Вечарам 23 лютага, у знакамітым раней Моршыне, мяне агарнула невыносная трывога. Патэлефанаваў жонцы, падзяліўся з ёю сваімі прадчуваннямі хуткай вайны. Сказаў яшчэ і пра тое, што ў Чарнігаў пакуль вяртацца не буду.
Галя адказала, маўляў, як ты кінеш дом, усе рэчы, кнігі… Тады ж, адразу, у працяг тае размовы, напісаўся вершык:
Па трасерах рваных
пульсуючых ліній
белых, чырвоных і сініх…
вяртаецца час наш
у павуцінні
вулак і грукату ботаў каваных
па брукаванцы, па крыку,
па згубленых фотках каханых…
Бачыш, за небам халодныя дрэвы –
нашыя цені, напаўжывыя?
Просяцца ў бітву, а ты?
Кажаш пра жоўтыя тэпці
якія дакладна згараць у вагні
як і я, як і ты, як яны…
Белыя лініі, сінія лініі,
срэбра на дрэвах…
куля ў грудзях
жах…
Пад раніцу, ашалелы ад навінаў, выйшаў на балкон з цыгарэтай. Нізка над Моршынам імкліва і страшна нешта прасвісцела, адзін, другі раз. Я ўбачыў вялікія ракеты. І запомніў дакладны час – 6:40. Праз некалькі хвілінаў удалечыні гахнула. Пачалося!
Толькі ўдзень даведаўся, што ракеты ўпалі на аэрадром у Івана-Франкоўску.
Праз гадзіну санаторскія забегалі па паверхах, загрукаталі дзверы, людзкі мурашнік завірыў. Да абеду карпусы прыкметна апусцелі. Знаёмыя – і не надта – пастаяльцы хутка пачалі раз’яжджацца. Нерваваўся і я: што рабіць, вяртацца ў Чарнігаў? Дык там ужо рваліся бомбы.
Пайшоў на рэцэпцыю і працягнуў пуцёўку яшчэ на некалькі дзен. Думалася, Іван папалохае Украіну і адчэпіцца ад яе. Супраць расейскага ўварвання паўстане ўвесь свет, НАТА. Ды дзе там!
На другі дзень, у чацвер, я выехаў у Івана-Франкоўск да знаёмых, трэба было вырашыць некаторыя пытанні, вызначыцца, што рабіць далей.
Але ўсё было перадвызначана людзьмі і падзеямі.
Пакуль я чакаў сяброў у скверыку каля вакзала, там дзе паравозік, да мяне падыйшлі ўзброеныя людзі з самаабароны места, прадставіліся, папрасілі паказаць дакументы. Ну а дзе іх узяць, апроч украінскай посвідкі. Выклікалі паліцыю. Тыя пад’ехалі даволі хутка, ну а як жа, а раптам дыверсант.
Напачатку праверылі тэлефон, затым папрасілі распароліць ноўтбук, праглядзелі флэшку. Пагарталі кнігі з маімі вершамі. Я пагаджаўся на іх загады, не ў маіх інтарэсах было тут хітрыць.
“Дык ты супраць Лукашэнкі выступаў? Апазіцыя? – выказаўся старэйшы афіцэр, убачыўшы фоткі з акцый пратэсту – Ну але ўсё роўна трэба будзе праехаць з намі ў участак, спраўдзіць асобу і дакумент”.
Раптам ён звярнуў увагу на нейкі файл у ноўтбуку.
– А што гэта ў вас, Васіль Стус па-беларуску? Дзе ўзялі такое?
– Гэта пераклады вершаў з украінскай мовы маёй жонкі, Галіны Дубянецкай.
– Ну тады, спадар Сергію, у нас няма больш да вас пытанняў. Усяго добрага!
Перакласці дысідэнцкую паэзію савецкага палітвязня Васіля Стуса прасіў Галю праваабаронца і літаратар, палітвязень Алесь Бяляцкі, які ўжо восем месяцаў за кратамі. Дадам, што каля дваццаці вершаў былі апублікаваныя ў апошнім, лютаўскім, часопісе “Дзеяслоў”.
Так сталася, што і Васіль Стус, і Алесь, і Галіна, уратавалі мяне ад яшчэ большых непрыемнасцяў.
Што было далей – яшчэ наперадзе.