Выконваю дадзенае Алесю Бяляцкаму і сабе абяцанне – перакласці некалькі вершаў Героя Ўкраіны і дысідэнта Васіля Стуса на беларускую мову. Галіна Дубянецкая пераклала 18 вершаў. Мне хоць бы некалькі адалець. А потым… потым збярэм кніжачку перакладаў, бо многія беларусы перакладалі Стуса.
Дарэчы, жончыныя пераклады неяк уратавалі мяне ад бяды ва Украіне напачатку расейскай агрэсіі.
“На Лисiй горi догоряє багаття нiчне”
На Лысай гары кастрыска ўначы палыхне,
і жоўтае лісце на Лысай гары дагарае,
а я ўжо забыўся на ўсё і той Лысай гары не згадаю,
не ведаю нават, гара ці пазнала б мяне.
Кастрычніка час – гэта час надвячоркаў тваіх,
тваіх недавераў, нявер’я, асенняга ветру пад вечар,
і нават палова жыцця забываецца ўміг.
Грэх забываецца. Гора і радасць – няхітры рэчы.
Кастрычніка час – час тваіх тонкагорлых разлук,
І я ўжо не ведаю, проста не ведаю, і не ўяўляю,
памёр я зусім, ці жывы, ці жыўцом паміраю,
бо ўсё адбрыняла наўкола, і згасла, і выпала з рук.
І пахнуць дагэтуль горкія вусны, салёныя ажно нібы,
далоні тужлівыя, як і раней, вабяць пахам,
і вось пралятае Гара – напалоханым птахам,
і глуха, як кроў у аортах, надрыўна гудуць галубы.
©Васіль Стус
©Пераклад Сяржук Сыс