Уцякаю!

Уцякаю ад вай-фаю, скайпа,

мэйла і фэйсбука,

Кіну ўсё, хоць ненадоўга,

ды на Лысую Гару…

Пад’ядаць шпінат са шчаўем,

і смарчкі-страчкі з латукам,

Там дажджамі буду мыцца,

там пад Сонцам загару.

Там – магнат я і гуру.

 

Уцякаю ад маршрутак,

ад метро, і ад трамваю,

Каб нагамі перамераць

шлях адгэтуль і туды,

Дзе казыча вецер ноздры,

дзе адчайны птах сьпявае,

Дзе хіба ўначы прысьняцца

нашы лёсы-гарады…

Шклобетонныя сады.

2015