Кароткія падарожныя экспрэсіі
Напачатку сакавіка мяне чамусьці заўжды цягне да вады. Ад дняпроўскіх разліваў дзяцінства пачалося, ці што? А можа падсвядома спрабую ачысціцца пасля доўгай зімы? Ці проста хочацца пабыць аднаму, прыпыніць хаос думак, суцішыцца…
Ды і шал натхнення ў мяне абвастраеца менавіта з пачаткам вясны.
Памятаю, як у сакавіку 2016 года патрапіў на два тыдні ў латыскі Дом творчасці ў Венспілс, Ціхая нетаропкая плыня гарадка, які яшчэ не прачнуўся ад зімовай спячкі, рэдкія турысты і халодная імжыстая Балтыка, Вента і… я.
Вось і зараз не змог супакоіць сверб душы, паімчаўся на дзесятак дзён на Нарач.
Зняў невялікую кватэрку ў курортным пасёлку Нарач (Купа), і даастачы набраняўшы азёрнай вадою пачаў ізноў думаць, пісаць, перакладаць….
Ну і вядома з асалодай вывучаць наваколле і тутэйшых людзей.
* * *
Першая сустрэча каля аўтавакзала ў курортным пасёлку Нарач, дзе мяне павінна была сустрэць гаспадыня загадзя дамоўленага жытла.
– Добры дзень! А Вы, відаць, мяне забіраць прыйшлі?
– Не, не вас. Але з ахвотай да сабе такога забрала б…
Вось я і аслупянеў: што гэта было – жарт, альбо…?
* * *
У першы дзень па прыездзе пайшоў у вёску Нарач. Праўда, амаль усе тут называюць вёску Кабыльнікам. Ды і на вёску той Кабыльнік не зусім падобны, хутчэй на мястэчка: кірмашыкі, крамкі, царква, велічны касцёл… і гэткія ж велічныя руіны пабудоваў савецкага часу.
Калі вяртаўся дадому запытаў у дзяўчат, ці ёсць нейкі карацейшы шлях да курортнага пасёлка, бо затаміліся мае гарадскія ногі.
– Ды к вам да Купы?
– Так, да Купы, – адказваю.
А сам думаю, вось жа якое слова прыдумалі, каб КП (курортны пасёлак) Нарач называць. Натупным днём прадавачка ў крамцы “Нарачанская рыба” патлумачыла, што Купа гэта не КП, а старая назва курортнага пасёлка… Раней на гэтым месцы існавала вёска з такой назвай…
Стаміўшыся пад дробным няспынным дажджом блукаць даўгімі вулічкамі Кабыльніка пайшоў да крамы, каля якой стаялі аўтобусікі. Праз 10 хвілінаў адзін з іх збіраўся ад’яжджаць якраз у бок Купы.
У салоне мясцовая кабета запыталася ў мяне па-беларуску:
– Відаць, спадабаўся Вам наш Кабыльнік?
– Так, але чаму вы так лічыце?
– Дык трэці раз запар бачу вас тут!
* * *
Мярзотная імжыстая раніца. Даішнік размаўляе па тэлефоне на перакрыжаванні:
– Ну ты ты і дурніца! Ніякага каранавіруса ў нас тут ніколі не будзе, гэта там ў Мінску паніка. І бегаць за прадуктамі няма чаго….
На хвіліну пераключыў увагу на мяне.
– У Мядзел? Так, Мядзел у тым баку, але трэба табе кіравацца ў адваротны, вунь на аўтавакзал, бо не дойдзеш сам.
Потым ужо зразумеў, што да Мядзела адтуль было 17 кіламетраў.
Можа б і дайшоў, але ці вярнуўся б назад у Купу?
* * *
Па пятніцах недзе на ўскрайку Кабыльніка збіраюцца кірмашы. Запытаўся ў мясцовых дарогу..
Распавялі і папярэдзілі, што трэба выбірацца на кірмаш вельмі рана, маўляў, там у дзесяць раніцы няма ўжо чаго рабіць…
Прачнуўся натуральна ў шэсць і пайшоў. Туман быў такі, што й за 20 метраў нічога не ўбачыш… Праз нейкі час пачуў гаману: шуміць кірмаш.
І недзе ў гэтым тумане раптам:
– А чаму вашае сала не салёнае?
– Дык толькі ўчора кабана закалоў, калі было саліць, на кірмаш жа спяшаўся…
* * *
У Кабыльніку запытваюся ў мажнай кабеты:
– Як дабрацца да могілак?
– А які вам магільнік трэба, тут у нас іх шмат: каталіцкія альбо праваслаўныя, ці можа габрэйскія?
– Ну сучасныя, відаць, там дзе зараз хаваюць.
Удакладняю, мабыць, праваслаўныя…
Падказала накірунак.
Менавіта туды я ў першую чаргу і выбіраўся – знайсці магілу свайго знаёмца, цікавага паэта, які выдаў на трасянцы кнігу вершаў “Пішчавыя лішкі” Ярылу Пшанічнага. Многія яго ведаюць як музыку і перформера Вову Банкера.
І вось сціплы помнік з каляровым фотаздымкам “Владимир Банько”.
Праз месяц, 19 красавіка, спаўняецца 5 год як ён раптоўна памёр на гэтых самых могілках, перад Вялікднём, калі прыбіраў пахаванні дзядулі і бабулі… Казалі, што адарваўся тромб…
* * *
7 сакавіка тэлефаную ранкам у Мінск, хвалююся, ці пасадзіла жонка на нарачанскую маршрутку дачку Стасю, ці не праспалі хоць?
А ў адказ нечакана чую:
– Усё нармалёва, мы ўжо едзем!
Як едзем? Павінна ж дачка адна быць? А гаспадарку хто будзе даглядаць, крысёныша ды ката?
Пабёг хутчэй на кірмашык, да возера, а раптам якой нарачанскай рыбіцы знайду, каб частаваць гасцей было чым. Уразіўся коштам вэнджанага вугра – 84 рублі за кілаграм. Задумаўся на хвіліну і нібыта ўжо наеўся. Аднак прыхапіў некалькі акунёчкаў.
* * *
Людзі ў Кабыльніку гаваркія і шчырыя, многія яшчэ й па-беларуску могуць. Наступілі на нагу і тут жа: Пра-бач-це!
* * *
Паехалі з дачкой на 8 сакавіка ў Мядзел. Прайшліся берагам Мястры. Разглядзелі, як рэстаўруецца касцёл Маці Божай Шкаплернай, пабудаваны у 1754 годзе ў стылі барока і кляштара Кармелітаў босых (ужо адрэстаўраваны). Падобна – будзе гламур. Шкада, што спілавалі дзесяткі старадаўніх дрэваў вакол і дворыкі закладаюць пліткай….
Пасля доўгіх блуканняў выбраліся на ўскраек гарадка лавіць папутку да Купы. Заўважаю, як шашу пераходзіць кабеціна з нейкай дзяругай, кіруецца якраз у наш бок. А тут імчаць пажарныя аўтамабілі, легкавікі МНС, міліцыі, газавай службы….
Бабуля спынілася непадалёк ад нас ды пачала голасна разважаць:
– І куды гэта яны нясуцца. Ой, там жа вёсачка побач, дзе ў мне дамок. А раптам гэта ён гарыць? Пабягу назад, дахаты, пазваню суседцы, каб глянула.
Пабегла ізноў праз назад, не зважаючы на аўтамабільны рух….
* * *
Раніцай над ціхаю Нараччу птушыны гвалт і мітусня несусветная: некалькі “санаторных”, як тут кажуць, кормяць батонамі шумлівае птаства, нягледзячы на надпісы не рабіць гэтага.
Рохкаюць лебедзі, равуць чайкі, крэкаюць у чаратах лысухі.
Чайкі пікіруюць на лебядзёў адразу па трое-чацвёра і адбіраюць здабычу, а потым усчынаюць бойкі паміх сабой. Урэшце кавалак батону разлятаецца на крошкі.
* * *
Старадаўнія габрэйскія могілкі ў Кабыльніку. Там яшчэ захаваліся недзе мацэйвы, аднак асабліва не было калі даследваць тыя нетры надмагільных камянёў. Кажуць, што першыя пахававанні тут узніклі гадоў трыста таму. А яшчэ чуў, што на некаторых надмагіллях надпісы такія, што не заўсёды могуць разабрацца сучасныя адмыслоўцы.
А вось сінагогу знішчылі даўно і слядоў яе я не адшукаў…
Усё адно быў уражаны!
* * *
Ад’язджаючы з Купы сустрэў дзьвух “санаторных” эстонак, якія запытваліся дарогу да крамаў. Я перапытаў, што менавіта іх цікавіць? “Мілавіца”, “Беларускі лён” і чырвоная ікра на зніжцы ў 50 адсоткаў.
“Цудоўна, што патрапіў сюды ў міжсезонне”, – задаволена падумаў я і з’ехаў у Мінск.
Сяржук Сыс. Сакавік, 2020 год.