Гэтую няхітрую жыццёвіну распавёў мне нядаўна сусед па лесвічнай пляцоўцы, які штотыдня выязджае на “Масквічы” ў вёску да сваякоў. Я ж толькі запісаў на паперы ягоны аповед.
Сцяпан Халява амаль усё жыццё адтаптаў у лесніках. Але ўрэшце надакучыла яму штодзённая адзінота і таму гадоў колькі назад Сцяпан, пакінуўшы занядбаны лясны хутар, перабраўся ў вёску, бліжэй да знаёмых па ранейшай працы лесакрадаў. Пасяліўся наводшыбе, каля маладога сасонніку, у старой Макаравай хаце.
Звычак сваіх амаль не змяніў, на людзі асабліва не вытыркаўся. Калі-нікалі выберацца ў сяльпоўскую краму па хлеб-соль ды алей і адразу ж на свой рог. А ў лесе па-ранейшаму бавіўся днямі, ведаў яго ці не так, як свае парэпаныя мазалістыя далоні; дзе грыбы якія прадзіраюцца, дзе якая ягада пайшла, а там і венікі бярозавыя час назапашваць, – ён паўсюль першы.
Жыццё сваё Сцяпан адгараваў (а, можа, і не гараваў) бабылём. Калі з мужыкоў хто кепікі кідае – адказ заўсёды адзін: “У мяне і так жонак повен лес, елкі ды бярозы. Кожная прывеціць ды пашкадуе. І не сварацца, не раўнуюць – любата!”
Летась, па восені, Сцяпан Халява набыў парсючка, неяк падгадаваў, а да Вялікадня вырашыў забіць. Дастаў з-пад ложка беспрацоўную “тулку”, здзьмуў з яе пыл і, выбраўшы са скрыні некалькі мацнейшых зарадаў, выйшаў “на паляванне”. Выпусціў падсвінка з хляўчука, пацэліў: “Трэсь!” Проста ў пятак. Парсюк заенчыў, заверашчаў і кінуўся скакаць па двары. Няйнакш порах адсырэў. Расхваляваўся Сьцяпан, ды яшчэ тры зарады ўсадзіў. То ў сцягно лясне, то палову вуха адарве. Зусім разгубіўся, задрыжэлі ў дзядка рукі – не патрапіць. Сеў роспачна на калоды, заплакаў. А парсюк гойсае шалёна па двары, верашчыць, крывянкі пырскаюць з яго. Кінуў Халява ружжо ў сенцы, пайшоў да суседа-трактарыста:
– Васіль, братка, граху нарабіў, дапамажы кабанчыка дабіць, гаруе там на двары, не ўцэліў я!
– Эх, дзед, а чаму ж адразу не паклікаў? Усё думаеш, што малады ды дужы? Сусед выцягнуў з падпаветкі стары, але дагледжаны штык, правёў заскарузлым пальцам па лязе і, угледзеўшы на дзедавай шчацэ слязіну, здзіўлена прыпыніўся:
– Ты што гэта, Сцяпан, плачаш, ці што?
– Шкада ж недабітка, Васілёк! – адказаў той, спяшаючыся на край вёскі, адкуль даносіўся пранізлівы віскат недабітага парсюка.
Болей Сцяпан Халява свіней не гадаваў.
1999.
(З цыклу “Падпрастора”, “Дзеяслоў, №75)
Аўтар аўдыёверсіі — Сяргей Краснабарод.