла.

Так пачалася новая хваля зьнішчэньня грамадзкай супольнасьці, якая вельмі балюча ўдарыла і па «Вясьне» (а яна, дарэчы, рыхтавалася да такога разьвіцьця падзеяў), і па мне асабіста.

Калі мяне на трэці дзень адпусьцілі пад падпіску аб нявыезьдзе, хапіла адной бяссоннай ночы, каб зразумець, што тут жыцьця болей ня будзе.

Я ўзважваў на шалях свайго абвостранага сумленьня шмат балючых пытаньняў: ці магу я адважыцца «на рывок» у сваім салідным узросьце, як мне жыць далей без дакумэнтаў, без рахункаў і банкаўскіх картак, безь сяброў, сям’і і сваёй Лысай гары. Улічваў таксама пазыцыю шматлікіх апанэнтаў, якія скажуць, маўляў, «здраднік, зьбег у цяжкі час з радзімы».

Ды нікога я ня кідаў. І спадзяюся вярнуцца. У мяне засталася сям’я — жонка і дачка, якія ня маюць сродкаў для існаваньня. У мяне ёсьць справа — абарона правоў чалавека ў маёй краіне, якую я працягваю рабіць. І ў гэтым ёсьць вялікі сэнс. Я не зрабіў бы болей у турме.

Далей была доўгая — больш за месяц — і небясьпечная дарога да Ўкраіны.

Празь некаторы час я атабарыўся ў Чарнігаве, каб бліжэй да дому. Ды і нарадзіўся я побач, у Рэчыцкім раёне, а яшчэ больш за дваццаць гадоў пражыў у Гомлі.

— Дзе вас засьпела вестка пра вайсковы напад Расеі на Ўкраіну? Якая была ваша першая рэакцыя на гэтую навіну? Калі можна, апішыце коратка ваш дзень 24 лютага.

— У сьнежні мінулага году зьявілася неадольнае адчуваньне хуткай бяды. А на пачатку лютага, калі за вакном па начах пачалі раўці магутныя трэйлеры, якія нешта вялікае, затэнтованае, перавозілі ў бок беларускай мяжы, зразумеў: вайна будзе і яна ўжо блізка.

14 лютага, амаль не зьбіраючыся, з адным заплечнікам, я паехаў на захад, у Моршын. Там купіў пуцёўку ў санаторый на дзесяць дзён. Прыкарпацкія краявіды крыху супакоілі мае бурныя фантазіі. І тут 23 лютага бяз дай прычыны напісаўся верш: калючыя радкі пра пажары, калёны ўцекачоў, выбухі. Ня ведаю чаму, але паддаўся ў каторы раз сваім пачуцьцям і працягнуў пуцёўку яшчэ на 5 дзён. Патэлефанаваў жонцы, падзяліўся зь ёю сваімі прадчуваньнямі хуткай вайны.

Назаўтра раніцай курыў на бальконе. І ўбачыў жахлівае: дзьве вялікія крылатыя ракеты, якія ляцелі вельмі нізка. Праз колькі хвілін пачуліся далёкія выбухі. Хапіла адной хвіліны інтэрнэту, каб усё зразумець.

Праз гадзіну санаторскія забегалі па паверхах, загрукаталі дзьверы, людзкі мурашнік завіраваў. Да абеду карпусы санаторыя прыкметна апусьцелі. Знаёмыя — і ня надта — пастаяльцы хутка пачалі разьяжджацца. Нэрваваўся і я: што рабіць, вяртацца ў Чарнігаў? Дык там ужо рваліся бомбы.

Сяржук Сыс на акцыі ў Вільні, 26 красавіка 2022

— Вы вырашылі ратавацца ад вайны. Калі, як і зь якімі пачуцьцямі вы пакінулі Ўкраіну?

— З Моршына я выехаў у Івана-Франкоўск да знаёмых, трэба было вырашыць некаторыя пытаньні і вызначыцца, што рабіць далей. Але ўсё было прадвызначана людзьмі і падзеямі.

Пакуль я чакаў іх у сквэрыку каля вакзала, да мяне падышлі ўзброеныя людзі з самаабароны гораду, прадставіліся, папрасілі паказаць дакумэнты. Ну а дзе іх узяць, апроч украінскай «посьвідкі». Выклікалі паліцыю. Тыя пад’ехалі даволі хутка: ну а як жа, а раптам дывэрсант.

Спачатку праверылі тэлефон, затым папрасілі распароліць ноўтбук, праглядзелі флэшку. Пагарталі кнігі з маімі вершамі. Я пагаджаўся на іх загады, не ў маіх інтарэсах было тут хітраваць.

«Дык ты супраць Лукашэнкі выступаў? — выказаўся старшы афіцэр, праглядзеўшы фотаархіў. — Ну але ўсё роўна трэба будзе праехаць з намі ва ўчастак, спраўдзіць асобу і дакумэнт».

Раптам ён зьвярнуў увагу на нейкі файл у ноўтбуку.

«А што гэта ў вас, Васіль Стус па-беларуску? Дзе ўзялі такое?»

«Гэта пераклады вершаў з украінскай мовы маёй жонкі, Галіны Дубянецкай».

«Ну тады, спадару Сэргію, у нас няма больш да вас пытаньняў. Усяго добрага!»

Перакласьці дысыдэнцкую паэзію савецкага палітвязьня Васіля Стуса прасіў Галю праваабаронца і літаратар, палітвязень Алесь Бяляцкі, які ўжо дзесяць месяцаў за кратамі. Так сталася, што і Васіль Стус, і Алесь, і Галіна, уратавалі мяне ад яшчэ большых непрыемнасьцяў.

Празь дзень я быў на мяжы, да якой дабіраўся 17 кілямэтраў пешшу. Уся ўзбочына была заваленая пакінутымі валізкамі, торбамі, рэчамі. Уцекачы, стомленыя доўгім шляхам, кідалі сваё майно ўзбоч дарогі, абы толькі дайсьці да мяжы. Не магу дагэтуль забыць бясконцы і манатонны пошчак колаў на валізках, які суправаджаў нас увесь гэты доўгі шлях.

«Штурм» памежнага пераходу доўжыўся два з паловай дні. Бяз сну, прыбіральні, вады і цяпла. Некалькі тысяч людзей стаялі шчыльнай сьцяною. У асноўным афрыканцы, індусы, арабы, якія час ад часу ўсчыналі бойкі, кідаліся з коўдрамі на калючку і, акрываўленыя, пераскоквалі на той бок плоту. Абы хутчэй. Бачыў некалькіх памерлых мужчын, прыкрытых дзяругамі. Целы доўга не забіралі, бо прабіцца праз натоўп мэдыкам было практычна немагчыма.

Я баяўся другой ночы на мяжы, ня ведаў, ці выжыву, таму што ў першую ноч мне было вельмі холадна: не было цёплага адзеньня, толькі спартовыя тонкія нагавіцы і лёгкая куртка.

Памежнікі ў першую чаргу прапускалі жанчын зь дзецьмі. Пад канец другога дня назьбіраліся дзясяткі два хлопцаў-беларусаў, сярод якіх большасьць маіх даўніх знаёмых. Трымаліся сваёй купкай, разам. Зрабілі некалькі імправізаваных КПП, каб не прапускаць без чаргі ашалелую лявіну ўцекачоў. Далучылі да нашага штабу лібанца і аўтарытэтнага афрыканца, якія дапамагалі тлумачыць парадак іншаземным здаровым дзецюкам. Тут было не да паэзіі, трэба было валянтэрыць. Аднак убачанае так і засталося ў вачах дагэтуль, і ня ведаю, ці забудуцца тыя жахі з часам.

На дзіва, мяне прапусьцілі ў Польшчу бяз пашпарта. Там чакалі валянтэры на аўтамабілях і прапаноўвалі адвезьці ў любы польскі горад. Выбраў невядома чаму Кракаў. Удзячны мясцовым беларусам, якія забралі мяне, бруднага, галоднага і зьнясіленага з вакзалу. За тры дні беларуска Люба «прывяла мяне ў форму». Як забыць гэта?

— Ці занатоўвалі вы ўбачанае, пачутае, адчутае на шляху ўцекача ад вайны? Чаго ў гэтых нататках больш: фактаў і сьведчаньняў чалавечых трагедый ці эмоцыяў?

— Празь некалькі сумбурных кракаўскіх дзён, выпадкова ці не, паступіла прапанова зь Міжнароднага цэнтру дасьледаваньня мастацтваў у Нямеччыне спыніцца ў іх на некаторы час, перадыхнуць, адпачыць ад стрэсу. Я пагадзіўся, бо некалі вывучаў нямецкую мову. Нехта набыў і прыслаў квіток на цягнік. Так я дабраўся да Шчэціна, дзе мяне чакалі нямецкія сябры Магдалена і Фалька. Як жа я зьдзівіўся, калі даведаўся, што Магдалена ведае крыху беларускую мову, сьпявае нашы песьні. Усяму гэтаму яе навучыла Арына Вячорка, зь якой яны некалькі разоў сустракаліся ў ранейшыя гады.

У Броліне мяне чакаў старадаўні замак пасярод палёў, ветракоў і лясоў. Пасялілі ў невялічкай, але ўтульнай кельлі, пазнаёмілі зь людзьмі, якія там працуюць.

Так прайшоў месяц. Быў час задумацца: што чакае мяне далей: без дакумэнтаў, без аніякага статусу, без банкаўскага рахунку. І нават тут, у цішы і спакоі, было трывожна і самотна. Моцна дапамагала, ратавала ад канчатковага зрыву праца — праваабарончая журналістыка. Зьявіўся ў душы новы стан, які я называю пазытыўнай злосьцю. Як бы ні было невыносна ад падзеяў дома, у Беларусі, ва Ўкраіне, трэба ўсё адно працаваць. Ратавала таксама творчасьць. Думаю, каб не было са мной паэзіі, каб убачанае і перажытае не ператваралася ў словы — звар’яцеў бы даўно. Да гэткага эмацыйнага стану было ўжо даволі блізка.

Сяржук Сыс на антываеннай акцыі ў Кіеве

— Вы цяпер не ў Беларусі. Як асэнсоўваеце апошнія падзеі ў сваім асабістым лёсе двойчы выгнанца?

— Яно ж як? Калі цябе пазбавілі дому і туды трапіць немагчыма, ты як той пакінуты без дагляду човен безь вясла, плывеш і плывеш ракою ўдалеч. І ты ня можаш прыбіцца да якой прыстані, каб адпачыць і адчуць пад нагамі трывалы бераг. Табе няма дзе прычаліць, няма дзе спыніцца. Застаецца толькі плыць, плыць і плыць, выбіраючы новыя і новыя кірункі.

Цяпер я ў Вільні, разам зь сябрамі і аднадумцамі. Няпроста і тут. Перажытае не прайшло бясьсьледна, і яшчэ ня хутка загояцца псыхічныя раны. Па-ранейшаму сям’я не са мной, па-ранейшаму думаю пра заўтрашні дзень і пакуль яшчэ свой неакрэсьлены статус.

— Як бачыцца вам цяпер ваша асабістая будучыня і будучыня тысяч беларусаў, якіх спасьціг падобны жыцьцёвы кон?

— Назіраю, як паўсюль, куды трапляў, нараджаецца сучасная беларуская дыяспара: са сваімі хваробамі, недаверам адзін да аднаго, сваркамі. Але нараджаецца і пакрысе становіцца прыкметнай зьявай.

Таксама прыйшло разуменьне тых, хто быў вымушаны пакінуць Беларусь раней. Я нібыта сам цяпер адчуваю іх боль і самоту па роднай зямлі. І боль гэты невылечны. Можа, таму, калі маю хоць маленькую магчымасьць дапамагчы некаму, раблю гэта з задавальненьнем. Ну і па-ранейшаму будую свае чароўныя замкі на пяску. І веру, што мы вернемся, са сваім новым досьведам і новымі ведамі дадому. І гэта будзе наш унёсак у пабудову іншай, сучаснай і сьмелай Беларусі.

— Па-вашаму, што раней скончыцца: вайна ва Ўкраіне ці рэпрэсіі ў Беларусі?

— Нават калі Лукашэнка нейкім чынам хутка пакіне пасаду, нас чакае доўгі шлях да павагі дзяржавай правоў чалавека, да глыбокіх дэмакратычных зьменаў. А гэта, на маю думку, дзесяцігодзьдзе часу. Калі гэта здарыцца? Думаю, пасьля перамогі Ўкраіны і паразы хворага расейскага мядзьведзя.

Сяржук Сыс. Вершы ваеннай ўцякацкай вясны

За дзень да вайны

Па трасэрах рваных
пульсуючых ліній
белых, чырвоных і сініх…
вяртаецца час наш
у павуціньні
вулак і грукату ботаў каваных
па брукаванцы, па крыку,
па згубленых фотках каханых…
Бачыш, за небам халодныя дрэвы —
нашыя цені, напаўжывыя?
Просяцца ў бітву, а ты?
Кажаш пра жоўтыя тэпці,
якія дакладна згараць у агні,
як і я, як і ты і яны…
Белыя лініі, сінія лініі,
срэбра на дрэвах…
куля ў грудзях
жах…

Моршын, 23 лютага 2022 г.

Чорны сьнег

Чорны дзень прынясе чорны сьнег,
каўтунамі сплятаючы нэрвы…
Мне б квіточак на Ноеў каўчэг,
хоць у грыўнях, ці ў злотых, ці ў эўра!

Ды куды ты ўцячэш ад вайны —
яна ў сэрцы, у пальцаў трымценьні…
Штоноч бачыш крывавыя сны,
а на раніцу — мёртвыя цені.

А да раніцы — стос цыгарэт
Адлятае задушлівым дымам
у нябёсы, дзе шлейфы ракет
ад Чарнігава ажно да Крыма.

Не, ня будзе квітка ў нікуды,
аж да часу маскальскай паразы.
І мае застануцца сьляды
з Украінаю-ненькаю разам.

Кракаў, люты, 2022 г.

* * *

Усё было ўжо…
раньні сакавік
і крокусаў адчайнае паўстаньне,
у небе шэрым зноў гусіны крык
у Памераніі пад раньне…
Усё было ўжо…
Акрамя віны
за тое, што цяпер не ва Ўкраіне
усё было тут
акрамя вайны
таму і кроў згарнулася
і стыне…

Schloss Bröllin, 4 сакавіка 2022 г.

*****

А дома — зямля чакае,
Мой сад, і дняпроўскія поймы,
А дома нябёсы палаюць,
І зор панасыпана плойма.

А тут штодня паміраеш…
За што і чаму — невядома.
Што брацьмець між пеклам і раем?
Дарогу — дадому.

Schloss Bröllin, 28 сакавіка 2022 г.

У кожнага свая турма…

Боязна нават падумаць, што недзе яшчэ ёсьць жыцьцё…
Там ні страху няма, ні трывогі няма, ані здрады,
а ў мяне — скамянелыя вочы, ды мулкага болю асьцё
коле спацелае цела, і мне аніяк ня даць яму рады.

Я шкадую? Ды не… адгарэлі зьнічы, адпалала даўно
на шматкі разарванага суччамі сэрца сьвячэньне…
Колькі мне ў гэты час не прысьнілася літасных сноў?
Колькі я ў гэты час не сустрэў сярод дрэў нават ценяў?

І яшчэ… камяні — уявіце — ня плачуць цяпер камяні…
І яшчэ… адчуваю, як важкім і чорным становіцца неба…
Як ты чуеш мяне, мой анёлак далёкі, хутчэй прыгарні
да халоднай душы, вось і ўсё. Больш нічога ня трэба.

Варшава, красавік 2022 г.

Радыё Свабода, 14 траўня 2022 года.