Кожны паэт безнадзейна імкнецца да дасканаласьці, але Галіна Дубянецкая магла б быць чэмпіёнкай сьвету сярод пэрфэкцыяністаў. Ці не таму яе зборнік вершаў “Анадыямэна” (2008) – самая доўгачаканая беларуская кніга пачатку ХХІ стагодзьдзя. Прычым, у прамым сэнсе слова. Так што адданых прыхільнікаў паэткі, што дзесяцігодзьдзямі гэтай кнігі чакалі й ня здрадзілі сваім лірычным захапленьням, таксама можна назваць пэрфэкцыяністамі. Ім і ўсім, хто здольны далучыцца, прапаную перачытаць верш, які даў кнізе назву.
Яшчэ нямецкія рамантыкі называлі музыку найвышэйшым мастацтвам, а паэзію лічылі тым лепшай, чым бліжэйшая яна да музыкі, чым сур’ёзьней спаборнічае зь ёй сваім гучаньнем, уводзячы ў паэтычны транс шчасьліўчыкаў, здольных трапіць пад яе ўплыў. Большасьць твораў Галіны Дубянецкай – якраз такое высокае мастацтва ў “рамантычным” разуменьні. Загіпнатызаваны гучаньнем і рытмікай чытач і – асабліва – слухач можа сьмела забыць, што мова – сродак чалавечых зносін і напісаны на ёй тэкст павінен мець нейкі інфармацыйны зьмест, бо, як казаў адзін з улюбёнцаў нашай аўтаркі, “de la Musique avant toute chose!”
Тыя ж, хто звык ува ўсім знаходзіць мэсыджы, могуць перажыць маленькую інтэлектуальную прыгоду, расшыфраваўшы нескладаны рэбус, закладзены паэткай у вершы. Дастаткова ўспомніць, каго старажытныя грэкі называлі Анадыямэнай – і літаратурная алюзія разгаданая. Спадзяюся, правільны адказ не сапсуе асалоды ад добрага тэксту.
Галіна Дубянецкая
Ты глядзіш
…ты глядзіш у смугу
дзе кружляюць лісты безыменна
і адлюстраны зрок
размыкае абрысы акна
з глыбіні краявіду ўзыходзіць
Анадыямэна
беспрытомнаю зоркай
між явы блукаць давідна
…гэта час калі ў прыцемку моляцца
золкія кветкі
і нябачнае мора
варожыць кірунак любы
тут пакінулі срэбную вопратку
сёстры-падлеткі
і цішком падхапілі і зьнесьлі яе
галубы
…адплываюць удалеч
прыстанкі сьцяжыны і людзі
суціхае пачуцьцяў і думак
успуджаны грай
і спасланая ласкаю
музыка весьці нас будзе
і нячутна пяройдзены
зьнікне з вачэй небакрай
…будзе музыка правіць палёт
у празрыстыя зманы
будзе млосьць і пустэча
і ледзьве адолены крок
і тады прашапоча мне рэха
што ліст атрыманы
і на косы ўскладзе
залаты дзьмухаўцовы вянок
Андрэй Хадановіч, lohvinau.by