Пад час міжнароднага літаратурна-мастацкага пленэру ў Друскеніках у 2008 годзе, дзе амаль тры дзясяткі польскіх, беларускіх, літоўскіх і ўкраінскіх паэтаў, фатографаў і перакладчыкаў, жылі і працавалі супольна ў цішыні ляснога курортнага горада, добра пісалася. У выніку, акрамя двух дзесяткаў паэтычных перакладаў, нарадзіўся цыкл вершаў «Вясна ў Друскеніках». Амаль цалкам ён увайшоў у кнігу паэзіі «Стрэмка».
БЭЗ
“Так, невыносна жыць
на гэтай зямлі, калі без
цябе і крыху іранічных вершаў пра бэз…”
Тацяна Сапач
А як жа паэту без іранічнага верша пра бэз,
Які бессаромна ўглядаецца ў шэрыя шыбы,
У мікраскапічныя шчыліны шчэміцца спрэс,
Шкрабецца ў вакно, б’ецца крылцамі нібы?
І шчыра шапоча: «Пусці асцярожна ў свой сон.
Дазволь падзяліцца кароткай,
як выдых, раскошай,
Паслухай, свае перашкоды адпраў пад адхон,
Раскрый згаладалае цела для радаснай ношы…
Адкуль і навошта няўцямны дурны супраціў?
Няспешна пяшчоту прымі,
а на золку падзякуй…»
Паверыў самотны паэт
ды адчайна вакно адчыніў,
І шчасны, аблашчаны водарам бэзу, заплакаў.
ДРУСКЕНІКІ
Друскенікі. Трымценне цішыні.
Чатыры дні распростваюцца плечы.
Тут не сезон. Тут рэдкія агні.
Тут бэз прастуе проста праз парэнчы…
Халодны бэз над Нёмнам, без мяжы,
Мацуе бераг стромкі каранямі…
Між намі ток сустрэчны прабяжыць
Зламаным промнем на кардыяграме.
Магчыма, што адзіны гэты знак
З бязважкасці ў сябе мяне вяртае:
Таемны крыж зямны сядлае шпак,
Крыж на касцёле сонца абдымае.
Кавярні пастка раптам паглыне
Мяне і вып’е волю да астачы…
Друскенікі, на памяць пра мяне
Збярыце ў соснах рэха «Аčіū»!*
*Аćіū! – (літ.) – дзякуй!
* * *
Друскенікі згубіліся ў лясах,
Пульс правінцыйны слухаецца вяла,
Плыве над Нёмнам кавы чорнай пах,
Салодкай неадольнаю навалай.
Бы ластаўкі, між столікаў снуюць
Афіцыянткі ў гжэчнай «Каланадзе» –
У строях чорных, хуткія, што ртуць;
«Любы капрыз!» – як сэнсары ў паглядзе.
Які капрыз? Адчую ў першы раз
Разгубленасць адсутнасцю жаданняў,
Сваю адсутнасць тут, дзе згінуў час,
Жаданне болей не жадаць дазвання..
Друскенікі згубіліся ў лясах,
А я прапаў на Віленскай алеі…
Бяссільны нават кавы чорнай пах,
Калі на амнезію захварэеш.
* * *
На блакітным ватмане Друскене
Акварэльным пэндзлікам стыхій
Светлацені хмар малюе геній
Месцаў гэтых ціхіх і глухіх.
Ажываюць пульхныя аблокі
На азёрным чыстым палатне,
Марыюша звон плыве здалёку,
А вакол – птушыны паланэз.
Я бязвольны… Лёгка мне ў палоне,
Дзе і колераў, і гукаў пераліў,
Той сімфоніі, якую сам Чурлёніс
Праз гады нанова паўтарыў.
Вецер з Балтыкі, задзірлівы і шпаркі,
Абрынае ў возера тугу,
Палятуць да Беларусі хмаркі,
Я ж ляцець так хутка не магу.
2008.