Сёлета ў сакавіку ў першы дзень па прыездзе пайшоў у вёску Нарач. Праўда, амаль усе тут называюць вёску Кабыльнікам.
У Кабыльніку запытваюся ў мажнай кабеты:
– Як дабрацца да могілак?
– А які вам магільнік трэба, тут у нас іх шмат: каталіцкія альбо праваслаўныя, ці можа габрэйскія?
– Ну сучасныя, відаць, там дзе зараз хаваюць.
Удакладняю, мабыць, праваслаўныя…
Падказала накірунак.
Менавіта туды я ў першую чаргу і выбіраўся — знайсці магілу свайго знаёмца, цікавага паэта, які выдаў на трасянцы кнігу вершаў “Пішчавыя лішкі” Ярылу Пшанічнага. Многія яго ведаюць як музыку і перформера Вову Банкера.
І вось сціплы помнік з каляровым фотаздымкам «Владимир Банько».
Праз месяц, 19 красавіка, спаўняецца 5 год як ён раптоўна памёр на гэтых самых могілках, перад Вялікднём, калі прыбіраў пахаванні дзядулі і бабулі… Казалі, што адарваўся тромб…
Пятаю вясною
Паэту Ярылу Пшанічнаму
Морам нарачанскім
капішчам паганскім
смарагдавым мохам
прастую патроху…
Пятаю вясною
цемраю лясною
хмызняком чарнічным
да цябе, Пшанічны…
Да цябе, Ярыла,
да тваёй магілы…
сумна, мусіць, браце,
Спаць у цеснай хаце?
доўга ж я збіраўся
кляў сябе і кляўся
выбрацца ў Кабыльнік
на стары магільнік.
Ведаеш, Валодзя,
вершы ўжо не ў модзе,
не ў фаворы людзі,
шмат вакол паскуддзя.
мне, хаця і мала,
зла перападала
толькі невядома:
дзе лацьвей, дзе дома?
Шызаю лагчынай
непраходнай глінай
са слязьмі і стомай
я пайду дадому…