Арнольд Макмілін: Сяржука Сыса прыцягвае таямнічасць і нават небяспека, стоеная ў свеце прыроды

Адзіны гомельскі аўтар, які прадстаўляе на гэтых старонках паэзію — Сяржук Сыс, зямляк (ён родам з суседняй вёскі) паэта Анатоля Сыса, які пражыў трагічна кароткае жыццё. Сяржук — не такая схільная да скрайнасцяў, каларытная фігура, але ён сам па сабе заслугоўвае згадкі як паэт. Сяржук Сыс нарадзіўся ў вёсцы Пракісель Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці ў 1962 г. Вучыўся на філалагічна-гістарычным факультэце Гомельскага ўніверсітэту, затым працаваў настаўнікам у школе, у рэдакцыі газеты “Гомельская праўда”. С. Сыс жанаты з паэткай Галінай Дубянецкай, і ў 2005 г. ён з жонкай пераехаў у Менск пасля таго, як яго звольнілі з пасады вядучага на Гомельскім радыё і тэлебачанні за тое, што ён удзельнічаў ва ўшанаванні памяці Анатоля Сыса. Падобныя дробныя рэпрэсіі – безумоўна, адмоўны бок правінцыйнага жыцця ў Беларусі.

Вокладка кнігі Арнольда Макміліна "Пісьменства ў халодным клімаце"
Вокладка кнігі Арнольда Макміліна «Пісьменства ў халодным клімаце»

Адзіная на сёння кніга Сяржука Сыса — самвыдатаўскі зборнік вершаў “За трапяткім матыльком каханьня” (2000), але ён друкаваўся ў розных часопісах і іншых перыядычных выданнях. Ягоная лірыка, як правіла, моцная, музычная, часам прасякнутая змрочным гумарам. Вершы пра прыроду часам маюць філасофскі ці фальклорны ўхіл, і хоць паэт называе сябе правінцыйным гараджанінам, яго прыцягвае таямнічасць і нават небяспека, стоеная ў свеце прыроды, перадусім мудрасць, што можа там адкрыцца. Яго адносіны са сваім знакамітым аднафамільцам сталіся тэмай нядаўняга глыбока асабістага верша„Дагадзіў жа ты мне Анатоль…” (2003). У ім без залішняй прачуленасці гаворыцца пра добра вядомыя праблемы Анатоля Сыса, згадваюцца некаторыя ягоныя творы, а сканчаецца гэты прысвечаны А. Сысу верш спадзевам, што Сяржука Сыса пахаваюць побач з Анатолем у іх родных мясцінах:

             Анатолю Сысу

Дагадзіў жа ты мне, Анатоль,

дагадзіў…

Хоць тваімі шляхамі

амаль не хадзіў –

я начамі тваімі

ня ведаў начэй,

прама ў вочы глядзеў,

ды не бачыў вачэй.

Не двайнік твой, ня брат

і не зьменьлівы цень, —

толькі сэрца маё

апаліў твой „агмень”,

я відушчым,

як фенікс з нябыту ўваскрэс,

ды пайшоў за табой у бурштынавы „лес”.

I ты ведаеш, што я знайшоў,

Анатоль?

Дыяментавай голкі тваёй

гостры боль.

Немагчыма ў віне

гэты боль уталіць:

шмат разоў намагаўся –

баліць і баліць.

Шмат разоў паўтараў –

зьверху ўніз, зьверху ўніз:

“Я не той, я ня Сыс…

Толькі ўсё-такі — Сыс”.

Дагадзіў жа ты мне, Анатоль,

дагадзіў,

як аднойчы вадою

з Дняпра напаіў…

I цяпер скрозь

штодзённых нягод каламуць

пуцявіны мае

праз Гарошкаў вядуць,

дзе паміж прыдняпроўскіх

радзінных равоў

засталося зямлі

для абодвух Сысоў.

(С. Сыс 2003, 76-77)

У іншым вершы, больш непасрэдна прысвечаным творчасці самога С. Сыса і ягонаму натхненню, „Я не баюся ўпасьці з вышыні”, аўтар кажа, што паэтычная слава — неабходная ўмова, каб спакойна памерці:

Я не баюся ўпасьці з вышыні

свайго неверагоднага палёту.

Спаліць душу аб зорныя агні,

каб на зямлі сканаць спакойна потым.

На жаль, ня мне адчайным птушанём

па стромкіх кручах ветру падымацца,

I недзе ў высі, скончыўшы пад’ём,

чакаць ад неба славы і авацый.

Я паляцеў бы, ды ня той крыві,

за сьпінаю — ня крылы — горб пакоры…

I толькі цень мой шэры і крывы,

здараецца, чапляе часам зоры.

(С. Сыс 2003, 79-80)

Літаратура ў форме класікі прынамсі прыгадваецца ў вершы „Змяіны цар”, які цягне багата асацыяцый і перагукаецца са знакамітым аднайменным вершам Максіма Багдановіча, напісаным амаль на стагоддзе раней — у 1910 г. У вершы С. Сыса нашмат больш выразна прысутнічаюць змеі, і завяршаецца ён не апісаннем вечаровай цемры, а запытаннем, ці знойдзе паэт карону змяінага цара або сваю мудрасць.

Сяржук Сыс чэрпае натхненне ў гісторыі, у прыватнасці, у званоў з поўнага гучным гулам верша „Споведзь”. Хоць людзі прагна чакаюць званара, ён спадзяецца, што яму хоць што-кольвек дасць узлёт да нябёсаў, бо ведае, што вернецца да прыгнобленых духам, запалоханых людзей проста нічым:

                                  Споведзь

Як я зайздрошчу вам, мудрыя дзіды-званіцы!

Стод маёй веры нязгаснае — звон-уладар.

Вось бы на момант дазвання з ім целамі зліцца,

Ды дачакацца, калі ўрэшце прыйдзе званар.

Песняй званоў ачышчальным святым хваласпевам,

Нанава вырвуся з тоўшчы металу хутчэй,

Хвалямі гукаў у сэрцах заб’юся збалелых,

Пырскамі нот акраплю і жыццё, і людзей.

Бронзавым гулам магутным прайдуся па хмарах

I ўжо з нябёсаў звалюся ў людское „маўчы!”,

Каб, растварыўшыся ў душах сутонных і марах,

Стаць толькі водгукам, сумам і проста нічым.

(Скобла 2003, 769-770)

Апошні ўзор вершаў С. Сыса пра літаратуру і натхненне — наступнае гумарыстычнае чатырохрадкоўе, якое сведчыць, што паэт не заўсёды ставіцца надта сур’ёзна:

Ноч. Павуцінне сноў.

Дзень. Павуцінне спраў.

Скажаш, нібыта ўкраў

Некалькі нечых слоў.

(Скобла 2003, 769)

У вершах С. Сыса пра прыроду выразна прысутнічае адчуванне дотыку – нават у тых, дзе вядзецца пра далёкія сузор’і, як, прыкладам, „Ляціць сузор’е Вадалея…”. Але, мабыць, цікавейшым будзе іншы верш, „За сьцяною — поле…”, у якім надзейны спакой жыцця за трывалымі сценамі не параўнаецца з таямнічай злавеснай і часам небяспечнай, але гэткай зваблівай дзікай прыродай. Аднак шэкспіраўская канцоўка пры ўсёй адсутнасці ў творчасці Сержука Сыса постмадэрнісцкіх прыёмаў ўспрымаецца як разовы легкаважны эфект:

За сьцяною — поле,

Чорное, пустое,

А за полем — прорва

Стогне ў хмызьняках.

Там пугач палюе

Над цьвілой вадою,

Крыламісівымі

Разьдзімае жах.

У начным сутоньні

Страх згінае плечы

І сьцірае межы  

Між дабром і злом.

Ні дарог, ні броду

На той бок пустэчы,

Дзе ў смузе трывожнай

 Цьмяніцца сьвятло.

Шэпча хвошч самотна

Над злавеснай кручай:

— Лепей за сьцяною

У спакоі жыць.

Толькі вабіць прорва, —

Крок раблю рашуча,

Не крыўдуйце, сьцены…

Быць альбо ня быць!

(С. Сыс 2003, 78-79)

У вершы „Мясцовы час” павольны плёскат Сажа, язмін і бэз, іншыя вобразы правінцыйнага жыцця спачатку здаюцца вельмі прывабнымі, але ў канцоўцы паэту не застаецца нічога, апроч знявечаных мар:

Мясцовы час,

Стрыножаныя мары.

(С. Сыс 2003, 78)

Якімі б ні былі ягоныя мары, з гэтай кароткай падборкі твораў Сержука Сыса, пэўна, зразумела, што хоць ён і не такі вядомы, як С. Балахонаў і Югася Каляда, і не такі каларытны, як ягоны таленавіты аднафамілец з трагічным лёсам, Сяржук тым не менш, цікавы паэт, які дадаў у карціну літаратурнага жыцця Гомельшчыны  досыць адметныя фарбы.

У кнізе: Макмілін, А. Пісьменства ў халодным клімаце : беларуская літаратура ад 70-х гг. XX ст. да нашых дзён / Арнольд Макмілін. — Białystok : Orthdruk, 2011. — 910 с.