Беласток

Адзінае месца на сьвеце, дзе я адчуваю сябе дома – Беласток. Не ведаю, адкуль такое адчуванне, але вось натхніўся і верш нават прысвяціў гэтаму гораду. Ён, дарэчы быў надрукаваны ў беластоцкай “Ніве”, ды і ў “Нашай ніве”, ды і шмат у якіх іншых газетах.

 

У гарадах блукаў далёкіх,
Губляўся ў скопішчы людзей,
І толькі ў ціхім Беластоку,
Так, так, у ціхім Беластоку,
Было мне ўтульней і мілей.

Да Заменгофа вольным крокам
Прайсьці па Ліпавай наўсьцяж…
Бо толькі ў шчырым Беластоку,
Так, так, у шчырым Беластоку,
Яшчэ застаўся подых наш.

А як зьлятаюцца аблокі
На мадэрновы сьвенты Рох!
Ды ўсё таму, што ў Беластоку,
Так, так, у сьветлым Беластоку
здаецца, часам ходзіць Бог.

Яшчэ ня раз усьцешаць вока,
Пляц і Браніцкага Версаль,
Пакуль спачну не ў Беластоку,
Так, так, спачну не ў Беластоку,
А ў Беларусіі, на жаль…

2011.