Перш чым таемна пакінуць Беларусь пасля ператрусаў і затрымання 14 ліпеня, я ўзважваў на шалях свайго абвостранага сумлення шмат рэчаў: ці магу я вырашыцца “на рывок”, улічваючы свой жахлівы ўзрост, як мне жыць далей без дакументаў, без рахункаў і банкаўскіх картак. І ў прынцыпе без грошай.
Улічваў таксама пазіцыю шматлікіх апанентаў, маўляў, “здраднік, кінуў у цяжкі час Радзіму”.
Ды нікога я не кідаў. У мяне ёсць сям’я – жонка і дачка, якія не маюць сродкаў для існавання. У мяне ёсць праца, якую я працягваю рабіць. І ў гэтым ёсць пэўная карысць. Я не зрабіў бы болей на нарах.
Так, мяне грызе сумленнне, так, нервы ўжо ні да чога не прыдатныя, бо шмат перажыў за гэты час.
Пакуль шмат што застанецца, як кажуць, па-за кадрам.
Адзінае, што хацеў бы дадаць, у крытычныя часы са мной, незаўважна, але амаль побач, знаходзіліся валанцёры з Фонд солидарности BYSOL/Belarus solidarity foundation. Менавіта яны, а яшчэ калегі з “Вясны”, з іншых арганізацый, былі са мной у любы час сутак, давалі парады, падтрымлівалі словамі, і не толькі. Прадумвалі шлях майго выратавання.
І дзякуй Богу, што на выгнанскім шляху мне трапляліся вельмі добрыя людзі, для якіх мой лёс рабіўся іхнім. І нават вельмі добрыя каты-дактары.
Сёння я кажу ім вялікі дзякуй за працу, якая для многіх пакуль не на відавоччы, аднак, дае шанец выжыць і застацца чалавекам дзесяткам і сотням беларусаў.