Прысвячаю Вользе Бражнік
Пад час першай ранішняй кавы з “Кентам”
і сэрцам бялюткім на пенцы
барыстка інтымна шчабеча аб тым, што адна,
а бацькі недзе згінулі ў Штатах.
Скідаю даверліва маску, хачу даспадобы быць ёй,
смуглатварай паненцы,
якая нібыта ўкраінка, а я — беларус,
у якога няма ані грошай, ні хаты…
Шкадую, што кубачак кавы занадта маленькі,
і ціха каўтаючы слінкі,
“До нового ранку!” кажу
і сыхожу з праспекту дварамі,
а ў здымнай кватэры гарцую на зэдлі крывой
ля блакітнай ялінкі,
нібыта кульнулі знянацку на голаў мне
збан з вугалямі…
Снежань, 2021 года.