Здаецца ў Ополе на кірмашы ўдала нарваліся на два “Ікарусы” “карабейнікаў”: першы з Баранавічаў, другі – аднекуль з Украіны. То быў апошні дзень іхняга гандлю; звычайна гандляваць прыяжджалі на 2-3 дні, каб спехам распрадаць тавар і хутчэй вярнуцца з якой сотняю даляраў дадому, на працу. З гэтае нагоды напрыканцы гандлю ў гасьцей з Усходу можна было тое-сёе адкупіць за палову, а то і траціну рэальнага “польскага” кошту, балазе, ужо крыху ведаў, што і па чым бяруць ахвочыя да таннага палякі. Звычайна я скупляў металаінструмент, ціскі, пілы, нажоўкі, абцугі, а таксама посуд, пасцельную бялізну.
Праца з “карабейнікамі” вымагала псіхалагічнага падыходу: найперш неабходна, не ўдаючы аніякай цікаўнасьці, запытацца “skond pani bendzie?”, затым пра кошты на ўпадабаныя рэчы, і толькі напасьледак, ужо быццам бы сыходзячы, лянотна прапанаваць – найчасцей гаспадыні – вызваліцца ад тавару, які ўжо дакладна паедзе назад, да Związeku Radzieckego. Далей пачынаўся ўласна гандаль, часам з енкамі і сваркамі, а вынік – прадказальны на 99 адсоткаў – распродаж “неліквіду” хоць за колькі злотых.
Пасьля абеду кірмаш суціхаў, з гандляроў заставаліся самыя зацятыя, якіх мётламі прысьпешвалі прыбіральшчыкі гандлёвай тэрыторыі.
Хлопакі нашыя хуценька сабраліся каля самахода на раду.
– Здаецца ўсе тут няблага прыкупіліся, і мае сэнс ірвануць падалей, куды не ступае нага “саўка-карабейніка” – павёў рэй старэйшы, Алег.
На лабавам шкле “Фальксвагена” разгарнулі добра такі зашмальцаваную мапу, ды пасьля малазразумелых для мяне каментароў Міколы і Алега, прынялі рашэньне “перайсьці Рубікон” – скіравацца на самы польскі поўдзень, у сапраўдныя горы. Дык наперад!
***
Разам з Сашком заваліліся на апошніх сядушках, распрасталі на сябе брудны дарожны плед, і пачалі ўважліва разглядаць тутэйшыя дзівосныя краявіды. Працы на сёньня, акрамя гатаваньня вячэры і выбару ляснога начлегу, не прадбачылася, можна было лянотна пахлёбваць піва і ціха дзяліцца ўражаньнямі аб ўбачаным са шпаркага “Транспарцёра”. За вокнамі самахода памалу мяняліся краявіды, і вось дарога прастуе праз велічныя, нібыта акварэльныя малюнкі: глыбокія і цьмяныя нізіны, парослыя стогадовымі ялінамі з праплешынамі каменных адхонаў, горы. Яны ўсё раслі і раслі, тыя горы, аж пакуль за іхнія кудлатыя чупрыны сталі чапляцца набрынялыя холадам, цяжкія восеньскія хмары.
“Транспарцёр” надрыўна пачаў падымацца на горны перавал, запавольваючы ход і страляючы з выхлапной трубы чорным смуродам незгарэлае ропы. Рухавіку яўна на гэткай вышыні не хапала кіслароду. На адхоне гары імкліва і гарэзьліва мільганула закаханая парачка касуль.
– Мікола! Давай спынімся тут. Гляньце, хлопцы, гэта ж сапраўдны запаведнік! – вырваліся на волю мае эмоцыі.
– Ну калі Шараму спадабалася, паспрабуем прыпыніцца тут. Калі знойдзем дзе з’ехаць з трасы, – азваўся стырнавы Сарока. – Тым больш на вечар бярэцца…
Хутка знайшлася непрыкметная каляіна, якая вяла некуды ў нетры старадаўняга бору, па ёй і скіраваліся. Надзейна схаваўшыся ў гушчары, разбілі лагер.
Мяне па-звычцы панесла далей у лес, палюбавацца ў адзіноце хараством дагэтуль не зьнявечанай чалавекам прыроды.
Але “сьвіньня бруду знойдзе”, кажуць мае землякі. Знайшоў яго і я. Толькі не бруд, а вялізную, прамакутную яміну, спод якой ледзьве праглядаўся ў вечаровым восеньскім сьвятле.
“Божачка, якая нялюдская сіла вырабіла гэтакі простакутны правал з амаль вертыкальнымі краямі!” – замілаваны ўбачаным, разважаў я.
Умомант закарцела скарыць незразумелую, нязьведаную глыбіню. Сэрца аж ёкала ад хваляваньня, калі я адчайна чапляючыся за вострыя выступы камянёў і рэдкія ненадзейныя карані, пасунуўся ў глухое, трывожнае прадоньне.
На амаль роўнай імшыстай пляцоўцы расло хілае кустоўе, ды чарнела пляміна даўняга вогнішча. Падыйшоў. Побач з кастрышчам блішчэлі дзве пустыя
бутэлькі ад горілкі “Столична”.
– І куды толькі гэтых украінцаў лёс не заносіць? Начлежылі, мабыць тут, усюдыісныя “карабейнікі”, ратуючыся ад залётных расейскіх бандытаў.
– Шары, Шары, гэй! – пачуліся далёкія, нібы з неба, воклічы сябрука Міколы, – Давай хутчэй на вячэру, годзе шастаць лясамі.
Я, зачаравана зірнуўшы на прамакутную пляміну шэрага неба, прыкінуў: метраў дваццаць да паверхні будзе. Трэба лезьці. Толькі шлях з апраметнай аказаўся нашмат складнейшым і страшнейшым, чым падавалася адразу. Камяні вывальваліся з-пад дрыжачых ног, нясьцерпна балелі абадраныя да крыві пальцы.
Падняўшыся метраў на пяць, ды неабачліва глянуўшы сабе пад ногі, у цемру, я зьніякавеў, зароў нема:
– Мужыкі, ратуйце, я тут!
– Гэй! Ты дзе? Кідай дурэць!
– Ратуйце, не выберуся сам, – адгукаўся я.
Нарэшце нашыя падбеглі да яміны, заўважылі ўліплую ў камяністы адхон постаць.
– Якога хера ты, дурань, у каменяломні палез? – пачуўся суровы голас Алега. – Падымайся давай хутчэй!
– Не магу, сарвуся. Ногі ледзьве трымаюцца, – енчыў я ў адказ.
– Ну і сядзі там сабе, калі так падабаецца, – рагаталі зверху кампаньёны.
– Ды памажыце ж, чэрці, – скуголіў я.
Нарэшце, па камянях зашамацеў аўтамабільны трос, падоўжаны кавалкамі ненадзейных вяроўчын. Да болю ў руках я абшчапіў яго нягнуткімі пальцамі і пачалося маё выратаваньне.
Ужо каля вогнішча, адбіваючыся ад з’едлівых кпінаў таварышаў, падвёў рахунак свайму авантурнаму спуску ў каменяломню: да крыві абадраныя рукі, разьбітае калена ды падраныя джынсы.
Супакоіўся толькі тады, калі мазгі пачалі плыць ў склізкім тумане пасьля добрага прыёму анэстэзіі – спірцяры з амбітнаю назваю “Раяль”.