Выгнаннік

Перш чым таемна пакінуць Беларусь пасля ператрусаў і затрымання 14 ліпеня, я ўзважваў на шалях свайго абвостранага сумлення шмат рэчаў: ці магу я вырашыцца “на рывок”, улічваючы свой жахлівы ўзрост, як мне жыць далей без дакументаў, без рахункаў і банкаўскіх картак. І ў прынцыпе без грошай.

Улічваў таксама пазіцыю шматлікіх апанентаў, маўляў, “здраднік, кінуў у цяжкі час Радзіму”.

Ды нікога я не кідаў. У мяне ёсць сям’я – жонка і дачка, якія не маюць сродкаў для існавання. У мяне ёсць праца, якую я працягваю рабіць. І ў гэтым ёсць пэўная карысць. Я не зрабіў бы болей на нарах.

Аўтар на шляху да жыцця

Так, мяне грызе сумленнне, так, нервы ўжо ні да чога не прыдатныя, бо шмат перажыў за гэты час.

Пакуль шмат што застанецца, як кажуць, па-за кадрам.

Адзінае, што хацеў бы дадаць, у крытычныя часы са мной, незаўважна, але амаль побач, знаходзіліся валанцёры з Фонд солидарности BYSOL/Belarus solidarity foundation. Менавіта яны, а яшчэ калегі з “Вясны”, з іншых арганізацый, былі са мной у любы час сутак, давалі парады, падтрымлівалі словамі, і не толькі. Прадумвалі шлях майго выратавання.

І дзякуй Богу, што на выгнанскім шляху мне трапляліся вельмі добрыя людзі, для якіх мой лёс рабіўся іхнім. І нават вельмі добрыя каты-дактары.

Сёння я кажу ім вялікі дзякуй за працу, якая для многіх пакуль не на відавоччы, аднак, дае шанец выжыць і застацца чалавекам дзесяткам і сотням беларусаў.

Я веру ў тое, што прыйдзе такі час, калі іх дзейнасць, іх добрыя справы, будуць ацэненыя як мае быць. Дзякуй усім, што меў дачыненне да майго лёсу!!!