Упершыню гэтыя мініятурныя запісы былі апублікаваныя ў альманаху “Тэксты”. Дарэчы, 31 кастрычніка адбылася прэзентацыя альманаха актуальнай літаратуры «ТЭКСТЫ» №4
“Гэта не мой варыянт”
Прэзентацыя кнігі Леры Сом “Каралева прыйдзе ноччу” на Управе БНФ, сустрэча з групай “Індыга” і яе салісткай Русяй. Лера чытала вершы невыразна, спявала крыху лепей. У зборнiку, якога аніхто на прэзентацыі так і не ўбачыў, сабраныя вершы пра каханьне, якiя Лера напiсала па-беларуску за апошнiя 20 гадоў. Некалькі цытатаў: “Аб’ектаў каханьня было вельмi шмат. А вось прысвячэньняў я не ставiла, бо ёсць такая цiкавая рэч — часам пэўны верш, напiсаны для аднаго чалавека, раптам ператвараецца ў прысвечаны абсалютна iншаму”; “… Ёсьць людзi, якiм на ўсё жыцьцё патрэбны толькi адзiн чалавек. Але гэта не мой варыянт.”
9.03.2007.
Смаляне
Некалькі дзён па службовых справах прабыў у Смаленску, які аглушыў мяне, ашаломіў, ды пакінуў у душы шмат супярэчлівых уражаньняў. Веліч і запусьценьне. Магутная прырода і абшары. Цэрквы і манастыры. Жывая архітэктура. А найбольш цікавілі людзі. Іх гутарка. Напрыклад, у сталоўцы: “А ці ёсць бульбачка?” “І бульбачка знойдзецца ды яшчэ са шкваркамі!” А ў мясцовай газэце вычытаў: “Я прытулилася к стене и простояла весь вечер».
29.03.2007.
Клапы
У падземным пераходзе каля гатэлю «Юбілейная» працуе кветкавая крама. За шклом – тэрарыум з вялізнымі заакіянскімі прусакамі і яшчэ нейкімі павукамі. І надпіс: “Наши насекомые не продаются!» І тады я прыгадаў тых, хто нашыя. Салдацікі-клапы! Настальгічныя ўспаміны пра гэтых цёплых жыхароў усіх старых прызбаў у вёсках, дзе мне выпадала бываць, абудзіліся ў Заспе, там, дзе жылі і дзяды мае, і мой бацька. Маршыруюць пэўна там сабе й дагэтуль дзесяткамі і сотнямі ўздоўж сцяны хаты, а то проста грэюцца пад гарачымі промнямі сонца, назапашваюцца на зіму цяплом.
31.05.2007.
Хто чэсна працуе
Цытата з рэкламнага буклета Мінскага піўзавода “Беларусь” (Сёньня – “Аліварыя”): “Нашыя напоі – жаданае і неабходнае дапаўненьне да стала ўсіх, хто ЧЭСНА ПРАЦУЕ і годна адпачывае дома, або на ўлоньні беларускай прыроды!” Мараль простая: нячэсныя няхай захлынаюцца кан’яком ды шампанскім!
24.08.2007.
Гульні ў Глобуса
Яшчэ не зусім старымі мы пілі брэндзі і спявалі свае ўлюбёныя песьні. Яны, праўда, не зусім былі нашымі: папса розная ды беларускія савецкія напевы. Але адметным было адно – там, дзе магчыма, нейкі назоўнік ці імя замянялася на слова “Глобус”. Напрыклад, “Ой бацька наш родны, ой Глобус…” і гэтак далей. Потым брэндзі стала цікавіць меней і песьні скончыліся… А Глобус застаўся. Разам з Барысам Пятровічам мы сталі гуляць у новую гульню, “Пальцам па Глобусу” называлася. Бралася нейкая з кніжак Адама Глобуса, затым па чарзе кожны заплюшчваў вочы і тыцкаў пальцам у адвольнае месца на адвольнай старонцы. Атрымліваўся суперканцэнтрат творчае думкі. Пазней сталі выкладаць гэтыя плёны на паперы. А сёньня раніцай выпадкова знайшліся гэтыя старонкі і нахлынула… Прывяду некалькі ўзораў:
Вецер забаўляецца з галькаю
Забіваюць мастака
Салодкі пах.
Ара схіліў галаву
Аскепкі шкла
А ты змог бы?
Няўмольна бягуць
Кволай дзяўчыны
Пакуль невысокія.
Хлопец. Канчай!
Ад першага чалавека
Нешта сьмешнае.
Страх голадам
Распілі і гэтую
Сьвятло на відэльцы.
28.08.2007.
Каму што, а дурню — гнілкі
У дзяцінстве аднымі з найлепшых прысмакаў для нас, вясковых смаркачоў, былі грушы-дзічкі, калі яны цямнеюць ўжо і становяцца мяккімі… Узгадваю старую раскідзістую грушыну пад плотам у суседкі бабці Харыціны, якая нас часта літаральна карміла. Зьбягаеш на дзень на Дняпро, або ў лес і напіхваеш паўнюткія кішэні гэтага дабра, якое мы называлі гнілкамі. Не разумею чаму, але людзі ў нашай мясцовасьці кажуць: «Каму што, а дурню — гнілкі». Несправядліва гэта!
30.08.2007.
Камяні і каменьчыкі
Я «дзіця Палесься» і таму заўсёды «западаю» на камяні, якіх на маленькай радзіме проста няма. А тут, на Меншчыне – гарод пад Заслаўем, дзе процьма дробных, і не вельмі, каменьчыкаў. Зьбіраю і брукую імі бліжэйшыя сьцяжыны. А вось нядаўна захацелася завалодаць вялізным валуном, што жыў на ўзлеску. Дзьве гадзіны куляў яго да агароду, прымасьціў на шыкоўным месцы, так бы мовіць «прыхватызаваў». І сорамна адразу стала, бо такое адчуваньне, што скраў нешта ў людзей. Цяпер думаю, як назад яго адвалакчы ў лес. А многія дачнікі, дзе можна і ідзе няможна, валуны прыватызавалі і сумленьне іх не пячэ.
4.09.2007.
Малютка Ленін
Гэты выпадак прыгадаўся пасьля прачытаньня нечага падобнага ў пасьце magdalenы_jo_jo (Югасі Каляды). Неяк у курортным гарадку, назва якога заканчвалася на «здруй», у Судэцкіх Татрах, немалады львавянін прадаваў турыстам розную камуняка-савецкую атрыбутыку. Сярод розных значыкаў, эмблемаў і шэўронаў сьвяціліся і зорачкі кучаравенькім Вовікам Ульянавым.
Побач спыніліся два заможных чэхі. Прыглядзеліся і ткнулі ў зорачку пальцам: «Хто гэта?» Прадавач адказаў: «Малютка Ленін». Далей больш недакладны пераклад: «Ха-ха-ха! Такібялявы анёльчык, ха-ха-ха, а якая сволач!» Тым не меней, чэхі набылі можа з дзесятак гэтых зорачак, пэўна палохаць сяброў.
16.09.2007.
Вечны выгнаньнік
Пасля таго, як паэт Анатоль Сыс паслухаў упершыню рускага паэта Агафона (Уладзіміра Агафонава) ў аўтарскім выкананьні, – заўважыў толькі адно: “А я думаў, што вершы я адзін чытаць умею”. Мяне ж Анатоль жартаўліва аднойчы папрасіў, каб я навучыў Валодзю пісаць па-беларуску. “Будзе яшчэ адзін добры паэт на Беларусі” – казаў ён. Толькі Уладзімер Агафонаў пасьміхаўся: каму трэба – зразумее і так.
Агафон – не меней эпатажны і нахабны, і такі ж безабаронны перад жыцьцём, як Сыс. А яшчэ – надзвычай справядлівы (зэдлік раструшчыўся аднойчы ў знаёмага на галаве толькі за некалькі няшчырых слоў!). Ён мог давесьці паўнюткую залу сытага люду да экстазу, што і рабіў нярэдка ў Менску, выступаючы з сябрамі ў кавярнях ды рэстаранах. Пражыўшы колькі год без пашпарту паміж Піцерам, Крымам, Менскам і Гомлем, Уладзімер вырашыў легалізавацца ў Гомлі і, неяк аднавіўшы даведкі, выправіў сабе сінюю кніжачку ды яшчэ і з прапіскай у знаёмай. У першы ж дзень пашпарт скралі разам з рэчамі. “Напэўна, не лёс”, — глыбакадумна зазначыў Агафон з гэтай нагоды. Праз нейкі час ён быў затрыманы пры нелегальным пераходзе беларускай мяжы і канчаткова дэпартаваны на Украіну.
17.09.2007.
Мроі ў прадчуваньні зімы
А вось жа прыйдзе зіма, сьнежная, калючая, сама ў сабе такая… І снег будзе валіць, балюча хлабыстаць па твары. І нос будзе мерзнуць.
А я ў лес, пад яліну вялікую завалюся, ды й марыць буду пра беларускі рай, пра камуну нашую містычную, якую нават Сяргей Дубавец не збудаваў. І прымрою шляхі, і прымрою выйсьце. І салодка-салодка за-с-ну…
5.10.2007.
Грыбное здарэньне
Учора раніцай пайшоў у лес на ціхае паляваньне, пахадзіў, стаміўся. Знайшоў вязізную елку і заваліўся пад яе, нягледзячы на дробны, аднак споры дождж. Спалася доўга і добра, пакуль не вымак канчаткова і зрабілася мокраю сьпіна. Прачнуўся, але падняцца не здолеў: пасьпеў пусьціць карэньчыкі і цела маё трывала прырасло да зямлі. Пачаў у роспачы кідацца: “А як жа без мяне жыцьцё, праца, дзеткі, сябры?” Стаміўшыся ўрэшце і, супакоіўшыся, ўспомніў пра нож, што захапіў з сабой, каб нарэзаць грыбоў. Было балюча, нясцерпна балюча, але я падрэзаў ўсе свае парасткі, карэньчыкі і вызваліўся з гэтага недарэчнага палону. Яшчэ доўга з ранаў на маім целе цурчэла кроў. І нават прачнуўшыся дома, сёньня, з жахам глядзеў на бялюткую звечара прасьціну, перапэцканую крывёю. Гэта быў ня сон…
Перад тым, як пайсьці на вуліцу, я вывесіў свой бел-чырвона-белы сон на гаўбец.
9.10.2007.
Каханьне з вужакамі
Усю ноч любіўся з вужакамі, склізкімі і халоднымі, стамляўся, палохаўся, крычаў. Прачнуўся і аж прымлеў ад шчасьця: сон! Але, прыбіраючы ложак перад сыходам на працу, заўважыў раптам на прасьціне некалькі невялічкіх шэранькіх лускавак. Зараз вось п’ю халоднае піва на вуліцы і думаю пра тое, што будзе далей?
12.10.2007.
ДТП
Толькі што за вакном на перасячэньні Нямігі і Пераможцаў-Машэравых сутыкнуліся і разьбіліся два пешаходы. Сабралася шмат машын, захоплена абмяркоўваюць падзею. Хацеў далучыцца да іх праз выпадзеньне з вакна, ды не хапіла сілы волі!
20.10. 2007.
Вар’яцтва
Кожны дзень я забываюся на многія рэчы, сустрэчы, даты і справы. Гэта прагрэсуе… Я не памятаю пра дні народзінаў блізкіх людзей, але забываюся і пра свой дзень. Ведаеце, я станаўлюся больш шчаслівым. А яшчэ я магу ўсміхацца ўсім!
9.11.2007.
Радасьць ад адкрыцьця алкаголю
Вяртаючыся з далёкіх падарожжаў надта ж люблю рассоўваць па закутках і кніжных паліцах бутэлечкі з рознымі алкагольнымі напоямі. Крупнікі там розныя, каньякі, настойкі і брэндзі ўсялякія… Ніколі потым ня ведаеш, што і калі трапіцца на вочы, якія ўспаміны агарнуць. Але адкрыеш і глынеш з найвялікім задавальненьнем. Ціхенька так! Ну хіба, каб які «Вугорскі танец» Брамса гучэў і кілішак быў поўны.
28.11.2007.
Дзе яна, радзіма тая?
Паеду заўтра на радзіму Сяргея Дубаўца… Яму ўсё роўна, а мне прыемна. Дубавец, калі даведаўся, што я зьбіраюся у Мазыр, адказаў так:
“Радзіма наша ў Тыбеце, там дзе цячэ рака Дунай, а па-над ёю стаіць габрэйскі горад Мазыр, і цёткі ў хвалях палошчуць бялізну, і пяюць-пяюць, а побач круцяцца мурзатыя карапузы. Адзін з іх я….”
30.11.2007.
Слодыч жыцьця
Не здзейсьненае, але адно толькі жаданае, чаканае — вось дзе сапраўдная слодыч жыцьця!
28.01 2008.
Гісторыя з нябожчыцай
Нейкая знаёмая папрасіла дапамагчы разабрацца з ейнай сваячкай, нябожчыцай. Не магу сказаць чаму, але, разам з калегай па працы, мы вымушаныя былі вылакчы ўбранае ў пахавальныя строі цела з труны і перанесьці ў невялічкае прахалоднае памяшканьне нанач. Прачнуліся позна ад людскіх галасоў і спехам сабраліся ізноў пераносіць нябожчыцу ў труну. Асцярожна зайшлі ў пакойчык, а бабуля якраз ужо падымаецца з ложка – чыстая такая, сьветлая, вясёлая. Тады я ірвануў назад, каб схаваць некуды труну і …не пасьпеў. Мне яшчэ й зараз няёмка перад уваскросшай за тое, што спрычыніўся да яе пахаваньня.
Такая вось гісторыя прысьнілася сёньня ўначы.
29.01 2008.
Якая ноч? Які ўзрост?
«У нашым узросьце кожны дзень — ноч» — сказаў Класік (гомельскі паэт Багданаў), калі я намагаўся падняць яго раніцой з падлогі у сваёй кватэры і выправіць на працу. Я пакінуў цела ў спакоі і моцна тады задумаўся…
1.02. 2008.
Вось дык суцешыла…
Аднодзяўчо, відаць паўнагадовае,шчыра заявіла ўчора: «Не заганяйцеся! Вы ж ЯШЧЭ не зусім стары і такі прыгожы!»
Суцешыла, блін, дагэтуль адыйсьці не магу! Увесь час думаю праПанікоўскага, які енчыў: «Меня девушкі не любят!»
12.02 2008.
“Прысьнілася…”
Дзьве маладзенькія прастытуткі (адна высокая, з вялікім носам, але ўсё роўна прыгожая, а другая простая такая Клава з Данбасу), якіх нехта з вядомых палітыкаў мне падбэндзіў з нагоды Дня Сьвятога Валянціна, рашуча запатрабавалі грошай за неаказаныя паслугі. Я даў ім трыццаць тысячаў тутэйшых рублёў…. Яны пакрыўдзіліся і выклікалі “браткоў-сутэнераў”. Бандыты прывезьлі шмат таннага каняку, які я не ўжываю з-за дрэннай якасьці.. Пачаліся разборкі. Урэшце пагадзіліся канфлікт замяць: тыя дзеўкі павінны былі адпрацаваць свае грошы… Я стаў распранацца і… прачнуўся на леснічнай пляцоўцы ў нейкім доме ў цэнтры Менску. Косьці ня гнуліся – відаць устылі на халодным зімовым бетоне. Я няўклюдна падняўся і выпадкова перакуліў бутэльку шампанскага, што стаяла побач. Вадкасьць заліла мабільны тэлефон, які валяўся проста на бетоне і ён больш не працуе… Так што тэлефонаваць мне сёньня і верагодна яшчэ дні два-тры не варта…
А кветкі жонцы я такі падараваў, вось і цэтлік захаваўся: “40 000 руб”
15.02. 2008.
Я не люблю іх…
Ёсьць людзі, якія сьмяюцца заўсёды: добра ім ці дрэнна, — але сьмяюцца, салодка, ненатуральна, паўсюдна. Я не люблю іх…
18.02.2008.
Уф, гэта я так, прэвентыўна!
Ведаеце, надакучыла пры знаёмстве з людзьмі чуць адно і тое: “Сыс? Дык вы ж памёрлі?”
20.02.2008
Які ветлівы і выхаваны чалавек!
Вельмі добры і выхаваны чалавек патэлефанаваў мне сёньня. Ён ветліва павітаўся і… моўчкі паклаў трубку.
Уяўляеце, нічога не прасіў, не патрабаваў, не напружваў!
Адзінае прыемнае тэлефанаваньне за дзень!
24.03.2008.
Знаёмства з Арнольдам Макмілінам
Прыпаўзаю з працы ўчора стомлены, а тут Арнольд Макмілін імпэтна так працягвае кілішак хатняга “брэндзі”, дый кажа мне па-беларуску:
“Ну што, будзем знаёміцца?”
Нарэшце такі назнаёміліся.
11.04.2008.
У Гарошкаве, на могілках…
На Радаўніцу быў у Гарошкаве на могілках…
Крыж на магіле паэта Анатоля Сыса стаў карацейшым: напэўна пасьпеў падгнісьці і яго абкарналі.
Той помнік, пра які вялася дыскусія летась і збіраліся ахвяраваньні, зрабіць не пасьпелі, верагодна яго ўстановяць восеньню.
У Гарошкаве вельмі прыемныя і сьветлыя могілкі… Бярозы… бярозы…
Там сьпіць Сыс…
13.05.2008.
На дне беларускага пісьменства…
Кіраўнік афіцыйнага Саюзу пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец выказаў заклапочанасць тым, што… “на дне беларускага пісьменства мала прадстаўленая літаратура.”
І сапраўды – на дне…
11.06 2008
Пачварына
У чаканьні адкрыцьця крамы на Лысай Гары пасьля абеду палілі з лясным паэтам Сяргеем Верацілам апошнюю цыгарэту. Паволі падыходзілі дачнікі. Сярод іх – сямейная пара з французскім бульдогам. “Ну і пачварына!” – толькі і азваўся, сасьмяглымі вуснамі, Вераціла. Хвілін праз некалькі гаспадыня плоскатварай псіны перапытала: “А эта ваша пачварына как будет по-русски?”
— А хто яго ведае!
Пачалі разам перакладаць на гішпанскую, нямецкую…
Толькі праз некалькі хвілін з цяжкасьцю ўзгадалі, што па-расейску гэта “чудовище”.
Было бачна, што сям’я пасьля такога вызначэньня для ўлюбёнага бульдога засталася незадаволеная. Але ў гэты час адчынілася крама і мы рушылі за “Аліварыяй”.
14.06. 2008.
Рыбалка
Каторы дзень на ла лецішчы, Лысай Гары не могуць наладзіць нармалёвае водазабеспячэньне: старыя трубы ўзімку паразрывала ў многіх месцах, патрэбны грунтоўны рамонт. За пітной вадой даводзіцца хадзіць далекавата, аж да дамка Максіма Клімковіча. А вось ваду для градаў можна здабываць бліжэй – у невялікай копанцы. Ранкам учора чарпануў два вядры і пакінуў на летні для жонкі. У апоўдзень пачуў Гальчын голас: “Глядзі! Тут рыбіна!” І сапраўды, на дне эмаліраванай ёмістасьці плёхаўся невялікі ці то ратан, ці то карась. Пашкадавалі трывожыць ягонае новае царства, так і застаўся мой выпадковы ранішні ўлоў на лецішчы, “падрастаць” да наступнага прыезду.
17.06.2008.
Чмель
Злосны незадаволены раніцай чмель сустрэў мяне ў пакоі на лецішчы. Ён біўсяаб шкло, пагойдваўся на занавесцы. Але я быў ня меней злосны, таму што гудзела ў галаве пасьля ўчарашняга бальзаму “Клімавіцкага”. Праз гадзіну бутэлькай “Белавежскай пушчы” пагрукаўся ў дзверы паэт Сяргей Вераціла… Пахмяліліся. Вось тады надыйшла чарга ратаваць чмяля: знайшлі пусты карабок запалак, упхнулі туды кашлатазебрага летуна і адпусьцілі на волю. Пасьля гэтага ўсім стала добра…
20.06. 2008.
Згарэць у маршрутцы…
Сёньня на гэтым, самым незалежным прасьпекце, сеў у маршрутку…
Праз хвіліну засьмярдзела паленымі дратамі, з-пад прыборнай дошкі паваліў дым і пасыпаліся іскры.
Сорамна, але я чамусьці падхапіўся да выхаду першы, распіхваючы іншых пасажыраў. Гэта што, эгаізм або інстынкт самазахаваньня?
18.07.2008
Лоўчыя знічак…
Уначы доўга сядзеў на камені на Лысай Гары, але змог пабачыць толькі толькі тры зьнічкі: начное небе захінала незразумелая смуга.
На жаль, жаданьняў загадаць не пасьпеў – вельмі хутка зьнічкі зьнікалі…
Затое ўгледзеў нейкі патаемны магутны пражэктар, які праразаў неба некалькі хвілінаў, а таксама міргаценьне далёкага самалёта,
які вяртаўся ў свой “Менск-2” і яшчэ нешта імкліва-страшкае, што прымусіла мяне схавацца ў доме і добра адхлябнуць піва…
13.08.2008
Азвярэюць?
Мне падаецца, што мужчынам і жанчынам трэба сябраваць…
Інакш, яны азвярэюць…
4.09 2008
Малавата будзе!
У славутай маскоўскай кнігарні на Новым Арбаце на вочы трапілася некалькі кніжак беларускіх пісьменнікаў на расейскай мове. Гэта былі кнігі Васіля Быкава і Адама Глобуса.Малавата!
23.02.2009 .
Сустрэчы на Лысай Гары
Учора на Лысай Гары сустрэў Сяргея Дубаўца — нешта ён там усё піша, ды піша. Няйначай, нейкі раманец замуціў. А яшчэ адзін Сяргей — Вераціла -вечарам чытаў самотныя вершы, заядаючы салёнай рыбай. Каго яшчэ ня «здаў»? Хіба што сябе…Цягаў з лесу папілаваныя цурбакі…
29.03. 2009.
Творчы момант
У Ветку спачатку паеду, затым, мусіць, у Гомлі заначую, а тады ўжо на радзіму, на Дняпро. Будзе там мне лазьня, а яшчэ — рыбалка, сябры, мама…
Во, ледзьве не забыўся, гарэлкі шмат будзе, хатняй!
Усю вып’ю, не пакіну на заўтра.
24.06. 2009.
Залаты туман…
Прачнуўся на лецішчы, згатаваў каву, напоўніў грудзі цыгарэтным дымам (Camel» з блакітным канцікам за 2 700), пацалаваў жонку і пайшоў…
У шэсць раніцы краявіды ля Лысай гары (якая пад Заслаўем) былі схаваныя ў густым тумане. Зверху яго падсвечвала ранішняе сонца, таму туман здаваўся залатым і пяшчотным… хоць ты нырца ў яго рабі.
Але толькі адна думка зварухнулася ў маёй галаве: ну, цяпер чакай грыбочкаў. У сераду пайду шастаць па лясох у пошуках ціхага шчасьця!
11.07.2009.
“Лятучая мыш” Аксаны Спрынчан
На яблыні на лецішчы ў Аксаны Спрынчан вісіць-пагойдваецца старая лямпа “Лятучая мыш”… Крыху пабралася іржой, але звонку цэлая і мабыць яе можна было б рэанімаваць, каб знайсьці кнот ды газы (карасіну). Ну, кнот справа вырашальная, відаць, але вось газы, — нават не ўяўляю дзе прыдбаць. Ці ўвогуле яна зараз дзе прадаецца?
23.07. 2009.
Шэршань. Самагон. Вайна
Раніца пачалася не зусім звычайна…
Абуваючыся ў 6 раніцы на лецішчы, усунуў нагу ў пантофлю, дзе ночыў гіганцкі шэршань. Ён скарыстаўся мамантам і ўджаліў. Я зароў як бялуга, перакуліўшы пры гэтым зэдлік. На шум выскачылі заспаныя жонка і цешча. Усчаўся вэрхал.
Боль быў невыносны, таму, начытаўшыся розных здарэньняў з укусамі шэршняў са сьмяротнымі зыходамі, стаў прамаўляць жоначцы, каб шукала другога мужа…
Зараз вось, здаецца, што буду жыць, хаця нага разрываецца па ранейшаму ад болю…А тут яшчэ бязглуздая вайна…
Думаю, што пасьля яе Расея канчаткова развітаецца са сваім уплывам на Каўказе. Гэта была вялікая памылка, якая кансалідавала грузінаў, сцэментавала гэты народ у адзіны маналіт.
Я не люблю вайны…І шэршняў таксама…
9.08. 2009.
Мёртвы Менск
Шляхотнай сталіцай тутэйшага краю магла б стаць Гародня, альбо Вітэбск, ці на скрайні выпадак нават абмаскалены Гомель, ну толькі ня Менск. Мёртвае гэта места, нежывое, стэрыльнае нейкае.
Пустэльня, якую нават эмігранты мясцовыя не могуць раскатурхаць…
28.08. 2009.
А жыцьцё працягваецца….
Зайшоў да мяне Славамір, каторы Адамовіч… Перакінуліся словамі, большай часткаю пра С. Верацілу ды Бахарэвіча. Прэзентаваў яму цудоўную кнігу Сяргея Рублеўскага “Ў, тое, што мы скарацілі”, якая выйшла днямі і “Алаізу” Анатоля Сыса.
Славамір паехаў некуды ў цэнтр.
25.11. 2009.
Першая кроў
У 1971 годзе перад Калядамі мой бацька з суседам “завалілі” чарговага кабана. Я, тады яшчэ засранец, па вясковай завядзёнцы, мусіў быць побач, каб спасьцігаць навуку забойства…
Сусед, які добра такі “ўвагрэўся” першаком, упёр руку з металічнай квартай некуды ўглыб вымытай тушы і чарпануў сьвежай сьвінячай крыві. Памятую, што ад яе йшоў пар. Ён піў гэтую кроў, а маленькі струменьчык выцякаў з роту і цурчэў па падбароддзю.
Відаць, яго раззлаваў мой дзікі позірк і сусед працягнуў кубак: “Бяры, пі, калі хочаш стаць мужыком!” Бацька дыпламатычна стрэсваў у сьнег сукровіцу з адсечанай галавы кабана.
Я выпіў…Я змог…
08.12. 2009.
Якія розныя сны!
Станіславе прысніўся сёньня сон: нібыта на кветкавым лузе яна пасьвіць статак тыграў.
А я сасьніў іншае… Паштавік прынёс вялікую бандэроль, напоўненую пачкамі з дрожжамі. У пакунку была цыдулка ад Яўгена Вапы: “Дасылаю табе дрожжы, каб варыў болей самагону. Відаць на Беларусі дрожжы – дэфіцыт”. Падумаў я раніцай ды махнуў рукой – усё роўна ня ўмею гнаць самагон.
03.03. 2010.
Назіраньні ўраньні
Колькі не выпісвай на сьнезе слова “Вясна” – пальцам цяплей не становіцца…
05.03 2010 .
Гарады, якія мы выбіраем…
Калі б нехта раптам прапанаваў мне далучыць да Беларусі ў выглядзе адмысловага анклаву нейкі далёкі і замежны горад, я спыніўся б на Пецярбургу…
Ня трэба Венецый, Парыжаў і Рымаў,
Калі ты, вядома, не надта пратух:
Я прэзентую любай радзіме —
Салёны і мокры Санкт-Пецярбург.
Я здагадваюся, што амаль у кожнага ёсьць такое запаветнае месца, але ніхто не прызнаецца чамусь…
09.03. 2010.
Гусі-лебедзі
Гусі крычалі роспачна над Траецкім у 6 раніцы. Вяртаюцца, бачыш ты, а тут – ані травінкі, ані былінкі… Ці выжывуць гусі-лебедзі, ці вытрываюць?
Два гады таму, 3 сакавіка, таксама раніцай, можа гадзін у сем,
дзікія гусі парвалі сваім крыкам неба над Берлінам…
Але ж тады было цёпла…
19.03. 2010.
Пра піва
Выйшлі неяк у Гомлі з кафетэрыя з пластыкавымі куфлямі піва на прыступкі, пакурыць.
Пакуль запальнічку з джынсаў даставалі, цыгарэтамі дзяліліся – піва на паўхвілінкі паставілі долу. І трэба ж! У адзін момант паршывая балонка падбегла, падняла заднюю ножку і пазначыла наш напой сваім спецыфічным спосабам.
Пакуль апрытомнелі – дык дагнаць ужо не змаглі. А так хацелася даці ёй пад…
18.05. 2010.
Мая кніга і толькі мая…
Слынная паэтка Людка Сільнова зрабіла мне ўчора шыкоўны падарунак: падпісала сваю новую кнігу “Філазафемы”. Але вы яе не пачытаеце. Яна вышла накладам 1 асобнік і зараз толькі я ейны адзіны ўладальнік…
08. 10. 2010.
Чаму Віка трэ нос?
Вечарам жонка чытала новы “Дзеяслоў”.
Падыйшла Стася і запыталася: “Матуль, што ты робіш?”
“Чытаю”
“А хто гэта?”
“Віка Трэнас”
“А чаму Віка трэ нос?
29.10. 2010.
Сыс і “Белсат”
Учора тэлеканал “Белсат” паказаў фільм Міколы Ваўранюка пра Анатоля Сыса па сцэнару Паліны Сцепаненкі. “Сыс пра Сыса” называецца. Пра гэта даведаўся толькі з некалькіх тэлефанаваньняў знаёмых і не зусім знаёмых людзей. Многія шкадавалі, што фільм скончыўся нечакана… Многім хацелася працягу…
А мне нарэшце захацелася завесьці дома “Белсат”
04 11. 2010.
Кранула і ўразіла
Школьнікі з Гомельшчыны даслалі мне ліста: зьбіраюць матэрыялы пра пісьменьнікаў і паэтаў Гомельшчыны.
Асабліва кранула просьба дапамагчы ў стварэньні экспазіцыі і даслаць сярод іншага:“асабістыя рэчы (калі яны ёсьць)”
Я задумаўся — ці ёсьць?
11.11. 2010.
Да заўтра трэба дажыць
Выводзілі мяне прыгожа, ветла… Грамілы, якія запаланілі офіс, рассунуліся, каб я прайшоў па калідоры. У асобны легкавік пасадзілі на пярэднім сядзеньні. Ззаду яшчэ кагосьці запхнулі і два прыгажуны з кароткімі АКМ па баках расьселіся. Затым прывезьлі ў РАУС, запрасілі ў актавую залю, там дзе здымкі “перадавікоў вытворчасьці” вывешаныя. Праз гадзіну сьледчы запрасіў на допыт. Падняліся на другі паверх.
У кабінеце слядак дазволіў пакурыць нарэшце. Тлумачэньні мае запісаў хутка і сказаў: “Прабачце, што так атрымалася, можаце, маўляў, ійсці”. Ну і пайшоў я марознай ноччу ў бок праспекту Нежалезнасці.
І падумаў я: “Якое шчасьце ісьці вось так, пехатою па апусьцелых вуліцах скрываўленага горада. Хаця б сёньня. А заўтра… дажыць яшчэ трэба да яго”.
23.11. 2010.
Што мяне натхняе на творчасьць?
Правакацыйнае пытаньне. Нішто мяне не натхняе. Асабліва, калі мець на ўвазе паэзію. Тут толькі адно: як запячэ ў душы, агаломшыць сьвядомасьць, тады і прарывае. Тут боль павінны спачатку прыйсьці. Калі душа пераключаецца на “нейтралку” – можна перакладаць улюбёных паэтаў, рэдагаваць нешта з ранейшага, занатоўваць тое, што некалі прыдасца выкарыстаць.
13.01.2011.
Мабілка-дурылка
Я паважаю нашых цудоўных паэтаў Алеся Разанава і Андрэя Хадановіча за многае.А яшчэ і за тое, што яны прынцыпова не маюць мабільных тэлефонаў.
14.01.2011
Ёсьць яшчэ надзея!
Учора супрацоўнікі КДБ, якія ладзілі ператрус на “Вясне”, чыталі мае вершы. Я пераканаўся ў гэтым раніцай, калі зьбіраў разбэрсаны рукапіс на блакітнай паперы пад сталом. Я ўцешаны хіба ўжо тым, што чытаюць.
Нездарма, выходзіць, ствараліся паэтычныя творы.
18 .01. 2011.
Кола жыцьця
У даўні час я наіўна думаў, што жыцьцё — вялізны акіян малака.
На жаль малака з гадамі станавілася ўсё меней, а гарэліцы болей.
Зараз я ізноў вяртаюся да малака.Вось і ўсё кола жыцьця.
09.02. 2011.
Нястомны Валер Стралко
Блукаючы лабірынтамі 13 Менскай міжнароднай кніжнай выставы натрапіў на аб’яднаны стэнд украінскіх кнігавыдаўцоў. Вока зачапілася за знаёмую назву – “Круглянскі мост”.
Не памыліўся — аповесьць народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава “Круглянскі мост”. Стваральнік перакладу на украінскую мову Валер Стралко.
Вось жа толькі нядаўна, здаецца, пераклаў аповесьць Караткевіча “Дзікае паляваньне караля Стаха”, “Новую зямлю” Коласа, спрычыніўся да выданьня “Трыяды славянскай паэзіі”.
Які ж ён нястомны, гэты Валер Стралко!
10.02.2011.
Крыўдна неяк…
Хто ў ложак любай каву паднясе,
Хто ружамі памахвае шчасліва…
А я на працы прахну пакрысе,
Ды чухаю ўскудлачаную грыву.
08.03. 2011.
Віталь Рыжкоў і Станіслава
Пакуль паэт мне падпісваў “Дзверы,
замкнёныя на ключы” для многіх —
Дачка адабрала ў паэта цукерку,
А потым зрабіла з кнігарні “ногі”.
16.03.2011.
Хочаце верце, хочаце — не
Іду па Менску, не чапаю нікога.
На сьцяне “МакДака” ля “Цэнтральнага” ўніверсаму нечакана зазваніў тэлефон-аўтамат.
“Ну і ну” – падумаў я, мімаволі падымаючы слухаўку.
“Алё, іхто там? – пытаюся.
“Гэта піла. Я хачу адпілаваць вам ногі” – чую ў адказ грубы мужскі голас.
“А што я вам зрабіў благога? – здзівіўся я.
“А што ты зрабіў добрага? – перапытаў на тым канцы дроту невядомы правакатар.
Тады я павесіў слухаўку і няўпэўнена пайшоў да знаёмых п’янтосаў.
17.03.2011.
Уздрыганецца Лысая Гара
У Сяржука Верацілы 29 красавіка вялізная падзея — паўстагадовы юбілей.
Вось гэта будзе сьвята дык сьвята! Хопіць усім! І ўсяго! Толькі б потым наступіла заўтра!
21.04. 2011.
«Ты мне вясною прыснілася…»
Гучыць зраніцы ў вушах: «Ты мне вясною прыснілася…»
А на вуліцы равуць сірэны і сотні міліцыянерыкаў топчуцца ў падваротнях…
19.05.2011.
«Берагі майго юнацтва»
Паэт Анатоль Сыс не перастае здзіўляць нас нават пасьля свайго сыходу. Так, напрыканцы мінулага году на радзіме паэта ў Гарошкаве быў знойдзены рукапіс нявыдадзенай кнігі Анатоля Сыса «Берагі майго юнацтва», якая змяшчае каля 80 невядомых вершаў паэта. Пра гэты рукапіс даўно хадзілі пагалоскі, некаторыя нават казалі, што трымалі яго ў руках, аднак урэшце ён перададзены ў надзейныя рукі.
«Берагі майго юнацтва» будзуць выдадзеныя асобнай кнігай, а пакуль складаюцца паэтычныя падборкі для часопіса «Верасень» і часопіса «Дзеяслоў». Прадмовы да гэтых публікацый рыхтуе Алесь Бяляцкі.
3.06. 2011.
Рытмы жыцьця
Учора нечакана ўбачыліся з Дубянецкай: яна выйшла з заслаўскай маршруткі, а я якраз сядаў у такую ж, толькі ў адваротным напрамку. Часу было тры хвіліны. Пасьпелі паўсьміхацца адзін аднаму ды абмяняцца буськамі. Сёньня жоначка выбралася ў вёску Маркава, пад Маладэчна, радзіму Тацяны Сапач. Там паэтычная імпрэза. 26 жніўня Тацяна нарадзілася, 28 сьнежня – загінула.
26.08.2011.
Ганна Чарнушка і бялізна
Глінішчанская прыгажуня Ганна Чарнушка ніколі не насіла сподняга. Яна нават ня ведала, што такое станік і майткі. Так вырашыў Іван Мележ.
Перад вяселлем яна набыла паркалю, каб кохту пашыць шлюбную і дабралася да адзінай у мястэчку жыдоўскай швачкі, якая ёй і патлумачыла пра сподняе. Ганна была здзіўленая і шакаваная.
21.09. 2011.
Сціплае жаданьне
У хмелявішча зьбегчы
З вясковаю дзяўчынай..
І ціхенька прылегчы…
Хай пчолы джаляць сьпіну.
07.10.2011.
Нарэшце…
Нарэшце я нарадзіўся!Проста пасярод белага дня.
Везьлі мамку на трактарыз вёскі Пракісель у мястэчкаХоўмеч, дзя была радзільня,скрозь завею па сумётах…
Далей анічога не памятаю.
26.01.2012.
Бульба і дзікі
Заўчора ўначы статак дзікіх і нахабных парсюкоў атакаваў мой агарод. У выніку пяцярпела бульба, морква і буракі. З’елі можа і небагата, але вытапталі палеткі ўшэнт, хоць ты слязамі акрапляй знішчаную працу. Учора да глыбокай ночы прыбіраў сьляды шалёнага банкету, расклаўшы вогнішча.
А раніцай суседка прызналася, што ёйныя соткі таксама дзікі прарэдзілі, тыдзень таму. Летась жа вяпрукі ласаваліся бульбаю пісьменніка Васіля Зуёнка.
Побач з нашымі гародамі — лясок, які належыць Менскай лесапаркавай гаспадарцы, а вакол 7 дачных паселішчаў. Там паўсюль гуляюць дзеці. Можа звярнуцца да каго, каб “паставілі да сьценкі лясных нахабаў?
27.07.2012.
Танкі на Усход!
Пад час шматлікіх паездак па гарадах і мястэчках Беларусі заўважыў адну заканамернасьць: дзесяткі Т-34, САУ, ІСаў, Квэшак, ды іншых танкаў, зацягнутых на п’едэсталы, абавязкова павернуты дуламі на Захад. Аднак час даўно змяніўся, можа павернем гэтыя іржавыя панцыры на Усход? Няхай едуць дахаты…
01.11.2012.