Напачатку студзеня 2020 года пад час хваробы засвярбела раптам у душы і на свет з’явілася некалькі новых вершаў… Незвычайных і балючых…
«ЗЯЛЁНАЕ СЭРЦА».
На досвітку шызым,
найгоршаю з зім,
пад змятай падушкаю,
мулкай і колкай,
намацаю я і збяру па адным
шэсць каляровых алоўкаў.
На канціках — бляклая літар змяя:
«Завод імя Сакка й Ванцэцці».
Адкуль тут яны, дзе і сам я ці я,
дзе цуды зрабіліся мітамі ў свеце?
Паперы ліст жоўтым алоўкам — наўскос,
чырвоны ў руках — Віфлеемская зорка…
Шкада, што зламаны ў сіняга нос —
І неба ня будзе, хіба што пагоркі.
Наступны аловак — дальбог, кіпарыс,
авалы выводзіць і пальцы міжволі,
малююць збалелага сэрца абрыс,
зялёнага сэрца з голкамі хвоі…
КАШТАНЫ
Прысвячаю Д.П.
Можаш ня верыць мне,
можаш казаць, што ты блазан, Сяргей,
Воля твая, я зусім не анёл,
я даўно маю безліч заганаў…
Толькі тое, што ты палічыла сваім —
не належыць табе:
Я пра тыя, на стосіку кніг,
тры сухія каштаны.
Ты мне шчыра скажы,
хоць калі ў сваіх казачных снах
Ці пакратала іх, адчувала хоць раз
патаемную сілу,
Моц, якая вясной
раздзярэ цяжкі груз апранах,
Каб на свет нарадзіўся
расточак пяшчотны і мілы?
Тры каштаны — мае,
можаш іх зберагчы,
Можаш згрэбці рукою дадолу,
канечне.
Усё роўна яны
мне аднойчы прысняцца ўначы,
І яны, нібы ты,
застануцца са мною навечна.
8.01.2020.
УЗНЯСЕННЕ
За каменнымі мурамі,
за калючымі дратамі
Ланцугі ірвуць аўчаркі
за тыбетамі муроў,
За каменнымі мурамі,
паміж сёстрамі-братамі —
За калючымі дратамі —
міласэрнасць і любоў.
За калючымі мурамі
словы выткуцца ў кілімы,
Думкі снегам першародным
лягуць роўным палатном.
За каменнымі дратамі
пралятаюць нашы зімы,
Зімы, што аднойчы стануць
недарэчным дзіўным сном.
9.01.2020.
* * *
Поўня-панначка, госця жаданая,
Ты між хмар так пабліскваеш блізка,
Можа ўкрыемся сёння туманамі,
Ды палётаем па-над Мінскам?
Горад вабіць неонам і гоманам,
З вышыні ён такі дружалюбны…
Праплыві ля вакна майго цёмнага,
Спапялі краты-засаўкі, любая.
Пачакай жа, не хутайся хмарамі,
Паляцім, і не скажам нікому,
Як наш Мінск дагарае пажарамі,
Як балюча вяртацца дадому…
10.01.2020.