Рэчыцкая зямля славутая менавіта тым, што гэта радзіма Анатоля Сыса

У вёсцы Гарошкаў Рэчыцкага раёна чацвёрты год не праводзіцца свята паэзіі, якое раней ладзілася ў гонар паэта Анатоля Сыса. Спрычыніліся да гэтага рэпрэсіі, у выніку якіх многія творцы вымушаныя былі з’ехаць з краіны.

Пра Анатоля Сыса шчыра ўзгадвае паэт Сяргей Сыс у гутарцы з Юліяй Сівец.

Анатоль і Сяржук Сысы.

РР: Як вы думаеце, шмат згубіла Беларусь, што вось такія святы не праводзяцца? Ці чакаць вяртання калі-небудзь гэтага дня?

Сяргей Сыс: Сапраўды не толькі свята Сыса ў Гарошкаве, але й многія паэтычныя фестывалі, якія праводзіліся лакальна, у гонар таго ці іншага пісьменніка, зараз не праводзяцца. На тое шмат прычынаў. Па-першае, такая палітычная абстаноўка. Грамадства, можна сказаць, расколатае. І найбольш шкада, што гэтае свята Анатоля Сыса, якое мела сваю традыцыю ў Гарошкаве – яно знікла. Хаця не скажу, што там наогул нічога не адзначаецца, напрыклад, у Гарошкаў у прыватным парадку прыязджае шмат людзей. Я ведаю, што і ў мінулым годзе, і ў пазамінулым прыязджалі з Гомеля цэлыя групы новага пакалення моладзі, якія самі стваралі ініцыятыву. Канешне, такія святы праводзіць сёння небяспечна. Нават тады, да 2020 года, шмат у Гарошкаве было праблем – то памяшкання не давалі ў мясцовай школе ў кепскае надвор’е, там звычайна на падворку праводзілі. І гэтыя пікеты ціхароў, якія прыязджалі з Рэчыцы, з Гомелю назіраць за тым, што робіцца тут – і на падворку, і на могілках. І тады баяліся. Ну а зараз проста разгоняць і ўсё. Наконт таго, ці гэта адродзіцца. Канешне, адродзіцца. Такія традыцыі не павінны паміраць, бо рэчыцкая зямля славутая менавіта тым, што гэта радзіма Анатоля Сыса, месца, дзе ён пісаў свае творы, дзе ён Беларуссю пранікнуўся. Гэтае месца не павінна быць забытае.

РР: Вы ўжылі такое слова «баяцца». Чаму дасёння ўлады Беларусі баяцца Анатоля Сыса, паэта?

Сяргей Сыс: Хутчэй за ўсё яго баяцца не толькі як паэта. Трэба згадаць, што Анатоль Сыс стаяў у 80-ыя практычна ля ўсіх грамадскіх ініцыятываў. Гэта стварэнне Канфедэрацыі беларускіх суполак, гэта падпольная група «Адраджэнне», якая ставіла палітычныя мэты, гэта стварэнне літаратурнага аб’яднання «Тутэйшыя», якое стваралася ў піку дзяржаўнаму Саюзу пісьменнікаў. Анатоль Сыс быў такім палкім прамоўцам. Варта згадаць мітынг, прысвечаны Дзядам. Ён на ім агучыў спісы рэпрэсаваных дзеячаў культуры за сталінскімі часамі. Гэта ягоныя заслугі. Праз 10 гадоў ён адышоў ад актыўнай грамадска-палітычнай дзейнасці, але ён быў як матор, як трыбун. І ў гэтым была яго небяспека. І паэзія была незалежная. Згадаем хаця б яго верш пра расейскага мядзведзя, як яго дзед у пушчу хадзіў. І гэта была яго пазіцыя, і яна была бачная ўладамі.

Уся гутарка цалкам — Беларускае Радыё Рацыя.