Да заканчэння збору сродкаў на выданне новай кнігі праваабаронцы, паэта і пісьменніка Сяржука Сыса засталося ўсяго 10 дзён. Збор на кнігу пад назвай «Пералёт-трава» ідзе на платформе “Гронка”.
Паводле аўтара кнігі, «Пералёт-трава» – гэта шчыры і эмацыйны партрэт непрадказальнай рэчаіснасці, спалучаны з верай у чалавечую салідарнасць і каханне:
– Я хацеў зафіксаваць тыя падзеі, якія здарыліся ў маім жыцці. Спачатку я не хацеў іх фіксаваць, але потым падумаў, што не адзін я такі шлях прайшоў. І гэта нейкая частка нашай сучаснай гісторыі, гэта частка нашага болю, як гэта ўсё атрымлівалася. Таму што па ўсім шляху, дзе я праходзіў, уцякаючы з Беларусі, – гэта Расея, Україна. Польшча, Нямечччына – заўсёды былі беларусы. І заўсёды яны былі спагадлівыя, і не толькі яны, але і іншыя людзі.
У кнізе «Пералёт-трава» чытач можа знайсці роздумы наконт вырашэння псіхалагічных праблем, якія ўзнікаюць у большасці вымушаных мігрантаў.
Як кажа Сяржук Сыс, гэтая кніга ў першую чаргу будзе прысвечаная тым, хто з’ехаў з Беларусі:
– Тыя, хто застаўся, няхай пачытаюць і зразумеюць тых, хто з’ехаў. Таму што сёння ў нас такая сітуацыя, што пачынаецца падзел. Ёсць людзі, якія з’ехалі, абжыліся, і яны не вераць ужо тым, хто застаўся ў Беларусі. Яны думаюць “вось здраднікі”. Але ж не, там не толькі здраднікі, там людзі, якія ціха, сваімі нейкімі хітрымі хадамі, маленькімі штуршкамі, застаюцца самі сабой. Для мяне гэта вельмі важна, каб яны таксама прачыталі
Паэт і пісьменнік Сяржук Сыс спадзяецца, што кніга выйдзе ўжо 1 красавіка. Друкавацца яна будзе ў Вільні, дзе іпройдзе пасля першая прэзентацыя кнігі. Таксама ён плануе зладзіць шэраг сустрэч і ў Польшчы, дзе фундатары яго кнігі атрымаюць друкаваныя паасобнікі.