Назбіралася ў розных тэчках сотня вершаў, прысвечаных асабіста мне. Рознага палёту, розных аўтараў, на розных мовах… Што з імі рабіць – пакуль не прыдумаў, акрамя як захаваць у электронным выглядзе. Вось сабраў нешта цёплае, шчырае і дарагое… Зразумела, з-пад пяра любай жоначкі Галінкі, зразумела што ня ўсё, але праца працягваецца.
Галіна Дубянецкая
Да нашых першых угодак
Сонейкі і мальвы,
і касьмейкі –
гэта весткі,
весткі ад Сяргейкі.
А ў дачушкі
промнікамі вейкі
ды ў паглядзе вогнік –
ад Сяргейкі.
Што вам трэба.
сьлёзкі-самасейкі?..
На плячы пасеяцца
ў Сяргейкі.
Кастрычнік, 2006.
* * *
Міленькі мой
з ласкі Божай Муж!
Ты заўсёды
мой крылаты Муз!
Ну, а ў Дзень Анёла ты –
Дзіцятка,
Зноў народжаны на сьвет
Дзіцяткаў Татка!
З ласкі Божай жонка Галька.
* * *
Маладому Тату –
розуму палату,
здароўя цабэрак,
талентаў куфэрак,
хітрасьці кілішак,
грошай – цот і лішак,
мараў – сто абшараў,
спалоху – ні троху!
* * *
Мой дарагі,
віншую з белым сьнегам,
часоў і пораў
дзіўным кругабегам:
пражыты год
абрыс набыў
пярсцёнка.
А новы – зноў
як чыстая старонка…
Жонка Галька
* * *
Студзень глядзіць у ваконца,
А ў хаце — сезон лагоды.
Наш тата сказаў, што ён — сонца…
Сьвяці нам, любы, заўсёды!
Сяргеіха
(велічальная)
Як Галінку Сяргей палюбіў –
ён ёй шчупакоў налавіў.
Як прашпектамі з мілай гуляў –
на вячэру ёй грыбоў назьбіраў.
Як пад дожджыкам ён мок – не раскіс,
ні ў бару яго камар не загрыз!
Колькі зімак адгавеў – не азыз!
От такі ў мяне Сяргей, Божы Сыс.
Ты – жыцьця майго найбольшы сюрпрыз,
мы наведаем з табой Парадыз!
Хай гадуюцца пад сонцам Сысы,
як у Заспе на Дняпры гарбузы!
2012
***
Бывай, Траецкае, бывай!
Цяпер на вулцы Гая
Будуе тата новы рай
І ўсё наноў стварае.
Бог помач тату – і дачка,
І верная пантэра,
І вобраз мілы павучка
На cьвежанькіх шпалерах.
26 студзеня 2015 г.