Аж да мурашоў па скуры абурылі словы спікера верхняй палаты парламента Наталлі Качанавай аб тым, што “ўсе мы тут разам павінны правільна разумець тое, што адбываецца ў нашай краіне”. Гэта такім чынам важнецкая яўна-не-ад-культуры чыноўніца скіроўвала прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі Беларусі на правільны шлях.
Такіх як я не запрашаюць на падобныя сустрэчы, але тое, што адбываецца ў краіне, – разумею больш правільна: тэрор і лютая нянавісць да ўсяго новага, альтэрнатыўнага, нацыянальна свядомага, катэгарычнае непрыманне імкненняў беларусаў да свабоды меркавання, да свабоды мірных сходаў.
Я ганаруся тым, што замежныя сябры просяць прывесці ім з Беларусі не чарку і шкварку, а цішотку з крамы symbal.by. Я часта заходзіў у краму і сам, і з дачкой, спадзяюся і далей будзе працаваць крама, з’явяцца новыя і будзе там штодня шматлюдна.
Я правільна разумею, што калі кайданкі апранаюць не на злачынцу, а на ўнікальную калекцыю жывапісу і скульптуры, затым скідваюць яе ў сакрэтныя сутарэнні, дык гэта не клопат пра духоўнае здароўе нацыі, а імкненне зрабіць усіх нас тут нягеглымі і бяздумнымі спажыўцамі кілбасаў ды гарэлкі.
Пры гэтым веру – што зробіш, наіўны! – выйдзе на волю мецэнат Віктар Бабарыка, выйдуць на волю ўсе, хто намагаецца сёння стварыць Краіну для жыцця, а не Загон для маўклівага быдла.
Так, я вельмі правільна разумею, калі на свяце паэзіі Анатоля Сыса ў Гарошкаве шмат міліцыі і ціхароў, а ўлады баяцца дазволіць сустрэцца ў памяшканні, то “ў гэтай краіне не маю я волі”. Але імкнуся да яе.
Апошнія гады я шмат хаджу па горадзе, то разам з Севярынцам па вуліцах няроднай сталіцы, то ў Курапаты, то на Кастрычніцкую плошчу, то на Камароўскія пікеты. Мне аж грудзі распірае ад эйфарыі, што я разам з маладзёнамі, сярод якіх і я маладзею, і тады прылівае адрэналін і энэргія каб годна рабіць сваю журналісцкую і праваабарончую справу.
Паводле pen-centre.by