Згублены ключ

Аднойчы я нетаропка крочыў старымі кварталамі паўднёвага, амаль курортнага, палескага горада. У той вераснёўскі ціхі надвячорак я нічога не заўважаў вакол сябе: ні засяроджаных гараджанаў, якія спяшаліся пасля працы схавацца за сценамі ўласных ракавак-кватэр, ні адвольна падзеленых светлафорамі табуноў імклівых аўтамабіляў, ні тое, што пад нагамі гучна хрумсцелі апалыя рудыя лісты.

На душы было ніякавата, а, мусіць, нават і горш – пагана. Тым вечарам я неяк выразна адчуў, што мне катастрафічна не хапае грошай. Дальбог, пярэчу сам сабе, а калі іх ўвогуле хапае? Ды і не толькі мне. Але тут… тут іншае. Перад табой –  утульная вуліца, віруе жыццё, а ў цябе ў кішэні – анічога. Добра, што яшчэ засталіся цыгарэты, інакш быў бы зусім “швах”.

Вечаровы Гомель. Фота: rom-julia.livejournal.com
Вечаровы Гомель. Фота: rom-julia.livejournal.com

Я йшоў напружваючы памяць прыгожай вуліцай, што плаўна збягала ўніз, да ракі. Недзе тут, паблізу, мусіла месціцца невялічкая майстэрня. Звычайна ў такіх можна адрамантаваць парасон, заправіць газам запальнічку. Мне ж патрэбна было тэрмінова вырабіць ключ. Дакладней два. Звычайныя “англійскія” ключы ад звычайнай савецкай “хрушчоўкі”.  Недарэчна так атрымалася, што амаль адначасна ключы пагубляліся – спачатку дачка “пасеяла” свой, а назаўтра згубіла ключ і жонка. Трэці і апошні быў пры мне: ляжаў глыбака ў кішэні джынсаў.

Майстэрня, заціснутая з абодвух бакоў стракатымі камерцыйнымі павільёнамі, аказалася зусім побач з тралейбусным прыпынкам. Вусаты дзяцюк прасунуў палову няголенага твару ў металічную амбразуру і, зірнуўшы на маю працягнутую далонь з ключом запэўніў: “Зраблю. Такія нарыхтоўкі якраз падвезлі. Толькі якіх пяць хвілін пачакай. І рыхтуй дванаццаць тысяч”.

Раніцай, перад тым, як выправіцца на працу, жонка дала дваццатку. На два ключы не хапала, але калі замовіць хаця б адзін – застанецца восем тысяч рэшты. Не вагаючыся я пагадзіўся.

Новы ключ-блізнятка быў яшчэ цёплы ад напільніка майстра, калі я ўкруціў яго на металёвае колца і глыбей засунуў у кішэню. Затым няспешна палез у барсетку за цыгарэтамі “LM”, закурыў. Жонка звычайна вяртаецца дадому а сёмай, а зараз – гадзіннік звыкла слізгануў па запясцю – толькі пяць. Часу заставалася яшчэ ладнага і можна нетаропка прайсціся пешшу.

Калі быць, наколькі гэта магчыма, шчырым, то я не магу адказаць нават сабе, чаму ўзгадваю той звычайны дзень гэтак падрабязна. Якая таму прычына? Ці патрэбныя каму гэтыя недарэчныя ўспаміны, гэтая залішняя дэталізацыя шэраговага вечара правінцыйнага саўковага журналіста. Хіба што толькі сабе. Верагодна, было яшчэ тут нешта іншае, адметнае і няўлоўнае, і таму, відаць, спрацаваў механізм перасцярогі: не забыць, не згубіць у мітусніне падзеяў дробныя дэталі таго вечара.

Вялае сонца даўно кульнулася за няроўную сцяну дыхтоўных мураваных дамоў. Але ліхтароў яшчэ не запалілі. Вуліца, яшчэ больш прыгожая і загадкавая, паволі ахутвалася сіняватаю вераснёўскай дымкаю, якая няўлоўна пачала раз’ядаць строгія абрысы рэчаў. Раптам я звярнуў увагу на нешта знаёмае: у натоўпе мільганула паліто ў дробную клетку, – рэдкая з’ява для нашага горада. Раскройваючы лёгкае мроіва, стракатае паліто імкліва перасякала вуліцу. Паліто таксама заўважыла мяне і, шырока раскінуўшы рукавы, заварочвала ў мой бок. Так яно і ёсць: Барбароса.

– О, Жорж! Якая сустрэча! Няўжо нарэшце мы пабачыліся? – ягоная нардычная ўсмешка, падалося, асвяціла на момант наваколле.

Прызнацца ў той дзень мне не хацелася бачыць нікога са знаёмых, але што ўрэшце рэшт залежыць ад нашага жадання?

–  Прывітанне! Куды спяшаемся? Табе ж, здаецца, ў адваротным накірунку, ­– азваўся я, трапляючы ў абдымкі даўняга сябрука.

–  Вяртаюся на працу. Хутка павінны пад’ехаць знаёмыя лабусы за тэкстамі. Публіка жадае спяваць маімі словамі, разумееш? Грэх, браце адмовіць. Ну а ты? Як жыццё? Чакай… месяцы два не бачыліся, відаць? – без перадыху, нібы ў радыёэфіры, сыпаў словамі, як заўсёды цупкі і чырвонашчокі Барбароса.

–  А што тут казаць? Усё як і раней. Жыццё, кажаш… Што за жыццё! Так, звыклая бытавуха, тлум. Ты ж сам бачыш, колькі часу прайшло ад нашай апошняе сустрэчы. Ды і сустрэліся во, на бягу, выпадкова. Смешна казаць – жывем жа амаль пробач. А каб вось знайшлася вольная гадзінка, дык маглі б па-ранейшаму, па-людску правесці час.

–  Хіба паўгадзінікі, не болей. Можна крыху прайсціся, – і дадаў асцярожненька, нібы правяраючы маю рэакцыю, – можа дзе піва на вочы патрапіць.

Верыце, піць  мне не хацелася. Тым больш піва. Устыла, мякка кажучы. Аднак, зрабіў выгляд, што якраз гэтага і чакаў, моцна ж хацелася “паспавядацца” пра свой, надта ж незразумелы і трывожны, настрой перад сябруком. Барбароса перакінуў пашарпаную, са штучнай скуры, сумку з пляча на плячо і мы шпарка перайшлі на другі бок вуліцы, дзе магчымасцей “піўнуць” было значна больш.

У бліжэйшым гастраноме таннага піва не было. Скончылася яно і ў піўным ларку, які нахабна вытыркаўся з-за вугла мусіць яшчэ даваеннага гмаха.

– Слухай, Жорж, тут, непадалёк закусачная, памятаеш? Можа лепей гарэлкі возьмем па чарцы, — сябар яўна рушыў напралом. – Толькі вось што ў нас з фінансамі?

– Тысяч восем усяго… — сціпленьна і неяк вінавата вымавіў я.

– Ну, я сёння нашмат багацейшы, — канчаткова ламаючы маё крохкае супраціўленне, усклікнуў Барбароса.

У чырванаватым паўзмроку закусачнай хісталіся-таньчылі мужчынскія сілуэты, глуха плёскалася бязладная гамонка. Тут было вільготна, цёпла і кісла. Барменша прыязна прывіталася з Барбаросай. “Цікава, — разглядваючы закускі за шклом вітрыны заўважыў я пра сябе, — і калі гэта ён паспеў стаць тут сваім?”

Узялі па сто пяцьдзесят “Белай Русі” ды па бутэрброду з вэнджанінай. Чыстая стойка была адна, каля ўваходу. Да яе і прымацаваліся.

– Дарэчы, якім бокам ты сюды завітаў са свайго Зарэчча, — ставячы напалову асушаны кілішак, пацікавіўся Барбароса.

На момант зморшчыўшыся ад выпітай гарэлкі я дастаў з кішэні ключы.

– Бачыш, ключ рабіў ад кватэры. Ключ, браток, на тое і ключ, каб аднойчы згубіцца. І тым самым даць магчымасць, напрыклад, сустрэцца старым сябрукам. Інакш – калі б яшчэ пабачыліся. Ты ж як заўсёды, з галавою ў сваім эфіры: “Доброе утро, дорогие радиослушатели!”

Я ведаў, што Барбароса недзе ў сярэдзіне леташняга красавіка нарэшце ўладкаваўся на сталую працу. Увогуле, такі расклад мне падабаўся. З аднаго боку. А з іншага… Знікла магчымасць для сумесных туснякоў. Праўда, інтэрпрэтацыя гэтай падзеі з ягоных вуснаў прагучала крыху інакш.

– Ведаеш, я даўно шукаў творчае працы. І вось… паабяцалі спачатку і самастойнасць і свабоду, але якая ў фірмачоў творчасць, хутчэй “творчаства”. Спусташальны канвеер, пры якім сябе ўсведамляеш нейкім робатам, ды і ініцыятывы аніякай не праявіш. Амаль усе твае рухі пад татальным кантролем. І ты думаеш мне гэта не абрыдла? Начальству што?  Тыдзень – у Балгарыі, тыдзень у Германіі. Затым у сталіцу, за прачуханцам, затым – разборкі і накачкі на месцы… Але, даруй, нешта мяне не ў той бок панесла. Па-сутнасці, гэта для нас не мае аніякага значэнне, бо мы з табой жывем, як той казаў, “тут і цяпер”. І гэта галоўнае.

– Во, ледзьве не забыўся, — разліваючы пароўну гарэлачныя рэшткі, працягваў Барбароса. – Уяўляеш, сустрэў неяк на праспекце  знаёмага, ну, тыпу музыканта. Ну дык ён, між іншым, прызнаўся, што намерваецца стварыць песню-гімн пра Гомель. “Музыка ўжо ёсць, штогадзінна гучыць на палацавай вежы, што ў парку, засталося напісаць толькі тэкст”. Давялося чэлу распавесці пра верш Канстанцыі Буйлы, на які і напісалі тую музыку. Ён жа ад пачутага нават прыпух.

Гарэлка тым часам скончылася, так і не наталіўшы, не сагрэўшы нутра. Выйшлі вонкі на прыступкі, прыцененыя шырокім рознакаляровым навесам, хапнулі поўныя лёгкія ледзь ядранага, бадзёрага пасьля кіслай духаты закусачнай паветра. Я выцягнуў з пачка апошнюю цыгарэту.

– Няблага для пачатку, — бесцырымонна, ажно да хрусту ў костках, пацягнуўся Барбароса, — толькі, ведаеш, нешта яшчэ мацней захацелася піва і з гэтым ніяк не суладаць.

Цяпер ужо я імгненна падтрымаў ідэю сябра, бо смага і сапраўды станавілася нясцерпнаю.

Піва чакала нас амаль што побач, у нядаўна адрэстаўраваным падвальчыку за вуглом. Раней тут месцілася “апорка”, у якой гадоў некалькі назад азвярэлыя мянты паламалі мне дзве рабрыны. Карацей, да майго незразумелага настрою прычапіліся яшчэ й тыя “настальгічныя” ўспаміны.

Выбар спынілі на “Рэчыцкім”. Я не баюся, калі нехта пачне аспрэчваць, што “Рэчыцкае” піва з маёй, амаль роднай Рэчыцы, – верх асалоды. Я магу сцвярджаць гэта настолькі ўпэўнена, наколькі ўпэўнены тым, што, скажам,  пасьля гэтай восені абавязкова надыйдзе зіма. Шкада, што “Рэчыцкае”  цяпер вараць зусім у іншым месцы — на Бабруйскім бровары.

Падлічылі дробязь. Грошай заставалася і на піва, і на цыгарэты абодвум.  Вяртацца ў закусачную расхацелася. Заставаўся адзіны, правераны неаднойчы варыянт: густы і амаль бязлюдны зараз сквер, што на працягу амаль цэлага квартала прымыкаў да вуліцы-красуні, ад якой мы і завярнулі сюды. Адшукалі лавачку паміж вялізных дрымучых таполяў, расселіся надоўга і грунтоўна. Барбароса тварам да тратуара, я – спінай да яго. Звычка. Каб не лахануцца і не загрымець у чорны варанок за распіццё алкаголю ў грамадскім месцы.

Зусім побач, з-за рознакаляровых купін яшчэ не апалай лістоты, цьмяна вытыркалася бронзавая калода бюста вялікага земляка.

Парушаючы стромкую цішыню, па тратуарнай плітцы звонка пракаціліся два металічныя коркі.

– Дык вось, – адпіўшы з бутэлькі на чвэрць, – сказаў Барбароса, ­– спяшацца ўжо няма куды і таму, пачнем з вершаў. Слухай, браце, свежачок, учорашні.

Чамусці паэзія з піўным “гарнірам” мяне ніколі не вабіла, хаця паасобку і першае, другое, уяўляе значную каштоўнасць. Дык жа не перапыніш паэта, пакрыўдзіш. А ён вунь, чытае, забыўшыся пра сустрэчу з музыкамі, як і я, дарэчы, пра тое, што ў жонкі няма ключоў ад кватэры.

– Ну і як табе? – хітраватая ўсмешка на твары Барбаросы чакала неадкладнага адказу.

– Нешта надта суровае, – пацягваючы піва, неяк глыбокадумна азваўся я. Асабліва моцнае вось гэта. Я паўтарыў тое, што запомнілася – фінал верша:

Всё дальше от тепла, от естества истоков…

И хочетсся рожать в реальную среду.

Не в среду, не в четверг, а в безвременье сроков,

Пока усталый мозг не перегнил в бреду…

 

Мне асабліва хваліцца не было чым, таму змог адказаць хіба што просценькім экспромтам, кшталту гэтага:

Апошняе піва сезона

У брудным сырым павільёне

Такое ж цягуча-стылае,

Як сум непраходны мой.

– Жорж, што за настрой, ты смярдзіш песімізмам! Такія опусы нават у тваёй газеце не надрукуюць, – Барбароса  выбухнуў раптам грунтоўным маналогам, спыніць які, што перайсці пешшу праз Чорнае мора. – Эх, Жоржык, як хутка час пралятае! Пясок жыцця сочыцца няспынна і няўмольна. Трэба рабіць нешта важнае. Глянь вакол, колькі харошых людзей, колькі цікавых спраў. А мы… і пасярод недзе, у гушчыні, як кажуць, і ўсё адно ў нейкім глухім вакууме. Мы нібыта манекены за вітрынай… нават горш. Яны хоць вопратку рэкламуюць, а нам увесь час даводзіцца прымерваць да сябе чужыя паводзіны, правілы, думкі, урэшце рэшт. А насамрэч – трэба жыць напоўніцу, толькі тут і зараз. Іншага не можа быць.

З глыбіні скверу нечакана прысунулася, шоргаючы сухім лісцем, пажылая жанчына ў пакамечаным даўгім плашчы.

– Дай Бог вам здароўечка, сыночкі! Ці не аддасце пустыя бутэлькі, дыпламатычна звярнулася да нас старая.

Я добра ведаў Барбаросу, таму маўчаў, з цікаўнасцю чакаючы далейшага разгортвання падзей.

– Ды Вы што? Нас нельга турбаваць ні ў якім разе. Прашу, не перашкаджайце. Тут зараз вырашаецца важнае дзяржаўнае пытанне… Якое ёсць таямніца.  Праходзьце міма, не парушайце кармы вечара. Мы падумаем пра Вас, толькі пазней, пасля… пасля…

Уздыхнуўшы ўголас і яшчэ больш прыгнуўшыся, яна адыйшлася на дзесятак метраў назад, у цемру, спынілася за дрэвамі.

– Слухай, а як там Класік маецца? – прыпыняючы няёмкую паўзу запытаўся я.

– Захрас трывала ў хаце, нікуды не вытыркаецца, хіба што зрэдку піва выпаўзе пахлябаць пры наяўнасці грошай. Сустракаліся днямі, дык ён за старое: “Усё, блін, дзяцінства скончылася. Бяруся за справу”.

Калі вам раптам даводзілася чытаць кнігу “Гамбургскі рахунак”, толькі не Бахарэвіча, а расейскага пісьменніка Віктара Шклоўскага, тады вы можаце ўзгадаць, як там пра класікаў напісана: “Класікамі людзі, звычайна, становяцца не адразу. А тут здараецца, жыве сярод нас чалавек. Ідзе, скажам, куды-небудзь, а мы, разам усе, гаворым: “Вось ідзе Класік”.

У нашым горадзе таксама жыве Класік і ён лічыць нас з Барабаросам сваімі сябрамі. І таксама псуе паперу геніальнымі творамі.

Аднак дастойна завяршыць свой маналог Барбароса не паспеў: размову перапыніў моцны шум. Пад разлапістай ліпай гучна сварыліся тры пажылыя кабеціны. Сярод іх і нашая нядаўняя знаёмая ў даўгім плашчы. Яе голас дамінаваў над астатнімі.

– Ды вы толькі гляньце на гэтую прайдзісветку, – крычала, нібыта звяртаючыся да ўяўнай публікі яна. – Апошні сорам згубіла. І кватэру мае, і влпратка цёплая ёсць, а ёй усё мала. Але тут ты не разгавеешся. Давай, каціся прэч адсюль!

Збольшага, усё было зразумела. На чужой тэрыторыі, пад сховаю цемры, аб’явілася непажаданая канкурэнтка, вось яе і выжываюць тутэйшыя абарыгенкі.

Я спехам дапіў піва.

– Хопіць назіраць за боем быкоў! Давай вяршыць лёс. Трэба каб і пустыя бутэлькі прыносілі людзям карысць. Ці ёсць якая прапанова?

Барбароса ажывіўся зноў:

– Паколькі прынцып сацыяльнай справядлівасці грамадства адпрэчыла канчаткова і беспаваротна, бутэлькі проста так дзяліць не будзем. Ды і як падзеліш, калі іх дзве, а бабулек трое. Таму прапаную абвясціць аўкцыён.

Давялося перапыняць слоўную траскатню сябра сваім варыянтам.

­– А што калі пляснуць іх аб тратуар, проста так, на вачах у гэтых прагных цярпельцаў?

– Ну, Жорж, прымітыўна гэта, мы ж не вандалы…

Тым часам падзеі пад ліпай разгортваліся натуральна і хутка прыйшлі да лагічнага завяршэння: пасаромленая канкурэнтка, брудна лаючыся, шыбавала ў бок прыпынку. Парадак на тэрыторыі пратэктарату быў адноўлены, а нашыя бутэлькі трапілі па прызначэнню. Мы неяк нават расчараваліся хуткім завяршэннем лакальнага інцыдэнту.

– Вось яна, проза жыцця, – расчулена вымавіў я, і дадаў, уздыхнуўшы: “Праўда, менавіта з гэтага эпізоду прозы якраз і не атрымаецца: ні дынамікі, ні сюжэту. Ні вастрыні…

– Ну не кажы, – з паўабароту завёўся Барбароса, ­– навелы часта вось так і растуць, нечакана, на голым месцы. Прыгадай Бёля, Борхеса. Або таго ж Акутагаву. Усё да простага рэалістычна, і вось гэта – кла-сі-ка. Мы ж, лічы, перажылі сапраўдную буру пачуццяў. Ледзь-ледзь крутнуць сюжэцец і шэдэўр гатовы…

– Але тады гэты эпізод перастане быць праўдай. Праўда яна й была вось тут, 5 хвілінаў назад, а што застанецца ў памяці? … Звычайны суб’ектыўны ўспамін з ладнымі дамешкамі нашага цынізму і эгаізму. Дадай яшчэ, што адны і тыя ж падзеі бачацца намі зусім па-рознаму. Годзе пераймацца, яшчэ адзін Класік адшукаўся!

–  Чакай-чакай, зараз праверым… А ну, паслухай, як бы такі аповед гучаў, калі б пра гэта раптам напісаў я. Напрыклад назавем навэлу так: “Лісты апускаюцца восенню”.

“У прынцыпе, мне похер, каторай з іх дастанецца мая пустая бутэлька – той, што ў чырвонай хустцы, ці той, што палінялым балоневым плашчы. Адзінае, што мне не падабаецца, гэта іхняе рэальнае таптанне перада мной – з нагі на нагу, з пяткі на насок. А сама толькі й думае, напэўна: “Калі ж ты дап’еш гэтае кіслае пойла, гад?” і глядзіць пры гэтым проста табе ў рот. Што застаецца рабіць? Думаць пра яе цяжкае жыццё – пенсію не плоцяць, кватэра дарагая, сын-халасцяк усё прапівае…

А ў галаве быццам выюць сакавіцкія каты перад працуючым трансфарматарам. Гуд такі, што зусім не да вершаў. Што я ў іх разбяру, на лаўцы з бутэлькай піва, тым больш, калі бабуленцыі прагна глядзяць у рот. Гэта мы з табой, Жоржык, прыселі піўка выпіць пасля ўчорашняга, патрындзець пра тое-сёе, паглядзець на буянне красак восеньскага парка. А бабулям насраць на наш з табой лірычны настрой. Тожа мне адшукаліся інтэллегенты! Крута было б, калі яны з-за дзвух пустых бутэлек тут бойку ўчынілі. Вышэйшы клас! Не-а, пакуль стаяць, чакаюць. Тая што ў хустцы прама перад намі, а тая, што ў плашчы, крыху правей, але настроена больш рашуча…

– Ты што, хочаш, гэтыя вершы хочаш у газету аддаць? Яны там каму-небудзь трэба? Іх увогуле зараз хто-небудзь тут чытае – газеты, вершы? Пісаць дык, напэўна, пішуць. Кожны ж хоць бы раз у жыцці спрабаваў. Асабліва ў часы смаркатага юнацтва. Душа гуляе.  Пасядзіш вось так гадзіны дзве ў гарадскім парку. Можна і без піва. Лірыка аж з вушэй прэ: “Унылая пора, очей очарованье… И бабки две пустых бутылок ждут…» Эх, Жорык, шкада, што ў мяне «капуста»  толькі заўтра з’явіцца, а то б яшчэ па адной узялі.

– Маладыя людзі, вы ўжо дапілі?… Вы калі дап’яце, аддайце бутэлечкі вось гэтай жанчыне. У яе ногі хворыя. Яна тут зраніцы ходзіць. А той не давайце. Яна і пенсію атрымлівае, і сын у яе на заробкі ездзіць у Маскву…

Гэта што яшчэ за пудзіла? Заступніца. Тры багатыры. Ты хутчэй выпіў, табе ў рот не глядзяць. Вось яно, выпрабаванне сытасцю. Ты б хоць не кпіў тут.

Увогуле, лагічней было б пры такім раскладзе шахнуць гэтую бутэльку аб асфальт. Як прамое завяршэнне нашага базару. Сам жа казаў – рыць тут нехер. Трэба звальваць у сталіцу, у Расію, на Захад. Хоць куды, абы не грузнуць у гэтым ліпкім месіве местачковасці. Ты хочаш сказаць, што раней, пры камуністах, такіх бабулек не было?  Падаянне так вось, оптам, не прасілі? Дык пры камуністах і шанцаў на нармальнае жыццё не было. Усё чырвона-шэрае. А зараз табе – па поўнай праграме, на выбар – ад блякла-мышынага да ядавітага ультрамарына. Свабода яна ж таксама аб двух канцах. Вяршкоў без карэньчыкаў, на жаль, не бывае. І мы з табой не дзеля таго на гэтую лаўку селі, каб бой быкоў назіраць. Не бачыліся даўно, а піва – як нагода. Хіба не так? Вершы, яны можа і пішуцца недзе, ды ўсё неяк не тыя. Геданізм плюс камп’ютарызацыя ўсёй краіны. Вось у палітыку я лезці не хочу. Хачу толькі, каб бабулі не заміналі мне піва піць на лаўцы і не прыгняталі б сваёй лаянкай лёгкае патрэскванне сухога лісця. Вунь іх колькі насыпала. Хочаш – не хочаш, задумаешся пра трагічную перадвызначанасць быцця, гледзячы, як яны зрываюцца адкульсьці з-пад неба і марудна, ледзве пагоўдваючыся, апускаюцца да сваіх аджыўшых субраццяў.

– Можна забіраць бутэлечку-та? Дык вы той жанчыне не давайце. Вы гэтай аддайце…

Вось і яны сарваліся са сваіх месцаў у соцыуме і кружаць, кружаць. Такія ж пажоўклыя, як восеньскія лісты. Праз гэта таксама трэбы ў жыцці прайсці. Як ты там чытаў толькі што ў перадапошнім вершы, нешта пра голуба, які нерухома застыў у верасні?

Усё. Дапіў. Аддаю… Таму што яна раней падыйшла, раней улезла ў нашую лірычную сустрэчу.

Чуеш, Жорык, колькі зараз пустая бутэлька, тысячы тры?…

Ужо добра сцямнела і вуліца прабівала сабе шлях скрозь цемру стужкаю размытых агнёў. Піва зрабіла тое, што і павінна было зрабіць: мы развіталіся каля грамадскай прыбіральні. Дахаты мне чамусці зусім не хацелася і зрабілася раптам шкада, што адзіныя ключы ад кватэры былі толькі ў мяне і яны вымушалі вярнуцца туды, дзе ля пад’езда нявесела чакае абураная маім спазненнем жонка.

Я мацней сціснуў у кішэні ключы, ірвануў у перапоўнены тралейбус. Пахмурны натоўп шчыльна абхапіў мяне і прыціснуў да задняга вакна. Тралейбус імкліва набіраў хуткасць і агні горада ператварыліся ў яркія суцэльныя пісягі. Я пільна ўглядаўся ў здаўна знаёмую вуліцу і не пазнаваў яе. Вуліца зрабілася аднастайнай і шэрай. А тое, што я ведаў пра яе прыгажосць раней, здалося звычайным падманам.

Дзверы ў кватэру паддаліся  без ключа. У прыхожай гарэла святло, на звыклым месцы вісеў жончын плашчык.

– Ты? Ты дома, але як?

– Пра што гэта ты? – выглянула з пакоя жонка, – а, ты пра ключ. Прабач за няўважлівасць, я знайшла яго ў касметычцы.

2006-2013.