Уваскрашэнне хамяка (аўдыёверсія)

Пасля працоўнага дня ў абласной газеце часта пачынаўся самы непрадказальны жыццёвы працэс пад умоўнаю назвай (няхай даруе Васіль Быкаў за плагіят!)  “доўгая дарога дадому”. Шлях гэты, вядома, вымагаў шмат часу ды іншых, зразумелых пітушчаму чалавеку, высілкаў.  Вяртанне ў “родныя пенаты” нярэдка зацягвалася і, калі ўрэшце рэшт трапляў дадому – вячэраць даводзілася на самоце.  Ведама, адному сумна, асабліва калі нападпітку, патрэбная аўдыторыя. Жонка ж з дзіцём спяць. Таму, прычыніўшы дзверы на кухню і ўсунуўшы голаў глыбока ў лядоўню, шукаў нейкай ежы, падаграваў плоў ці катлеты, ставіў бліжэй да сябе транзістарны прыймач і даставаў са скрынкі на стол хатняга хамяка. Вось з якой кампаніяй я вячэраў.

Аднойчы, такім чынам пад’ядаючы пакінутыя на патэльні жонкай катлеты, слухаў па транзістары далёкія “Галасы”. Побач – весела хамяк сноўдае: ад хлебніцы, паміж талерак да патэльні і назад. Ідылія. Распавядаю ціха Хомку, як пасварыўся днём з сябрам; не сыйшліся, маўляў,  на творчай глебе – я атрымаў больш ганарару за мінулы месяц. Скарджуся на шалёныя і непрадказальныя кошты, якія штодня растуць і растуць, і няведама калі спыняцца. Ну вось, такім чынам і сумовіліся. Раптам – трэск, полымя, дым. Сяджу з разяўленым ратом, не разумеючы анічога. Механічна адчуваю, што транзістар замоўк. Хаця і п’яны, але даўмеўся – нешта перамкнула, прапала электрычнасць. Хуценька вырваў з разэткі штэпсель прыймача, агледзеўся. Шнур перагарэў. І толькі калі заўважыў, што самы ўдзячны мой субяседнік нерухома ляжыць сярод відэльцаў і талерак, зразумеў: хамяк перакусіў электрычны дрот і загінуў. Не вытрымаў дробны грызун майго маналогу, пайшоў з жыцця.

Дрыготкай рукой я паклаў нерухомае цельца Хомкі ў вядро для смецця, дзюбнуў яшчэ 100 грамаў “за супакой душы” ды паклаўся спаць.

Сярод ночы прачнуўся ад голасу жонкі:

– Чуеш, нехта ходзіць па кухні, схадзі глянь!

Прыслухаўся, сапраўды нешта шуміць. Пайшоў на кухню, прыхапіўшы на ўсялякі выпадак у вітальні чаранок ад рыдлёўкі. Там – анікога, ды раптам ізноў раздаецца шамаценне, якраз пад мыйняй, там, дзе стаіць сметня.

Гляджу – высока падскоквае ў вядры Хомка, спрабуючы вызваліцца з нечаканай вязніцы. Ажыў-такі, аглушаны электрычным токам, вярнуўся да жыцця.

– Ну, за тваё здароўе, хамяк! – узнімаючы келіх гарэлкі, вымавіў я, ды шчасліва пайшоў даглядаць свае чуйныя сны.

1999.

(З цыклу “Падпрастора”, “Дзеяслоў, №75)

Аўтар аўдыёверсіі — Сяргей Краснабарод.