Невялікая падборка вершаў, прысвечаных таямнічай Уршулі. Пісалася пераважна ў восеньскай Вільні ў 2022 годзе. Першы верш падборкі перакладзены на некалькі еўрапейскіх моў - англійскую, гішпанскую, фінскую і іншыя. Уля, няма ў мяне вершаў пра Вільню! Блякне ўсё навокал, выцьвітае… Аж да бела-чорнага радна… Млосна мне ў чужынскім гэтым краі, Дзе за мной як цень – мая віна. Чуеш, Уля, бачыш, як пагана Жыць чужынцам, здрадзіўшы ўсяму, Блякне ўсё і не гаяцца раны… Можа пагадзіцца на турму? Трэба ж вось, у час такі сустрэцца Нам з табой у Вільні незнарок… Як ужо зусім збялела сэрца, І зрабіўся бела-чорным зрок. Вільня, 25 ліпеня 2022 г. УРШУЛЯ. РАБІНЫ Хацеў распавесці табе пра рабіны, Якія няўзнак чырванець пачалі, – Гаркавыя ягады смаку чужыны, Крывінкі твае і мае на зямлі. Заўважыш ці не, як згінаецца вецце, Як ягады сок набіраюць штодня… І вось ужо вогнішча чырвані б’ецца І ты ў эпіцэнтры рабіна-агня. Паслухай, хіба што зімою магчыма На смак арабінавы водар спазнаць. Няхай жа палаюць-гараць арабіны, Каб верыць, каб жыць, каб кахаць! Вільня, 11 жніўня 2022 г. УРШУЛЯ. ШОРГАТ ЛІСЦЯЎ Сыплецца-сыплецца золата лета, Вогненным лісцем сцелячы дол. Ціхая раніца, дым цыгарэты, І адзінота вакол… Сэрца маё туманы ахінулі. Холад… і я паскараю хаду. Лісце шапоча: “Уршуля, Уршуля…” Я, гэта, Уля, іду. Раніцай на невялічкім балконе, Ці ў заінелым вакне Ценем няўлоўным, са снегам на скронях, Раптам убачыш мяне. Можа быць крышачку стане шчымліва, Вільню ўзгадаеш – як казачны сон… Нашых з табою пачуццяў разлівы Б’юцца ў бетонны балкон. Сыплецца-сыплецца золата лета У Беластоку халодным тваім… Глянь, як віецца, амаль напаўсвета, Горкага шчасця дым. Вільня, 18 кастрычніка 2022 г. УРШУЛЯ. РЭХА Мак таўчэ жамяра над сцяжынаю-змейкай, Палымнеюць раскошна абапал каліны… Нас твае ў такт хады падбадзёрваюць вейкі: “Мы нікому нічога на свеце не вінны”. Млявы вечар плыве на краю Беластоку, Цішыню разганяем задзірлівым смехам. “Тут і зараз” – званы прагучалі здалёку, Пацалункі ў адказ адазваліся рэхам. Што яшчэ трэба гэтым дваім ашалелым Ад сугучча іх сэрцаў і пальцаў спляцення? Мы нікому нічога… і нашыя целы Непадзельнымі стануць у сонмішчы ценяў. Вільня, 19 кастрычніка 2022 г. УРШУЛЯ. АРЫТМІЯ Непрымальная з’ява – прадбачнасць падзеяў, Рытмы працы і звыклых штодзённых спраў. Гэта правільна ўсё, але я так ня ўмею, я інакшую долю абраў… Мне па сэрцы не штыль, а шаленства стыхіі, Шал вагню, бой з сабой і сусветны патоп… Даспадобы хіба што адна арытмія, Быць з табою ў рэжыме нон-стоп. Я не ведаю, што ты адкажаш на золку, І куды мяне заўтра, магчыма, пашлеш… І таму лепей жыць на калючых іголках, І таму арытмія – найперш. Вільня, 20 кастрычніка 2022 г.