Раскіну і я карты, ды, як тая хітравата прыжмураная, з папяроскай у роце, цыганка, усю праўду паведаю пра “Дзеяслоў”. Што было, што ёсць, што будзе.
Памятаю, быў нейкі страшэнны эмацыйны ўздым у час, калі ствараўся новы літаратурны праект. Тады я часта сустракаўся з ягоным рэдактарам Барысам Пятровічам і нам было хораша дзяліцца разважаннямі і рэфлексіямі наконт новаспечанага дзіцяткі. Ужо ў другім нумары часопіса з’явілася мая першая паэтычная падборка. Ад таго часу больш за паўсотні вершаў пачалі свой пераможны шлях да рэдкіх знаўцаў тонкай паэтычнай матэрыі.
А што яшчэ было? Вядома ж “дзеясловіца”, варыянт правапісу беларускай мовы, які з’яўляецца прамежкавым паміж наркамаўкай і тарашкевіцай. Зараз, з-за зменаў у заканадаўстве, яна як бы “па за законам”. Але сем год «дзеясловіцы» не былі марнымі…
Вось зараз я выпушчаю колцы цыгарэтнага дыму і прыгадваю самую памятную публікацыю “Дзеяслова”.
Быў Гомель, сустрэча з сябрамі і толькі што прывезены са сталіцы самы першы “Дзеяслоў”. А ў часопісе, адразу – бац! Можа хто памятае:
Бывай, Яблонская, бывай!
Прабегла восень па фальварку —
І графіка такая ў парку,
Хоць парк у раму забірай…
Так, гэта паэма Уладзімера Някляева “Паланэз”. Той “Паланэз”, і тая Яблонская, пра якую Зміцер Вайцюшкевіч так экспрэсіўна спявае.
Пасля другой бутэлькі віскі, прывезенага з Лондану, натхнёныя паэмай, мы замовілі таксоўку і паехалі ў Чарнігаў на паэтычны фестываль. У таксоўцы таксама налівалася ў кілішкі гарэлка і гучаў услых “Паланэз”. Чыталі паэму па чарзе ўвесь шлях. Ужо ва Ўкраіне мы даведаліся, што фестываль той будзе праз тыдзень, што я, пераблытаў даты і нам няма чаго там рабіць і няма куды падзецца, акамя як зайсці ў кавярню і працягнуць знаёмства з “Дзеясловам”. Фініш у гэтай гісторыі проста феерычны: новы дзень сустрэўся са мной амаль пад Кіевам, у вёсцы Пяскі, на радзіме Паўла Тычыны. Я маляўнічна быў раскіданы па пасохламу безгаловаму сланечніку, трымаючы пад пахай зашмальцаваны “Дзеяслоў”.
За гэтую адданасць часопісу быў узнагароджаны “дзеяслоўскай” прэміяй “Залаты апостраф”. Жартую, не за гэта..
Дык гэта ўсё было, а што ёсць? Непасрэдна ў маім творчым загашніку каля дваццаці публікацый ў часопісе: вершы, эсэ, крытыка, пераклады. Сустракаюцца таксама і рэфлексіі, прысвечаныя маёй творчасці. Карацей, увагай не не абдзелены. Гэтак жа як і мая любая паэтка-жоначка Галіна Дубянецкая. І скажу па сакрэту, што за выключэннем 11 нумара, захоўваю усе часопісы за 15 год. Мала хто столькі збярог, хіба што сам Пятровіч Барыс.
Чакайце, дадам яшчэ пра тое, што будзе, а гэта ўсяго толькі мае фантазіі, я ж не цыганка з папяроскай… Выразна бачу, што па выніках кожнага году “Дзяслоў” пачне выдаваць кнігу з лепшымі публікацыямі, і гэта станецца бэстселерам. А яшчэ – вакол часопіса і ўнутры яго тусуецца многа-многа таленавітай моладзі, з колцамі у носе, дзіравымі джынсамі і фарбаванымі патламі кос, гэтак бы мовіць “нізвяргацеляў непахісных літаратурных канонаў”.
А пры чым тут цыганка, падумае нехта. Ды ўвогуле ні пры чым.
“Дзеяслову” ж жыць ды жыць.
26.10. 2017 года.