Нібы змораныя сонцам беспрытульныя сабакі –
На старым Заслаўскім тракце паваліліся асіны…
Ім віхуры-завірухі ды дажджы даліся ў знакі,
Ім маланкі пасмалілі заліхвацкія чупрыны…
Мутнай восеньскай крывёю набрынялая лістота
Валацугаў падарожных яркай барвай спакушае.
Тут шукаць цяпер дарэмна першароднай адзіноты,
І трывожных перашэптаў лісцяў колішняга гаю.
Тут схавацца немагчыма ад нікчэмнай мітусніны,
І трывожна
– быццам нож мне –
сярод ценяў запусцення
Зарастаюць палынамі і ссівелаю ажынай
Скамянелыя асіны…
пабялелыя бярвенні…
На мяжы каля Заслаўя,
на сцяжынах занядбаных,
Ні табе якога следу,
ні асіннікаў вячыстых…
Паляглі асіны ўпокат, нібы ў бітве партызаны,
Толькі цень мільгне раптоўна ў хмызняку кантрабандыста.
Кастрычнік, 2016 год.