Над Беларуссю бясхмарнае неба

Перадгісторыя верша. Амаль цалкам гэты сюжэт  прысніўся ўвосень, на Лысай Гары. Рэальна: Заслаўе і вялізныя выбухі над Мінскам… Соннік кажа, што калі прыснілася бамбёжка, значыць, падсвядома вы адчуваеце, што хутка адбудуцца нейкія неардынарныя падзеі.

 

Грукат абцасаў, рушаць калоны

Шыхтам ірваным, без зуху і спеваў,

Рэха каманды гучыць манатонна:

“Левай… левай… левай…”

 

На Налібокі вужакай у хакі

Спехам кірунак бярэ апалчэнне.

Злосна і стомлена лязгаюць тракі,

Дроны кідаюць злавесныя цені.

 

Неба палае-трашчыць над сталіцай,

Гінуць у страшным агні хмарачосы.

Плямы бінтоў, ды на грош амуніцый,

Джыгаюць кулі – смяротныя восы…

 

Сонца ня бачна за сажай і дымам,

Ды і няма больш у сонцы патрэбы.

Ведаеш, што гэта, чуеш, радзіма:

“Над Беларуссю бясхмарнае неба”.

2017.