Трохі пра імперскую шавіністычную нечысць

Думаю аб тым, што сталася з цэлым народам, расейцамі. Спрацавала татальная прапаганда? Відаць, трохі ёсць. Але прыгадваюцца ранейшыя часы і маё першае сутыкненне з рэальным расійскім шавінізмам.

Было, што мяне запрасілі неяк паўдзельнічаць у якасці госця ад Беларусі ў IV міжнародным фестывалі «Поющие письмена» ў Цверы ў 2012 годзе. Паехаў такі. А што? Перад гэтым Някляеў там быў, Галіна Дубянецкая…

Сабралася тады на фэсце паэзіі славянаў з усяго свету — паэты і перакладчыкі з Балгарыі, Беларусі, Македоніі, Польшчы, Сербіі, Славеніі, Славакіі, Украіны, Харватыі, Чарнагорыі, Расіі. Выступы, сустрэчы, міжсабойчыкі… Вечарам запрасілі да сябе на карпаратыўчык прадстаўнікі маскоўскай эліты: публіцысты, паэты, мэтры культуры. За кілішкамі пайшла размова пра ролю Расіі ў сусветным парадку. Уставіў свае пяць капеек і я, наіўна мяркуючы, што такія дасведчаныя людзі больш мяне разбіраюцца ды ведаюць і пра ВКЛ, і пра Кіеўскую Русь, і пра Масковію.

Божа, як мяне пляжылі!

— Сяргей, ты яшчэ малады і не разбіраешся ні ў чым. Так, беларусы нашы малодшыя браты, але навошта вы спрабуеце плясаць пад дудку Еўропы, навошта вы пайшлі на Плошчу? (2010 год).

Нехта пачаў казаць пра боскае пакліканне Расіі як збаўцы ўсяго свету ад фашыстскай чумы, пра раўнавагу, на якой трымаецца мірапарадак, маючы на ўвазе ЗША.

Даводзілі мне, што толькі пад крылом Расіі беларусы могуць “людзьмі звацца”.

Крыўдна мне стала. Забраў з кампаніі дзьвюх маладых польскіх паэтак – блізнятак, якія слухалі “старэйшых братоў”, раскрыўшы раты. Пайшлі блукаць па горадзе.

І толькі вось паэтак назаўтра мне і не даравалі.