Сяргей Сыс: «Дом – гэта там, дзе мне добра з людзьмі»

Сяргей Сыс, праваабаронца “Вясны” і паэт, які паходзіць з Рэчыцкага раёну, у 2021 годзе быў вымушаны бегчы з Беларусі ад пераследу. У гутарцы са «Штоднём» ён распавядае пра шлях уцякацтва, сваю новую кнігу вершаў і тое, што для яго сёння дом.

Раскажыце пра свой шлях ад’езду з Беларусі, з чым ён быў звязаны, і як праходзіў?

Здарылася падзея, якая была пераломная ў маім жыцці. Гэта 14 ліпеня 2021 года, калі з ператрусамі і затрыманнямі прыйшлі не толькі да сяброў «Вясны», але і да многіх грамадскіх дзеячаў. Я тады маштаб не зразумеў. Потым, пасля допыту, спытаўся ў нейкага следака: «Мяне аднаго забралі?» Ён адказаў: «Ты не хвалюйся, усіх».

Потым так атрымалася, што мяне праз трое сутак вызвалілі пад падпіску, я павінны быў прынесці ім пароль ад камп’ютара. Мне сталі тэлефанаваць, я падумаў, што гэта скончыцца абы-чым. Быў тады не гатовы да з’езду, трэба было падумаць, таму паехаў у Рэчыцкі раён да маці. Там я сядзеў у вёсцы без тэлефона дзён пяць, усё ўзважыў і ўсё ж такі прыняў рашэнне, што трэба ехаць.

Звярнуўся па дапамогу, хаця б інструкцыяй, куды бегчы. Такім чынам я апынуўся ў Расіі, дзе таксама было шмат прыгодаў. Па-першае, не было пашпарту, пакуль вырашаў пытанні з мабільнай сувяззю, плюс баяўся расійскай паліцыі. Змяніў некалькі гарадоў. Пасля складаным чынам патрапіў ва Украіну, дзе агарнуў мяне спакой. Зусім іншая абстаноўка, я ведаў, што мяне тут не выдадуць і шукаць не будуць.

Паволі стала наладжвацца жыццё, я падаўся на бежанства, праходзіў допыты, збіраў паперы. Усё нармалізавалася, з’явілася праца, сябры. Нельга сказаць, што была раўнавага, былі і стрэсы, і псіхолаг быў, і нават псіхіятр. Таму што, як начытаешся, што ў Беларусі рабілася, а ты ў бяспецы, то накрывала. Шлях ішоў да таго, што ў сакавіку павінны былі даць статус. Адвакат сказаў, што рашэнне па справе прынятае станоўчае.

Але здарылася вайна. Сітуацыя ўскладнілася тым, што я быў не дома ў Чарнігаве, дзе жыў, а ў Львоўскай вобласці. Менавіта адтуль я без нічога зусім, нават грошаў не было, паехаў на Польшчу. Чарнігаў на той момант абстрэльвалі, ён быў узяты амаль у паўкальцо, дабрацца туды было немагчыма.

Трое сутак давялося чакаць на мяжы ў лёгкай вопратцы – з сабой былі толькі бялізна ды камп’ютар – без ежы на холадзе, у дзікай даўцы. 3,5-5 тысячы людзей было ў чарзе. Цісканіна была, плакалі, гублялі прытомнасць, некалькі чалавек пажылога ўзросту памерлі. Целы нават было забраць немагчыма, нельга было рассунуць натоўп, стаялі плячо да пляча.

Дабраўся ў Польшчу. Яшчэ не ведаю, як мяне прапусцілі без пашпарту. Была даведка нейкая ўкраінская. Памежнік кажа: «Я сюды не пастаўлю пячатку, едзьце, здавайцеся паліцыі». Там валанцёры дапамаглі, кажуць: «Дзядзька, куды табе ехаць?» Я кажу: «Увязіце куды-небудзь».

Спыніліся ў Кракаве, гэта было першае месца, дзе я жыў тыдзень. Мяне там валанцёры сустрэлі і беларускія, і ўкраінскія. Далі сімку, знайшлі мне дзе жыць, апранулі. Вопратка была брудная. Адмылі. З’явілася прапанова пажыць у Нямеччыне 2-3 месяцы і вырашыць, што далей рабіць.

Добра, што ведаў з універсітэту нямецкую мову. Сам здзіўляюся, што яна ўспомнілася праз столькі гадоў, хаця не карыстаўся. На другі месяц мог ужо неяк вольна гаварыць. Былі праблемы з легалізацыяй, бо без дакументаў трэба было накіроўвацца ў лагер і там жыць 7-8 месяцаў. А я падумаў, што гэта не для мяне. Сябры-«вясноўцы» ўжо адаптаваліся трохі ў Літве запрасілі вярнуцца ў Вільню.

Падавалася б, жыві і радуйся. У мяне тут від на жыхарства, ёсць праца… Але асаблівай радасці і тут няма.

Распавядзіце пра людзей, якія трапляліся на шляху ўцякацтва. Ці былі тыя, каму вы асабліва ўдзячны?

Гэта можа быць выключэнне ў мяне такое, не ведаю, як у іншых. За гэты вялікі шлях: там два месяцы, Украіна паўгода, Германія – ніводнага разу мне не трапіўся дрэнны чалавек. Любыя людзі, якія сустракаліся ў любой сітуацыі, выпадкова ці больш працягла, дапамагалі, як маглі, падтрымлівалі і матэрыяльна, і словамі, і парадамі.

У Расіі былі беларусы, хаваліся, такія ж, як я, мы разам трымаліся адзін аднаго, у складчыну нешта рабілі, бо ўсе былі бедныя, амаль без грошаў уцякалі.

Ва Украіне таксама шмат хто дапамагаў. Напрыклад, дзяўчына, якая працавала рыэлтарам, шукала добрае жытло, дамаўлялася з гаспадарамі. Бо без дакументаў жа, як ты тую хату ў арэнду здымеш.

Як пачалася вайна, трэба было ў Польшчу ісці, сяброўка з Канады, студэнтка, якая сама небагатая, скінула ўсе карткі свае з кодамі і кажа: «У мяне ёсць 3,5 тысячы даляраў, забірай усё, ратуй сваё жыццё».

Калі я на трэцюю ноч замярзаў на той мяжы… адчуваю, што я калею, бо ў мяне ж была летняя куртка, а ноччу былі такія маразы, 10-12 градусаў. Ішла афрыканка з Нігеру, зняла з сябе цёплы плед, бо яна была ў цёплай куртцы, і мяне ўкутала.

Такія знакі суправаджалі ўвесь гэты шлях, гэта не давала страціць веру ў людзей, давала нейкую надзею, што ўсё будзе добра.

Шмат дапамагаў Дом правоў чалавека ў Чарнігаве, вельмі добрая каманда. Я пэўны час жыў у іх, і я дагэтуль ім удзячны. На першых парах у Кіеве дапамагала беларуска, таксама журналістка светлагорская Алена Прыходзька. Хаця сама жыла, 4 дзяцей, яна, муж, і тое яны заўсёды мне знаходзілі месца і што паесці.

У Кракаве беларуска, якая прытуліла мяне, клапацілася, каб было працоўнае месца, калі я адсыпаўся ў першыя дні, каб дзеці і не бегалі па хаце і не шумелі.

Многія эпізоды знікаюць у памяці, а сустрэчы з такімі людзьмі яны не забываюцца. Я пры любой нагодзе шчыра дзякую ім і не толькі ім. Калі сам такое выпрабаваў, то заўсёды хочацца і іншым дапамагчы.

Дзе ваш дом цяпер?

Пра дом, канечне, гэта складанае пытанне, неадназначнае. Я вельмі шмат думаю пра гэта.

Спачатку домам была бацькоўская хата ў Рэчыцкім раёне, пасля Гомель, пасля яго быў Мінск, дзе я доўга прывыкаў. Я не лічыў яго сваім домам, але ў мяне знайшлося пад Заслаўем лецішча, дзе я праводзіў больш чым паўгода – пачынаючы з сакавіка і да позняй восені – і адтуль ездзіў на працу. Там мне было добра, хораша. Я, хлопец вясковы, і там быў лес, поле, гарод.

У адзін момант, пазбавіўшыся ўсяго гэтага, я стаў задумвацца, што такое дом. Была памылка як стала больш спакойна жыць у Чарнігаве, стаў абжывацца, набываць зручныя рэчы для жыцця: журнальны столік, зручнае крэсла. Пачаў думаць, што напэўна, гэты дом будзе доўга, бо я рэальна ацэньваў, што ні праз год, ні праз два, я ў Беларусь не вярнуся, так хутка гэта не скончыцца.

Калі гэты дом рухнуў, то ў мяне пачуццё дома знішчылася. Але я стаў шукаць тое, чым можа яго замяніць. І прыйшоў да высновы, што дом – гэта там, дзе ў цябе ёсць сябры. Домам можа стаць любы чалавек, каторы ўкладзе ў цябе нешта, твой лёс знойдзе ў ім нейкі душэўны водгук.

Дом – гэта там, дзе мне добра з людзьмі. Цяпер я жыву ў Вільні, у кватэры. Я не жыву, як жыў у Чарнігаве. Кожную рэч, якую я нясу ў хату, я аналізую, а раптам мне трэба хутка кідаць гэта ўсё. Пастаянна сябе абмяжоўваеш: не трэба лішнія кнігі ў хаце, не трэба браць гэтую карысную, добрую рэч, а куды я потым гэта дзену. На мінімалізме жывеш. Таму дом – гэта сябры і людзі.

Калі мы загаварылі пра дом, то варта згадаць, што ў вас зусім нядаўна выйшла новая кніга вершаў «Дом», якую вы называеце паэтычным дзённікам. Распавядзіце пра яе? Якія там творы? Ці можна працытаваць нешта?

Кніга гэтая стваралася, пачынаючы з таго, як я выйшаў на волю – 15 ці 16 ліпеня 2021 года – літаральна праз нейкі тыдзень з’явіўся першы верш. Практычна ўсе вершы напісаныя ў гэтым шляху выгнання. Я наўмысна ставіў пад кожным з іх прыкладную дату і месца, дзе ён напісаны. Каб потым вярнуцца, паглядзець, які можа быць шлях у беларуса, які вымушаны быў пакінуць сваю Радзіму.

Храналагічны парадак важны, бо там прасочваюцца не толькі мясціны, але і бачна, дзе песімізмам радкі загружаныя, дэпрэсіяй, чалавеку цяжка, дзе яны больш пазітыўныя, наступаў спакойны перыяд жыцця.

Таксама там ёсць вершы з тых, што былі падрыхтаваныя яшчэ ў Беларусі. Пасля затрымання і вызвалення я баяўся, выдаліў емэйл, і разам з ім знішчыліся ўсе акаўнты, воблакі, дзе ўсё захоўвалася. У выніку ўсё, што не было надрукаванае, знікла. Кніга была гатовая яшчэ да 2020 года, мы рыхтаваліся яе выдаць у Мінску. З яе засталося, можа, вершаў 15-20, якія я змог сабраць. Я іх уключыў, бо для мяне гэта быў таксама пэўны перыяд жыцця.

Кніжка атрымалася з некалькіх частак. Я вельмі задаволены, бо ненадрукаваныя кнігі як нейкія кайданы на нагах, і творчаму чалавек складана рухацца далей.

Ёсць у «Доме» сярод іншых верш, прысвечаны маёй маці. Ён для мяне вельмі балючы. Я як і ў многіх, у мяне старая, хворая маці, я магу не паспець пабачыць яе яшчэ раз… Балюча гаварыць пра гэта.

Мама, мама, кажуць, дактары

часам не вылазяць з нашай хаты,

Дачакайся сына, не згары,

ён жа ані ў чым не вінаваты.

Дачакайся, родная, мяне

і прабач, што хутка не вярнуся.

Веру, што выгнання час міне,

яшчэ будзе вольна ў Беларусі.

Нашыя бярозкі і дубок

моцы хай даюць табе і веры,

і аднойчы, быццам незнарок,

ціха зарыпяць у хату дзверы.

Любая матуля, датрымай,

мне ж таксама горка на чужыне,

А галоўнае, што тут цябе няма,

а галоўнае, што тут няма Радзімы.

Ноч за ноччу сню адно кіно:

як іду сцяжынаю вясковай,

зазіраю ў роднае вакно…

а далей, далей знікаюць словы.

Спадзяюся, што маці мяне дачакаецца. Яна таксама непадзельны кавалак радзімы, частка той вёскі, дома, дзе я нарадзіўся над Дняпром.

У планах яшчэ ёсць адна паэтычная, кніга прозы, дзённікаў, апавяданняў. Маю яшчэ адну мару напісаць эсэ-аповесць біяграфічную пра гомельскае жыццё, студэнцкае, аспіранцкае жыццё Алеся Бяляцкага. Майго сябра, старшыні «Вясны» і Нобелеўскага лаўрэата.

Задача вельмі для мяне адказная, паціху дапісваю, збіраю факты, якія з часам забытыя. Пра Алеся як ужо лідара «Вясны», вядомага чалавека напісана багата. «Пэн» выдаў кнігу «Алесь». А вось той ранні перыяд, многія пытаюцца, які ён быў тады, як ён стаў такім. Як рукі развяжуцца, хацеў бы заняцца гэтым.

Вы шмат год у Беларусі аддалі правабарончай дзейнасці ў Беларусі, хто вы сёння больш – паэт, правабаронца ці можа быць дысідэнт?

Пачатак 2007 года быў, калі я прыйшоў у «Вясну». Мяне тады Алесь Бяляцкі папярэдзіў: «Сяргей, усё зразумела, але падумай яшчэ раз. У «Вясну» ўвайсці можна, а выйсці нельга». Гэта сапраўды так, Дзе б я не быў, я найперш адчуваю сябе праваабаронцам.

Гэта не тое, што гэта мая праца, гэта ўжо робіцца стылем жыцця. Па-іншаму нельга. Усе свае пытанні, меркаванні глядзіш праз прызму, шкло праваабароны. І ў побыце гэта таксама накладае свой адбітак. Таму найперш я застаюся і тут праваабаронцам. Гэта асноўнае маё прызначэнне, а ўсё астатняе далей. Паэт… і добры тата.

Сяржук Сыс

 У беларусаў сёння шмат гора: затрыманні, вымушаная міграцыя і нават смерці. У чым, як вы думаеце варта шукаць апору?

Беларусы павінны гуртавацца, падтрымліваць адзін аднаго ў любой сітуацыі. Асабліва тыя дзясяткі і сотні тысячаў, якія з’ехалі. Мы мусім дапамагаць дзецям, якія тут нарадзіліся і якія з’ехалі. Каб мы захаваліся, мы былі лепшыя. Каб калісьці калі мы вярнуліся, былі больш сур’ёзнымі, больш адукаванымі, больш разумнымі. Каб мы маглі даць Беларусі тое, што мы не дадалі за час нашага мігранцтва. Гэта вельмі важна. Каб мы захавалі сябе, прымножылі таленты, кампетэнцыі і ўсё гэта ўклалі ў родную Беларусь.

Усё роўна мы вернемся.

«Штодзень».