Каментуючы выхад з Беларускага ПЭН-цэнтру пісьменніка Юрыя Станкевіча для Радыё “Свабода” і агучыўшы ўласную пазіцыю, я ведаў, што ня ўсім яна прыйдзецца даспадобы. Уласна кажучы, каментар мой не ў падтрымку палітыкі сучаснага кіраўніцтва ПЭНа, а ў рацыянальным падыходзе да ўзнікшай праблемы.
Ну вось ёсць арганізацыя — Беларускі ПЭН-цэнтр. Нешта яна робіць, дзейнічае, мусіць выконвае свае статутныя абавязкі. Ня так усё робіцца? Дык быў з’езд, пераабралі кіраўніцтва. Ну і агучылі прэс-рэліз, у якім гаворыцца пра «пэўную дыскрымінацыю» расейскамоўных беларускіх пісьменьнікаў. Пракол. Вінаваты аўтар прэс-рэлізу, вінаваты Хадановіч, хаця і выбачыўся неяк: «Зразумела, ніякага пытання моўнай дыскрымінацыі на сходзе Беларускага ПЭН-цэнтру не абмяркоўвалася й ніякай заявы мы з гэтай нагоды не прымалі. Чым бы ні кіраваўся мой шаноўны калега, што гэты рэліз напісаў і выказаў у ім сваё ўласнае меркаванне, такога слова ўжываць было ня варта. Прабачце, так бы мовіць, за мой недагляд. Выбачаюся перад усімі калегамі-літаратарамі”.
Аднак заляскалі, зарыпелі дзверы: Дубавец, Аркуш, Мудроў, Станкевіч, яшчэ нехта… Хочаце, сябры, крыўдуйце, хочаце — не. Доўга думаў, як пра гэта… пра заяву ПЭНаву. Няварта дзвярыма ляскаць ні Мудрову, ні Дубаўцу, ні Аркушу… Трэба ПЭН ўмацоўваць а не паслабляць, уплываць на ягоную палітыку, тады і расколіна не паўстане. А сыйсці – прасцей за ўсё.
С. Сыс: «Гэтая сітуацыя, якая ўзнікла пасля вядомай заявы, паказвае, што ёсць нейкая праблема сярод творчага асяродку пісьменнікаў. Але я думаю, што яна трошкі раздзьмутая, таму што насамрэч ПЭН-цэнтар павінен усё ж такі абараняць правы і тых пісьменнікаў, якія нейкім лёсам пішуць таксама па-расейску, хоць лічаць сябе беларусамі. У нас ёсць шмат такіх імёнаў, за якія ня сорамна беларусам. Сапраўды, была зроблена памылка, таму што тэрміналогія ня так прагучала і слова „дыскрымінацыя“ ўскалыхнула многіх. Але расейскамоўныя пісьменнікі, якія жывуць у Беларусі і лічаць Беларусь сваёй дзяржавай у думках і сэрцы, канечне, маюць права на любыя прэміі. Гэта маё меркаванне”.
Далей я казаў пра тое, што ПЭНу трэба сабраць раду і разабрацца спачатку самім. І вось, наколькі мне вядома, адбылося нарэшце паседжанне Рады, прыняты нейкі дакумент, які неўзабаве будзе агучаны.
Пакінуў на “Свабодзе” каментар нехта “Думкавец”: “Нашто спатрэбіўся каментар Сыса? Можна так, можна сяк.. Карацей, і вашым, і нашым. І Станкевічу, і Хадановічу. Усім падлізаў”.
Але ж я не з лізуноў. Ды і карысці аніякай з таго не маю. І не пэнавец я. Мая пазіцыя адкрытая, усё маё жыццё і дзейнасць навідавоку. Калі пад стол хадзілі какаць падобныя каментатары, а потым, потым і зараз во, ладзяць ўсялякія шоў “Як вы сталі беларусам?”, ці “Якім быў ваш шлях да беларускасці?” – на якія я магу годна адказаць, што не было ў мяне такога шляху, бо беларусам нарадзіўся і беларусам быў. І пра 2 адсоткі беларусаў, якія чытаюць кнігі па-беларуску таксама ведаю. І ведаю тое, што аніякім загадам сітуацыю ў адначассе не выправіць… І трэба каб Быкаў з Караткевічам, і Багдановіч з Коласам таксама і па-расейску былі перакладзеныя. Бо Марыніны ды Рубіны знясуць нам мазгі канчаткова.
Э, ды што тут казаць…