Завяршыў працу над новай аповесцю “За частаколам” ў стылі нон-фікшн. Канструкцыя – простая, у выглядзе дзённіка. Аднак пастараўся даць уяўленне пра псіхіятрычную дапамогу ў розных краінах, пра розныя псіхічныя засмучэнні, працу лекараў і свае ўласныя адчуванні. Зараз чакаю адказу ад выдаўца.
…Гэты віленскі шпіталь добра апісаны ў рамане Юргіса Кунчынаса “Туўла”, што дадавала нейкай інтрыгі маёй чарговай і нечаканай прыгодзе. Скажу адразу, што тут я ўжо лекаваўся два гады таму, таксама ў красавіку 2022 года, калі патрапіў у Вільню, уцякаючы ад бойні ў Украіне праз Польшу ды Нямеччыну. Вось тады мяне і змясцілі сюды, у крызіснае аддзяленне. Тут хоць куды пакладуць, абы не ў першае, бо яно закрытае і пацыенты там шмат у чым абмежаваныя.
Доўга чакаў чаргі ў прыёмным пакоі, затым пачаліся агляды дактароў, доўгія роспыты, кардыяграма, вымярэнне тэмпературы, ціску.
– Прывітанне! – кажу доктарцы ў прыёмным пакоі. – А я Вас памятаю, два гады назад вы мяне таксама афармлялі.
– Laba diena! Я таксама памятаю Вас.
Вось жа памяць у жанчыны, думаю сабе, у бясконцай кругаверці хворых, часам у эмацыйным накале, памятаць сваіх ранейшых пацыентаў.
Ага, вось які складаецца пасьянс: зніжэнне канцэнтрацыі ўвагі, паталагічнае пачуццё віны, нізкая самаацэнка, адсутнасць веры ў будучыню, усё дакладна так, як і ў тых пяці адсоткаў насельніцтва планеты, якія перажылі гвалт, цяжкую страту, глабальныя катастрофы, якія выклікаюць працяглы стрэс. Вось і дыягназ: дэпрэсіўнае засмучэнне. Гэта надоўга, але не катастрафічна, калі кіравацца некаторымі правіламі і працяглы час сябраваць з антыдэпрэсантамі.
Як ні круці, без У. тут не абыйшлося. Хук левай у яе атрымаўся на славу. А зрэшты, вінаваты і я сам, натура кабеліная. Ведаў жа, што не бывае цудаў.
І вось адвялі мяне ў шосты корпус. У палаце нас двое – Сяргеюс і я, Сяргей. Падумалася міжволі: “Хоць бы дактары нам не блыталі прызначаныя лекі”.
Сёння, дарэчы, даведаўся, што на гэтай вулачцы – Васарос (Летняя як па-наску), якая нікуды не вядзе і завяршаецца тупіком, – некалі жыў Сяргей Шупа, перакладчык “Туўлы”, культавага рамана Юргіса Кунчынаса. “Сімвалічныя знакі”, – падумалася мне.
У гэтых дробных клопатах дзень мільгануў імклівым ценем.
Ага, яшчэ… Вечарам прыехалі бабруйскія сябры, прывезлі фруктаў, мінералкі, рознага печыва і цыгарэт.
Пасля вечаровай жмені пігулак упершыню спаў, як мядзьведзь узімку.
11 красавіка.
Ой, паслухайце толькі, што мне снілася! Проста ў палату заходзіць паштавік у прыгожай жоўценькай кепачцы і пытаецца, ці ёсць я тут. Затым працягвае вялікую бандэроль, напоўненую пачкамі з дрожжамі. У пакунку была таксама цыдулка ад Яўгена Вапы: “Дасылаю табе дрожжы, каб варыў болей самагону”.
“Не ведаю нават, ці ёсць у Літве ў продажы дрожжы, ды і усё роўна ня ўмею гнаць самагон, а галоўнае – у завязцы”, – падумаў я раніцай, ды махнуў рукой.
Сёння дачытаў “Туўлу” і адчуў прыкрае расчараванне: чаму так хутка скончыўся раман. Я ж меркаваў, што гэтага чытва мне хопіць прынамсі на тыдзень. Я і так стараўся расцягваць чытанне, каб хапіла на болей дзён. Не атрымалася.
У бібліятэцы, у пакоі адпачынку на нашым другім паверсе, кніг па-літоўску шмат, беларускіх няма, знайшлося некалькі расейскіх кніжак, толькі яны вельмі прамаскальскія і паскудныя.
Праўда, і вольнага часу амаль не было – першы паўнацэнны дзень у лякарні, а таму зранку давялося здаваць аналізы, затым бясконцая размова з доктарам, якая прызначаная кантраляваць маё лячэнне цэлых два тыдні. Хаця яна настойвае, каб лячэнне доўжылася дзён 20, з чым я катэгарычна не пагаджаюся.
У доктаркі я адчуваў сябе, як на допытах у следчага, намагаючыся зразумець, куды яна хіліць і чаго дамагаецца. Вельмі настойліва пераконвае, што тут вось так, а тут так. Неаднойчы думаў, як адказваць, каб не зрабіць сабе яшчэ горш. Магчыма, што ў мяне атрымалася, бо такі-сякі вопыт у падобных допытах маецца.
Напісалася за апошні месяц некалькі “белых”, не рыфмаваных вершаў. Зараз я магу дазволіць сабе нават такое, хаця некалькі год таму бунтаваў супраць падобных паэтычных эксперыментаў. І хаця спрэчкі раз-пораз у сацыяльных сетках узнікаюць з гэтай нагоды – намагаюся не ўмешвацца. Але вось Юрась Пацюпа ў фэйсбуку ізноў агучыў сваё творчае крэда: “Вы, панове, як сабе хочаце, а я за метрычныя ды рымаваныя вершы і за сюжэтную, нават вострасюжэтную, прозу”. Відаць колькі не спрачайся з гэтай нагоды, заўсёды знойдуцца тупаканечнікі і востраканечнікі, як алегарычна пісаў Джанатан Свіфт. Праўда, меў ён на ўвазе зусім не паэзію….
Працяг будзе