26 студзеня паэту, журналісту і праваабаронцу «Вясны» Сяргею Сысу споўнілася 60 год. Аднак свой юбілей ён адзначае не на Радзіме, бо празь перасьлед летась вымушана зьехаў зь Беларусі. У эміграцыі цяпер і іншыя «вясноўцы», аднак праваабарончая дзейнасьць працягваецца.
Пра цяперашнюю працу праваабарончага цэнтру «Вясна» ва ўмовах, калі частка сябраў арганізацыі ў турме, а частка за мяжой, Сяргей Сыс расказаў Свабодзе.
«Працуем яшчэ больш, таму што трэба»
«Яшчэ да пачатку масавых рэпрэсій у дачыненьні да грамадзкага сэктара і праваабаронцаў мы з прычыны эпідэміі ковіду вырашылі перайсьці на аўтаномны дыстанцыйны рэжым працы, у онлайн-фармаце. Таму нейкі досьвед мы ўжо мелі і да яго прызвычаіліся», — расказвае праваабаронца Сяргей Сыс.
Паводле яго слоў, у сярэдзіне лютага 2020 году, калі адбылася хваля ператрусаў у праваабаронцаў і іх першыя затрыманьні, «вясноўцы» пачалі абдумваць далейшы фармат сваёй дзейнасьці.
«Мы зразумелі, што рэпрэсіі ня спыняцца, а толькі набіраюць абароты. Урэшце прыйшоў такі „дзявяты вал“, калі пад татальную раздачу трапіла ня толькі „Вясна“, але цалкам увесь грамадзкі сэктар. Маю на ўвазе падзеі ў ліпені 2021 году, калі ўсё наша кіраўніцтва вывелі са строю — затрымалі Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча, Уладзя Лабковіча, некалькі чалавек вымушана сталі выгнаньнікамі…», — успамінае Сяргей Сыс, падкрэсьліваючы, што слова «ўцякач» ён не ўжывае адмыслова:
«Яно мае нейкі нэгатыўны сэнс, — удакладняе праваабаронца. — А выгнаньнікі — таму што ў нас быў толькі такі выбар: альбо сесьці, альбо зьехаць зь Беларусі, бо мы застаёмся падазраванымі па крымінальнай справе».
Пры гэтым Сяргей Сыс зазначае, што ў новых умовах працы «вясноўцы» ня страцілі ніводнага кірунку сваёй дзейнасьці:
«Працуем яшчэ больш, таму што трэба, бо хто акрамя нас?» — кажа суразмоўца.
«Важна даваць інфармацыю пра тое, што адбываецца ў Беларусі, усяму сьвету»
Сяргей Сыс расказаў, што вялікай праблемай да гэтага моманту застаецца перасьлед усёй валянтэрскай каманды «Вясны».
«Яна была створана не за адзін год. І калі раней валянтэры займаліся такімі рэчамі, як арганізацыя навучаньняў, конкурсаў, рабілі каворкінгі, абмяркоўвалі падзеі, дзяліліся сваімі ўражаньнямі ад праваабарончай дзейнасьці, да якой яны далучаліся ў якасьці валянтэраў, то з часам уся гэтая дзейнасьць стала рызыкоўная. Назіраньне за працягам адкрытых судовых паседжаньняў мэтанакіравана пачало вынішчацца. Менавіта на валянтэраў зьвярталі ўвагу, іх затрымлівалі, некаторыя трапілі пад адміністрацыйны перасьлед, зь іх таксама бралі расьпіскі, што яны ніколі ня будуць супрацоўнічаць зь „Вясной“…»
Нягледзячы на складаныя і небясьпечныя ўмовы, Сяргей кажа, што валянтэры па-ранейшаму стараюцца выконваць сваю працу «на месцах».
«Мы вельмі шануем і беражом людзей, якія засталіся ў Беларусі і добраахвотна працягваюць сваю дзейнасьць. Паколькі цяпер для нас вельмі важна валодаць апэратыўнай і дакладнай інфармацыяй пра тое, што адбываецца ў судах — даведвацца, якія выносяцца тэрміны, і ўвогуле сачыць за тым, як крыва працуе правасудзьдзе».
Сяргей тлумачыць, што валянтэрская каманда «Вясны» сёньня ў нейкім сэнсе трансфармавалася:
«Валянтэрамі можна зараз таксама назваць сваякоў палітвязьняў альбо людзей, якія самі сталі ахвярамі палітычных рэпрэсій. Яшчэ адзін пласт — гэта тыя, хто ня зьехаў з краіны ў сілу нейкіх сваіх прычын — гэта, у тым ліку, старыя актывісты, сябры грамадзкіх рухаў, партый, якія ўжо, вядома, былі, бо сёньня ўсё гэта раструшчана. Дык вось гэтыя людзі дзеляцца з намі інфармацыяй, па старой загартаванай праверанай звычцы, бо ведаюць, што „Вясна“ горш ня зробіць».
Сыс падкрэсьлівае, што інфармацыя, якую дасылаюць, праваабаронцам вельмі патрэбная.
«Яна зьяўляецца ў нас на сайце і ў сацсетках, таксама публікуецца ў незалежных СМІ. І ў выніку даходзіць і да беларускай грамадзкасьці, і да міжнароднай супольнасьці. Важна ж даваць інфармацыю ня толькі беларусам пра тое, што робіцца ўнутры нашай краіны, але і ўсяму сьвету», — кажа Сяргей Сыс.
«Людзкі боль — гэта наш боль»
На пытаньне, як праваабаронцы захоўваюць сваё мэнтальнае здароўе, калі на працягу апошніх гадоў кожны дзень маюць дачыненьне зь дзясяткамі гісторый пра катаваньні, біцьцё, затрыманьні, арышты і ператрусы, Сыс адказвае:
«Мы ня сталі такімі цынікамі, якія як бы прызвычаіліся да такіх падзей і якім усё роўна, што робіцца. Людзкі боль — гэта наш боль. Стрэс, які раней нас закранаў і, як цяпер кажуць, выгараньне прафэсійнае прысутнічае практычна ва ўсіх, — кажа Сяргей Сыс. — У нас ёсьць шмат варыянтаў псыхалягічнай дапамогі кожнаму сябру „Вясны“. Дапамагаюць нам і проста бескарысьліва многія спэцыялісты, псыхолягі і псыхатэрапэўты».
«Я доўга пакідаў краіну, і мой шлях быў вельмі складаны»
Праваабаронца падкрэсьлівае, што чалавеку самому цяжка справіцца з гэтай масавай хваляй нэгатыву, якая абрынулася за апошні час, а нават практычна немагчыма.
«І ў мяне была такая сытуацыя безвыходнасьці. Я доўга пакідаў краіну, і мой шлях быў вельмі складаны. Пры затрыманьні ў мяне забралі ўсе дакумэнты, карткі, пашпарт, і я проста безь нічога пакідаў краіну. І калі трапіў у бясьпечнае месца, мне падавалася — вось усё, я шчасьлівы. Цяпер я ў бясьпецы, і ўсё будзе добра. Аднак усё гэта назьбіралася і пайшло такімі нэрвовымі зрывамі. І менавіта дзякуючы псыхолягам удалося з гэтым справіцца».
Таксама Сяргей Сыс расказаў пра свой досьвед барацьбы са штодзённым стрэсам, зьвязаным з напружанай працай.
«Сёньня праваабарончая дзейнасьць займае вельмі шмат часу, больш, чым у Беларусі. Гэта зьвязана і з камунікацыяй, і з тым, што цяжэй інфармацыю здабываць. Таму шукаю некія магчымасьці, каб адцягнуцца, — і вось хаджу ў качалку. Займаюся 3 разы на тыдзень, цягаю штангі, жалеза. Я нават ніколі ня думаў, што менавіта спорт можа зьмяніць думкі і нейкі лад жыцьця, і вось. Хаця б гэтыя паўтары гадзіны ў дзень дапамагаюць адпачыць і перамяніць нагрузкі. Потым прыходзіш з новымі сіламі, сядаеш за працу і робіш тое, што трэба на гэты час».
«Адчуваем, што павінны працаваць далей»
Сяргей кажа, што выпадкаў, каб хто за апошні час адышоў ад праваабарончай дзейнасьці з прычыны цяжкіх умоваў працы, ён ня ведае.
Па яго словах, сябрам «Вясны», якія адчулі, напрыклад, недахоп маральных ці фізычных сілаў у сваёй штодзённай працы, прапануюць зьмяніць напрамак дзейнасьці.
«Можна займацца сувязямі з палітвязьнямі, пісаньнем паштовак, наладжваньнем кантактаў, — больш нэўтральнай, так скажам, працай, якая ня б’е па псыхіцы. Мне здаецца, я нікога ня ведаю таго, хто б сказаў: „Больш не магу, сыходжу“. Думаю, што наадварот, праз увесь гэты перасьлед грамадзкага сэктару, праваабаронцаў і сябраў „Вясны“, мы адчуваем, што павінны працаваць далей, і ведаем, што наша праца вельмі патрэбная. І вось гэтая вера таксама надае моцы!»