У ноч з 10 на 11 ліпеня 2023 года ў рэанімацыі памёр палітзняволены мастак Алесь Пушкін, куды яго даставілі ў непрытомным стане з гарадзенскай турмы. У Алеся была прабадная язва, але яму своечасова не аказалі дапамогу ў турме. Ноччу, на аперацыйным стале ў мастака спынілася сэрца…
З мастаком Алесем Пушкіным жыццё звяло так даўно, што нават і не памятаю зараз, калі і дзе гэта здарылася. Відаць, недзе напрыканцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя.
Трагічная смерць творцы ў турме, а верагодней гэта было спланаванае палітычнае забойства, скаланула мяне – Алесь жа моцны, пазітыўны, ну як жа так!
Былі знаёмыя з ім даўно, а з 2007 года, калі я перабраўся з Гомеля ў Мінск, сталі часцей бачыцца з розных нагодаў і проста выпадкова. Алесь нярэдка бываў у нас з Галінай Дубянецкай у гасцях.
А неяк мы з Алесем гасцявалі ў маёй маці ў Заспе. Тады яна была рэгенткай царкоўнага хору ў Свята-Троіцкай царкве. Дарэчы, у гэты храм паэт Анатоль Сыс перадаў карціну Аляксея Марачкіна, якая стала мясцовай славутасцю – абразом “Маці Божая Чарнобыльская”. Гэтую карціну насілі ў 90-ыя гады падчас Чарнобыльскага шляху ў Менску наперадзе шэсця. Канечне, гэта не ў чыстым выглядзе абраз. Але людзі шануюць яго, дык вось Алесь хацеў паглядзець на карціну.
Нараніцу Пушкін схадзіў у царкву з маці, палюбаваўся на абраз, а затым папрасіўся ў святара, каб той дазволіў падняцца на званіцу і адзваніць у званы нядзельную службу, бо ён умеў нават гэта.
Праз дзень мы выбіраліся на Гомель. Я – дахаты, а Алесю яшчэ трэба было ехаць на перакладных у сваю вёску Бобр. Выйшлі на шашу, спынілі вялікі чорны бус, які кіраваўся да Пецярбурга.
“Вось дык удача”, – узрадаваўся Пушкін. – Гэта ж у мой бок, якраз да Оршы дабяруся, там і да Бабра будзе недалёка”.
У салоне бусіка было толькі тры сядзенні, а пасярод – невысокі металічны п’едэстал. Ноздры казытаў незразумелы саладкаваты пах. За размовамі дарога да Гомеля праляцела імгненна. На кальцавой я выйшаў і памахаў услед Алесю.
І толькі тут звярнуў увагу, што ззаду на чорным аўтамабілі быў намаляваны вянок і надпіс: “У апошні шлях”.
– Ну і папутка, – падумаў я тады.
Аднаго разу жонка Галіна рыхтавала вялікую гутарку з Алесем для часопіса “Дзеяслоў”, падаецца тэкст быў надрукаваны ў 2008 годзе пад назвай “Жыццё ёсць няспынны мастацкі працэс”. Я ўскосна быў уцягнуты ў творчы працэс і мне імпанавала жыццёвая і творчая пазіцыя Алеся.
“Ці патрэбны я свайму народу – прынамсі там, дзе я жыву? Шмат бывае цяжкіх дэпрэсіўных дзён, калі бачыш заняпад, співанне людзей, якім не да мастацтва… І як цешыцца душа, калі які небудзь чалавек, сталяр, замаўляе напісаць партрэт сваёй жонкі і вешае яго з любасцю, пяшчотай і пры гэтым вялікай пашанай да мастака…” – распавядаў ён.
А ў 2012 годзе паўстала пытанне афармлення вокладкі для маёй паэтычнай кнігі “Стрэмка”. Не раздумваючы спыніў свой выбар на Пушкіну, падумалася, вось ён зможа. Тады ў нас цікавая супраца атрымалася. На маю просьбу зрабіць макет вокладкі, Алесь запатрабаваў увесь рукапіс зборніка, каб усё пачытаць і паглядзець, што можна зрабіць, каб вокладка дакладна адлюстроўвала сэнс паэтычных твораў. Затым праходзіць нейкі час, і аднаго ранку на офіс “Вясны” Алесь уносіць нешта вялікае, памерам можа метр на паўтара.
“Вось, Сыс, твая вокладка, забірай!”
Вызвалілі карціну ад паперы – прыгожа! А Алесь працягвае: “Ідзі аплаці таксоўку, а потым пра кошт будзем дамаўляцца”.
Як шкада, што не меў на той час грашэй і праца Алесева патрапіла ў іншыя рукі, у дом з вялікімі пакоямі і высокімі сценамі.
Ну а мне было дазволена зрабіць фотаздымкі для вокладкі.
На сваё пяцідзесяцігоддзе ў кнігарні Логвінава я зладзіў раскошную прэзентацыю “Стрэмкі”. Дзеля такой падзеі Алесь прывёз на юбілей тую карціну, якая ўпрыгожвала дзейства.
Пушкін тады жартаваў:
“У нас ёсць вялікі паэт Анатоль Сыс. Сяргей Сыс таксама адбыўся як паэт, ён мае кніжку. Я баюся толькі аднаго: каб у нас вучні ў школах з цягам часу не зблыталі — яны двоечнікі і так — яны заблытаюцца з Сысамі. Калі ён выдасць яшчэ 5, 7, 8 кніжак , школьнікі не зразумеюць, заблытаюцца, які гэта Сыс. Таму мне хацелася б проста параіць Сяргею на першай кніжцы спыніцца і стаць вядомым праваабаронцам альбо брынчаць на гітары. Адным словам, завязаць з паэзіяй прынцыпова. Каб не было ў будучых пакаленняў школьнікаў блытаніны ў галаве”.
Нехта з залі перапыніў ягоны выступ: «Пушкін, не бядуй! У Расеі трое Талстых. Двух Сысоў вытрымаем!”.
Мой добры знаёмы Алесь Дзергачоў летась узгадваў, як у пачатку верасня 2012 года мастакі Валянцін Варанішча, Алесь Цыркуноў, Генадзь Драздоў і Алесь Пушкін зладзілі ў Смаргоні плэнер, прысвечаны гадавіне расстрэлу Расціслава Лапіцкага, кіраўніка пасляваеннага антыкамуністычнага супраціву ў Смаргонях. Намаляваныя падчас мерапрыемства карціны асвяцілі ў царкве, а затым ля помніка Багушэвічу ў парку зладзілі перформанс. Пасля з карцінамі накіраваліся да дому Валянціна Варанішчы.
Зразумела, па дарозе мастакоў затрымалі. Калі Алесю Пушкіну загадалі праследаваць у аўта для далейшага разбіральніцтва, ён некалькі разоў запатрабаваў паўтарыць загад на беларускай мове. Не атрымаўшы адпаведнага рэагавання, лёг. Так яго і занеслі ў аўтамабіль.
Затым былі пакаранні. Найбольшае, у выглядзе 10 сутак арышту, атрымаў Пушкін, бо да за “несанкцыянаванага мерапрыемства” дадалося яшчэ і “непадпарадкаванне”.
З пастарунку Алесь, забраўшы карціну, накіраваўся ў райвыканкам, каб сустрэцца з кіраўніцтвам раёна наконт усталявання помніка Расціславу Лапіцкаму. Пасля наведвання выйшаў і на прыступках вымавіў: “Помнік Леніну зносіць не будуць, помнік Лапіцкаму ўсталёўваць не будуць”.
Але ж можна сказаць, што ініцыятыва Пушкіна (яна была, відавочна, першай) аказалася небезвыніковай. Праз пэўны час помнік Леніну з цэнтральнай плошчы Смаргоні ўсё ж прыбралі.
…У панядзелак, 3 ліпеня, Алесь пакінуў у сваім дзённіку лаканічны запіс: «П’ю аміпразол, для страўніка, бо ні сліны, ні апетыту, вельмі слабы пасля антыбіётыкаў і тэрапіі таблетак. Апетыту няма, дзень ляжу не ў змозе падняцца».
Бог падараваў нам, беларусам, свайго таленавітага Пушкіна, а мы яго не ўратавалі, не збераглі…
P/S. З апошнімі працамі Пушкіна, многія з якіх створаныя ў зняволенні можна азнаёміцца па спасылцы.