У лонданскім выдавецтве Skaryna Press выйшла новая кніга беларускага паэта Сяржука Сыса «Dом. Паэзія выгнання 2021-2023». Пра тое, што ўвайшло ў зборнік і як стваралася кніга распавядае аўтар.
Кніга пісалася апошнія тры гады ў розных краінах, у розных месцах. І таму, калі я канцэптуальна ствараў гэтую кнігу паэзіі, я стараўся наўмысна пазначаць і даты, і месцы, дзе напісана. І для мяне яна – кніга-дзённік, хіба што паэтычны. Там можна паглядзець эвалюцыю, якую я перажыў ад часу майго выгнання з Беларусі ў ліпені 2021 года: тыя месцы, дзе я жыў, мае эмоцыі, мае перажыванні. Атрымаўся паэтычны эмацыйны партрэт той рэчаіснасці, у якой я быў.
Для мяне яна вельмі важная, бо з часу выхаду апошняй маёй кніжкі прайшло якраз дзесяць гадоў. Апошняя была «Павук», яна выйшла ў 2014 годзе.
Гэта не сведчыць, што я нічога не пісаў. У мяне была падрыхтаваная кніга, але, калі канфіскоўвалі тэхніку і ўсё, гэтая паэтычная кніга мела назву «Узнясенне», і яна была канфіскаваая. І так атрымалася, што ўсе носьбіты забралі, і ў мяне не засталося нават ніякога рукапісу папяровага. І тое, што мне ўдалося з гэтай кнігі сабраць – нешта ў сацыяльных сетках публікавалася, некалькі вершаў, то я таксама ўключыў у сваю новую кнігу «Dом», бо шкада і таго часу, і шкада таго перыяду – літаратурнага, паэтычнага, які згубіўся, «дзякуючы» нашым уладам.
Для мяне важны выхад гэтай кнігі таму, што невыдадзеныя кнігі, яны як нейкія кайданы на нагах. Яны трошкі замінаюць жыць далей, развівацца, як путы нейкія. Калі такіх кніг назбіралася некалькі, то далей ужо вельмі цяжка шукаць сябе, цяжка ісці далей. Пісанне ў стол – пісаць і пісаць – яно не заўжды сябе апраўдвае. Бо планы, у мяне, напрыклад, яшчэ вялікія.
У мяне яшчэ некалькі кніг. І самая галоўная мая мара – завяршыць маю «грыбную» кнігу. Яна была таксама амаль гатовая. Але таксама электронны варыянт яе сканфіскаваны. І нейкі першапачатковы варыянт знайшоўся ўрэшце рэшт. І толькі застаецца часу – два-тры месяцы, прывесці яе да ладу і выдаць. І таму было важна, што вось гэтая кніга «Dом» напісалася і выйшла. Яна мне вызвалаяе прастору для вяртання да таго, што марыў напісаць сваю грыбную кнігу.
У кнізе ёсць такі верш, які мае назву « Dом». Ён прысвечаны журналістцы Алене Прыходзька, якая шмат апекавалася мной, калі я быў у эміграцыі ва Украіне. І ён паслужыў назвай гэтай кнігі. І я ўжо потым стаў думаць, што ў «Dом» – D у мяне менавіта лацінскае. У мяне выдаўцы пыталіся: Вы наўмысна так зрабілі? Я патлумачыў, што так, гэта ўнікальнае такое слова, якое мае шмат-шмат у розных мовах значэнняў. Напрыклад, з нарвежскай, гэта прысуд, вырак. З партугальскай – гэта нечаканы падарунак, дар. Па-нямецку гэта храм, увогуле.