З нагоды Дня палітвязняў Беларусі “Вясна“ публікуе серыю адкрытых лістоў нашым калегам у турмы. У час, калі для тысячаў зняволеных беларусаў ствараюцца штучныя перашкоды ў ліставанні з роднымі і сябрамі, гэтая акцыя павінна паказаць і беларускаму грамадству, і тым служкам рэжыму, якія выконваюць сваю брудную ролю, што ніводзін з палітвязняў не забыты, што людзі памятаюць пра ўсіх, каго ўлада пазбавіла волі за свае перакананні. Першы ліст напісаў паэт і журналіст Сяржук Сыс праваабаронцу «Вясны» і віцэ-прэзідэнту Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека Валянціну Стэфановічу, якога асудзілі да дзевяці гадоў калоніі за дапамогу беларусам.
Шаноўны Валянцін!
Ведаю, наколькі складана і невыносна табе і нашым сябрам так доўга знаходзіцца ў зняволенні – без свежага паветра, без лагоднага ветрыку, без травеньскай квецені і сонца. Вось нарэшце яно свеціць напоўніцу і залівае гэты свет лагоднымі прамянямі. І думаю цяпер, як яго там не хапае табе і ўсім нашым у задушлівых сутарэннях калоніі. Як бы тыя промні перадаць-перакінуць за краты?
Не праходзіць і дня, каб у думках не вяртаўся да вас, часта ўзгадваючы пры гэтым нават драбніцы нашых стасункаў, якія цяпер, праз амаль два гады, набываюць асаблівы сэнс.
Ганаруся табой, тваёй воляй і характарам, тваімі пазітыўнымі словамі, якія зрэдчас далятаюць у вольны свет.
А што ўзгадваю? Найперш тваю беларускасць, штодзённае служэнне роднай мове. Ты прыклаў шмат намаганняў, каб мова нашая заняла пачэснае месца ў свеце іншых моў: рабіў звароты і заявы, пісаў лісты ў дзяржаўныя ўстановы, і вельмі радаваўся, які нейкі нарматыўны акт ці закон пераствараўся па-беларуску.
Яшчэ, Валянцін, ніколі не забыць твае вытрымку і спагаду да сяброў, калі ў складаныя хвіліны ты знаходзіў некалькі цёплых слоў для калег і аднадумцаў, падтрымліваў нас у няпростыя часы, якіх у праваабаронцаў, заўсёды было багата. Хіба можна забыць тваё прамоўленае з усмешкай: “Сярожка, усё будзе добра!”.
Разумею, у зняволенні – не мёд. Ты мог бы быць на волі, аднак выбраў іншае. Вось таму ўсе мы цяпер не можам пачувацца спакойна, бо не можам падвесці цябе, дарагі сябра, не можам рабіць нешта напаўсілы, каб ты не расчараваўся ў нас.
Тэрмін адмералі не малы, ды надзея на лепшае ўсё адно мацней. Бо веру, што сустрэнемся з табою не праз той вар’яцкі тэрмін, прызначаны беларускім “правасуддзем”, а значна хутчэй і абяцаю рабіць ўсё так, каб не было сорамна табе ні за мяне, ні за ўсіх, хто цяпер на волі.
Трымайся ды спадзявайся на сваіх аднадумцаў і калег! Тады выстаім.
Сяржук Сыс, журналіст і паэт, spring96.org.