Таццяна Барадуля: Але болей за ўсё ў вершах Сыса падабаецца энергетыка: моцная, стваральная

Але болей за ўсё ў вершах С. Сыса мне падабаецца энергетыка: моцная, стваральная, напорыстая, якую далёка не часта можна сустрэць пасярод нашай усеагульнай млявасці ды абыякавасці да жыцця.

Сержуку Сысу i ўсiм беларускiм паэтам прысвячаецца 

Таццяна Барадуля.
Таццяна Барадуля.

Стрэмка-сэрца-Смутак-Сыс.

Не глядзi, Сяржук, унiз!

Стрэмку з сэрца выдзiрай,

зорны рай чапляй за край!

I не ценем, а крылом

(пекла хай ляцiць на злом)!

Сэрца верай атулi –

разальюцца па зямлi

радасць i любоў, i Бог

лабiрынтамi дарог

будзе да пляча плячом,

да крыла твайго — крылом!

«…Сваю Радзіму і свой светлы Смутак я стварыў сабе сам», — дэкляруе Сяржук Сыс у прадмове да ўласнага зборніка вершаў «Стрэмка», які пабачыў свет у 2011 годзе ў выдавецтве «Кнігазбор» у серыі Саюза беларускіх пісьменнікаў «Кнігарня пісьменніка».  А хіба магчыма адчуваць хараство і гармонію навакольнага свету, яго непаўторнасць і незваротнасць кожнага імгнення знаходжання сябе ў стане зачараванасці гэтым хараством без адначасовага адчування смутку? Для нас, беларусаў, — не.

Смутак… Светлы і невыкараняльны… Ён глыбока ўвабраўся ў нацыянальны светапогляд, све-таадчуванне і светаўспрыняцце. Ён — спрадвечны. Таму можна было б аспрэчыць сцвярджэнне аўтара: «…я стварыў сабе сам». Мяркую, што гэта працэс узаемастваральны. Але хоць смутак і стаўся фонам, на якім перад намі «праплываюць» створаныя вобразы і дэталі, а таксама разгортваюцца падзеі, пра якія апавядае аўтар, не ён — галоўнае. А ўражваюць найперш вобразы і метафары: яркія, адметныя, незвычайныя (вершы «Вадалей», «Кропля», «Яднанне», «Дрэва», «У сіроцкім жытле», «Трыпціх сутоннай душы», «Дзеці Сонца», «Самота ля старадаўняга касцёла», «Друскенікі» ды шматлікія іншыя, якія хочацца пералічваць ды перачытваць).

Аўтар выдатны апавядальнік: ледзь не кожны другі верш — быццам малюнак з натуры альбо пейзаж: чытаеш — і адразу ў дэталях бачыш карцінку, апынаешся ўнутры яе (вершы «***Я забіты…», «***Скончыцца праца…», «Зімовым шляхам», «У верасовым лесе», «***Божа…», «Паненка дажджу», «***Калі твае крокі — адзіная музыка ночы…», «***У парку пустэльным…», «Вужыная поўня», «Змяіны цар», «Сад вогненных сліўняў», «Вартавыя сноў» і інш.).

Аўтар любіць пасмяяцца, паіранізаваць, падзяліцца ўсмешкай з чытачом (дзе — шырокай, адкрытай, а дзе — прытоенай, прыхаванай, адно яе выдаюць іскрынкі вачэй, што так і бачыш, чытаючы вершы «У мястэчку», «Залацісты цмок», «Майстрыха», «Слуп і бярозка», «Бывай, Ярыначка», «Бэз», «***Па дарозе між Крэвам і Ракавам…», «Аблачынка»).

Ёсць у зборніку вершы вострасюжэтныя, як фрагменты трылераў; яны быццам «працінаюць» душу чытача нейкім раптоўным непакоем і няўцямнай трывогай («Белакаляровы верш», «Чалавек у чорным паліто», «Зло», «Дзяўчына», «Люстэрка»).

Але болей за ўсё ў вершах С. Сыса мне падабаецца энергетыка: моцная, стваральная, напорыстая, якую далёка не часта можна сустрэць пасярод нашай усеагульнай млявасці ды абыякавасці да жыцця. «Унутры» карцінкі, «намаляванай» паэтам, нават скрозь сузіранне выпраменьваецца парыў, імкненне, рух, дзеянне (вершы «Хадзем са мной!», «Быць альбо не быць», «Залатыя міроны», «***Новы дзень размалюе па-новаму…», «Парасон», «Калі былі маімі рэкі», «Мой Дняпро», «***У чаўне па вялікай вадзе…», «***Мы тут жылі, жывём, нам трэба жыць…»).

А напрыканцы аповеду пра мае ўражанні ад «Стрэмкі» зноў хачу трохі паспрачацца з аўтарам. Вось цытата з ужо згаданага верша «Люстэрка»: «Глядзіцца ў люстэрка смерць,/ каб там убачыць мяне». Але ж на старадаўніх гравюрах смерць выяўлялі з адсутным тварам. Значыць, у яе няма вачэй і, як следства, ёй няма чым глядзецца ў люстэркі.

Адсюль лагічна вынікае, што яе няма. Няма ў тым разуменні, у якім мы яе баімся. Таму цалкам далучаюся да Сержуковай парады: «…забыцца на смерць адгэтуль».

І яшчэ. Каб спраўдзіць «Крозы пра нябёсы»: «Толькі розумам як зразумець/ Тых людзей, што лятуць у Шагала?/ Значыць, можна… іх бачыў мастак…/ Значыць, праўда, што лётаюць людзі?/ Можа, заўтра з якога маста/ Сігану стрымгалоў./ Будзь, што будзе», — хочацца закрычаць што ёсць моцы: не варта з маста, Сяржук! Больш уражанняў і па сваёй працягласці, і «крылатасці» атрымаеш ад скокаў з парашутам (праверана мной асабіста). Балазе, аэраклуб пад Мінскам у Баравой ёсць…Удачы і натхнення, Сяржук! І беражы сябе, калі ласка! Белліту вельмі патрэбны твае насычаныя, энергетычныя, іранічныя і дасціпныя вершы!

Таццяна БАРАДУЛЯ.

Фота з сайту “Родныя вобразы”.