Сувалкі, Пятлюра, помнікі

На праваслаўных могілках у Сувалках, адразу за царквой, знаходзяцца магілы ўкраінскіх салдат з падраздзяленняў Пятлюры, якія ваявалі на польскім баку ў 1920 годзе, у вайне з бальшавікамі. Туды мы неяк заблукалі з чароўнай кабетай — Уршуляй Шубздай.

Я зацікавіўся пахаваннямі, на якіх і надпісаў практычна не захавалася. А вось што высветліў. І гэта нешта мяне скаланула. То і нас так хаваць будуць?

Фота з архіва аўтара.

Заключэнне 12 кастрычніка 1920 года польска-савецкага перамір’я перакрэсліла пагадненне паміж урадамі Польшчы і Украінскай Народнай Рэспублікі (УНР) ад красавіка 1920 года. У крытычнай сітуацыі галоўны атаман арміі УНР Сымон Пятлюра, не ў сілах пагадзіцца на капітуляцыю перад бальшавікамі, 21 лістапада 1920 года аддаў загад перайсці раку Збруч і перайсці на тэрыторыю Галіцыі, ужо далучанай у Польшчы. Такім чынам, на тэрыторыі Польскай дзяржавы апынулася каля 40 тысяч. Вайскоўцаў раззброілі, а затым інтэрнавалі ў спецыяльна прызначаныя для гэтага лагеры.

Фота з архіва аўтара.

Лагеры для інтэрнаваных былі канчаткова распушчаны ў жніўні 1924 г. Украінскія салдаты, зараз ужо як палітычныя эмігранты — разыходзіліся ў розных напрамках, дасягаючы таксама тэрыторыі тагачаснага Беластоцкага ваяводства. Па гэтым шляху вялікая колькасць эмігрантаў на тэрыторыі Беластоцкага ваяводства засталася ў Аўгустове, Плотчыцы, Сувалках, Гродне, Беластоку, Белавежы і Гайнаўцы.

Там і паміралі… Як многія… Як мы…