Прымірэнне

То была Боская ўзнагарода, найлепшае, якую меў і зведаў у сваім вірлівым і багатым на падзеі жыцці. Гэта я зберагу некранутым і схаваным у сваім сэрцы. Разумею, што нічога не было ў мяне раней нават блізка на падобнае. “Бо мы крыху ё”, — напісала яна.

Ілюзія датычнасці

На дзіду тэлевежы ў Каралінішках

штоноч нанізваю імжыстыя і сонечныя дні

сігналіць вежа мне зялёным і чырвоным

нібы дае ацэнку словам, а таксама ўчынкам

вакол – святло з вакон шматлюдных гмахаў

кіно нямое бонусам за жах і адзіноту

тады ўглядаюся ў жыццё, якое без фіранак –

каты на падваконнях,

цені архідэй,

бакалаў бляск

на кухні таньчыць пара,

ён, дальбог, вар’ят, яна – смяецца…

і я смяюся разам з віленскай кабетай,

паверыўшы ў ілюзію датычнасці

сябе да простага жыцця і сэнсу.

21.01.23.

Закаханы ў Жар-птушку…

Гэй! Вам кажу, тым, хто бачыў на дне кілішка з абсэнтам

як каціўся-блішчэў манетаю вартасцю ў 50 цэнтаў

па Пілімо, праз мост над Віліяй,

а далей – губляецца след,

задаволены сабою,

падобны на конскі хамут, дзед…

То быў я, ці палова мяне,

ці рэшта мяне ў 50 цэнтаў.

Астатняе забрала бясконцая пагоня за Жар-птушкай:

“Ату яе! Лаві, хапай… пёры ляцяць, якраз на падушку…”

Ды не, раніца ўжо наступіла чарговай зарубкай жыцця

Шэсцьдзесят першай…

каціся манетай бліскучай, дзіця,

Можа ўчэпішся ў хвост няўлоўнаму цуду,

а можа і не…

Прамаўчу, не скажу, хоць катуйце…

Не выдасць сакрэт

Закаханы ў Жар-птушку,

падобны на конскі хамут, дзед.

26.01.23.

У.Ш.

Нас забіваюць нашы гарады –

Палоняць дух і адрываюць крылы,

Паўзуць гады, ляцяць гады

Цяпер ужо да самае магілы…

Твой — Беласток, а Вільня — не мая,

Хаця інакшага цяпер ужо не маю.

Сціскае шыю па начах змяя

І я паволі ў Вільні паміраю.

Так марылі з табою пра адно —

Каб паляцець, паспець, пераадолець,

Каб стала мёдам горкае віно,

А ты свае: “Przestan pierdolić”.

Зматала нітку памяці ў клубок,

Сядзіш чакаеш цудаў, ці спакою.

Я мог бы закахацца ў Беласток,

Калі б яго з’яднаць з табою…

28.02.2023.

* * *

Уршулі Шубзда

Вымкнуў вочы з кубачка ранішняй кавы гаркавай

тут, на Ісландас, дзе мы сінкрэтычна і смела ядналі

сябе – фантазёры, пазёры, творцы сумежных паэм

позірк каўтае прагна смелыя змены ў строях жанчын

у колерах неба і вось… гэты бэз… у якога пупышкі набухлі

як цмочкі твае, калі іх нахабна кранаў вецер Вільні…

каву дап’ю, і тады загарну сваё сэрца збалелае ўшчэнт

у квіток “Экалайна” – яму яшчэ моцна карціць да цябе