Лугавая вуліца перарэзаная на дзве часткі цэнтральнай, Савецкай вуліцай. Нумарацыя дамоў чамусці пачынаецца з боку прыдняпроўскага луга, з-пад гары, як кажуць землякі. За апошнія дваццаць год заспенцы пазбавіліся кароў, якія там пасвіліся, і луг практычна ўвесь зарос хмызнякамі ды дурнымі травамі.
Пад гарой раней было весела, стаяла некалькі хат і калгасная лазня, каля якой кожную суботу (мужчынскі дзень) і нядзелю (жаночы) віравала жыццё. Вяскоўцы, добра папарыўшыся і прыняўшы “на грудзь” якога алкаголю, доўга не разыходзіліся: гучала бязладная гамонка і нават спевы.
А увесну аж да самай лазні дабіралася дняпроўская разліва, тут стаялі прыкутыя ланцугамі чаўны і маторкі, смачна пахла свежай рыбай.
Сёння тут спрэс запусценне. Толькі ў адной хаціне засталося жыццё. Два іншыя дамы ператварыліся ў руіны.
Пачатак вуліцы Лугавой. Зкскурсавод — дварняк Мухтар.
Парэшткі былой калгаснай лазні. Зараз тут жыве хворы воўк, якога кормяць людзі.
Новыя гаспадары і ў доме маёй аднакласніцы Вольгі. Усе вялізныя дрэвы спілаваныя.
Лепей выглядае вуліца, калі падымешся з лугу на гару. Праўда і тут амаль не засталося старажылаў: многія хаты павыкуплялі іншыя людзі, але бачна, што яны дагледжаныя.
Лугавая вуліца ўсцяж падзеленая вялікім, густа зарослым дрэвамі і кустоўем, ровам. Каб праз вуліцу дабрацца да суседа трэба ісці ў абход, бо не прадзярэшся праз хмыз, а раней людзі зрабілі некалькі масткоў, праз якія зручна было перабірацца. Дык то раней!
У маім дзяцінстве, увесну ровам неслася сапраўдная бурлівая рака, вада прарывалася з Вінчавага балота і пёрла да Дняпра разам з рыбамі. А цяпер у самай глыбіні ірва млява цячэ брудны раўчук, там корпаюцца качкі ды куры.
Каля многіх дамоў раней разбіваліся невялічкія паркі, якія зараз у запусценні. Там пад дрэвамі і зараз можна ўгледзець вясковыя счарнелыя лазні, якімі, відаць, сёння ніхто не карыстаецца.
Ну а гэта наш бацькоўскі дом.