Сяржук Сыс напісаў “Нясумную кнігу беларускага выгнанца”

«Кніга пра жыццё, кніга пра каханне, кніга пра нас» альбо «Нясумная кніга беларускага выгнанца» — так характарызуе свой зборнік прозы «Пералёт-трава» пісьменнік і праваабаронца Сяржук Сыс. Кніга выходзіць у выдавецтве «Logvino Literatūros namai» напрыканцы сакавіка.

У аповесці «Пералёт-трава» падрабязна і рэалістычна распавядаецца пра падзеі ў Беларусі пасля выбараў 2020 года, пра лёсы тых беларусаў, якія вымушаныя былі пакінуць радзіму з-за крымінальнага пераследу, пра салідарнасць, якая дапамагае вытрымаць няпростыя выпрабаванні ў міграцыі.

«Аповесці ў жанры нон-фікшн, якія я ўключыў ў кнігу, з’яўляюцца, як мне падаецца, каштоўнымі сведчаннямі падзей, якія адбыліся ў Беларусі пасля 2020 году: масавыя рэпрэссіі ў дачыненні да прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, вымушаная міграцыя дзесяткаў тысяч беларусаў, праблемы з адаптацыяй у новых умовах. Гэта толькі частка перажытага героямі кнігі. «Пералёт-трава» — шчыры і эмацыйны партрэт непрадказальнай рэчаіснасці, спалучаны з вераю ў чалавечую салідарнасць, вераю у каханне, якое, магчыма, і выратуе гэты свет. Пасля выдання кнігі я планую правесці шэраг чытацкіх сустрэч у Літве і Польшы, распавесці пра сваю творчаць, пра новую кнігу, а таксама адкажу на любыя пытанні», — распавядае Сяржук Сыс.

У кнізе таксама змешчаныя аповесць «За частаколам», гэткі своесаблівы дзённік звычайнага беларускага псіха, дзе распавядаецца пра псіхіхалагічныя станы эмігрантаў і ўцекачоў з Беларусі, апавяданні, напісаныя за апошнія гады, а на завяршэнне — цікавыя карацелькі-жыццёвінкі, некаторыя з іх друкаваліся ў перыёдыцы і сталі легендамі.

«Дагэтуль у мяне выдаваліся паэтычныя зборнікі, апошні з якіх — кніга вершаў «DOM» — якая была прэзентаваная ў мінулым годзе і сёння яшчэ запатрабаваная ў чытачоў. Падрыхтаваная да друку новая паэтычная кніга «Прыручэнне Літвой». Але паэзія — гэта балюча і складана. Таму вось і паспрабаваў звярнуцца да прозы. Што атрымалася — скажуць чытачы новай кнігі» — кажа аўтар.

На краўдфандынгавай платформе Gronka абвешчаны збор на выданне кнігі «Пералёт-трава». Данатары, якія падтрымаюць праект, будуць мець магчымасць атрымаць кнігу з аўтарскім аўтографам.

budzma.org