Гэты незавершаны, сыры верш лёгкадумна выпаў з рук ды паплыў некуды па рэках інтэрнэту. Аднак не патануў, а патрапіў ва ўчэпістыя лапы таямнічага lazzaro, які прыляпіў яму завяршальную страфу. Цяпер нават ня ведаю, як назваць такую супольную творчасць. Урэшце, мяркуйце самі.
ЦАГЛІНЫ
Перш чым цагліна злучыцца з мурам –
муляр вачыма яе распране,
вывучыць пільна цагліны натуру,
і вось нарэшце цэгла ў сьцяне.
Кратае муляр другую цагліну,
нібы каштоўную рэдкую рэч…
І адкідае яе праз хвіліну,
як непатрэбшчыну некуды прэч.
Так вось і Творца людзей аглядае –
вырабы з гліны з падмесам душы.
Ды прыстасоўвае, не адкідае—
каб усялякі дабру паслужыў*.