Сяржук Сыс пра смерць Алеся Пушкіна: у такім стане да лекараў звярнуліся наўмысна – каб не дажыў

Праваабаронца «Вясны», сябар Алеся Пушкіна, паэт і журналіст Сяржук Сыс пракаментаваў навіну пра смерць мастака.

— Праваабаронцам стала вядома пра трагічную смерць вядомага беларускага мастака, аўтара шматлікіх палітычных і грамадзянскіх перформансаў Алеся Пушкіна. Гэта асоба, якая была звязаная з праваабарончым рухам. Ён удзельнічаў у розных акцыях, падтрымліваў праваабарончыя ініцыятывы.

І вельмі трагічная гэтая сітуацыя, пра якую даведаліся паступова. Спачатку пра тое, што ён памёр у шпіталі, знаходзячыся пад канвоем. Потым сталі высвятляць падрабязней. Сапраўды, яму рабілі аперацыю. Яго прывезлі ўжо практычна ў непрытомным стане і ён не мог выжыць. Спачатку пра гэта напісала ягоная жонка. Потым ужо сталі даступнымі іншыя крыніцы. Некаторыя СМІ спрабавалі дазваніцца да гарадзенскай турмы, дзе паведамілі, што сваякі ведаюць усе акалічнасці і мы вам нічога не скажам.

Тое, што ён там загінуў – гэта не проста такі трагічны выпадак. Усё да таго ішло. Сёння паміраюць, на жаль, у турмах палітзняволеныя і проста зняволеныя паводле палітычных матываў беларусы вельмі часта. Ужо лік ідзе на дзясяткі чалавек. І кожны тыдзень рэальна мы дазнаемся пра тое, што альбо кагосьці змясцілі ў рэанімацыю, альбо ўвогуле па некалькі месяцаў няма ніякіх звестак пра чалавека, як зараз пра Бабарыку.

І тут у Алеся Пушкіна такая самая сітуацыя. Уся гэтая сістэма, якая для яго зрабіла невыносныя ўмовы спачатку ў калоніі строгага рэжыму, і потым, калі на турэмны рэжым перавялі. Звычайна гэты рэжым невялікі – да года, а яму адразу паўтара года далі і перавялі ў Гарадзенскую турму, якая таксама славіцца сваімі жорсткімі ўмовамі.

І менавіта тое, што яго не давезлі, бо ў такім стане да лекараў звярнуліся – то гэта наўмысна зрабілі так, каб ён не дажыў. Каб зламаць ягоную волю. Алесь заўсёды цвёрды характар меў.

Мне вельмі прыкра праз гэтую смерць. Нават нейкі адчай апанаваў. Мы даўно знаёмыя. А з 2007 года сталі часцей бачыцца на розных імпрэзах. Алесь часта бываў у мяне ў гасцях у Менску і нават прыязджаў да мяне да маці на Палессе ў Рэчыцкі раён. Там начаваў, хадзілі ў царкву з маці, і папрасіўся ў святара, каб службу ў званы адзваніць. Бо ён гэта ўмеў. Мяне зацікавіла, што ён па тых усіх канонах зрабіў гэты нядзельны звон у царкве.

Мне яшчэ больш з-за гэтага балюча, бо Алесь Пушкін з’яўляўся аўтарам вокладкі маёй першай паэтычнай кнігі. І ў нас цікавая была супольная праца над гэтым. Ён адзін з мастакоў, які рабіў вокладку і папрасіў цэлы рукапіс, каб усё пачытаць і паглядзець, што можна зрабіць, каб вокладка дакладна адлюстроўвала сэнс гэтых паэтычных твораў. Гэта мяне здзівіла, ягоны такі падыход.

Я памятаю, што мала таго, што з’явілася кніга з ягоным малюнкам на вокладцы, то яна паслужыла тэмай для ягонай вялікай працы. Ён намаляваў затым палатно вялізнае, метр на паўтара, мусіць, якое зараз знаходзіцца ў беларускай праваабаронцы Таццяны Гацуры-Вячоркі. Яна набыла гэтую карціну сабе. Ну, мусіць, засталася ў Менску цяпер.

Можам абурацца, неяк выказваць свой гнеў. Але гэта не апошняя смерць. Я адчуваю, што такія выпадкі зараз вельмі часта здараюцца. Рэжым да таго ўжо азвярэў, што не глядзяць на гэтыя смерці. Калісьці там хавалі, выбачаліся. А зараз нават не хітраць нічога – памёр, ды й памёр…

Радыё Ўнэт.