Ірадава расправа

Разгон плошчы 19 снежня 2010 года ў Мінску.

Алесь Бяляцкі сёння раніцай нагадаў мне пра той самы дзень, дакладней пра вечар, які, як паганая рана, не можа аніяк загаіцца на целе і дагэтуль.
Я пра 19 снежня 2010 года.
Можа гадзін да 16 я яшчэ не здагадваўся, якой станецца гэтая ноч для Беларусі і для кожнага з нас. Ну так, бачыў дзесятак «ціхароў», якія паўдня дзяжурылі на двары, каля офіса “Вясны” але не заміналі. Пакуль што…
Было шмат працы, журналісцкай, і не зусім. Сапраўды вельмі шмат. І трэба было ўсё паспець.
Толькі раптам, адразу, ўсё паламалася ў адначассе: пагромы, ператрусы, збіццё, выкраданні і кроў…
Гэты жах надаваў моцы і я стараўся паспець пра ўсё напісаць, выкінуць “на людзі”, на ўвесь белы свет інфармацыю аб падзеях у Мінску…
Завісаў і блакаваўся сайт, сотні прозвішчаў затрыманых знікалі з маіх сацыяльных сетак – іх выдалялі.
Не думалася пра гэта, шукаў толькі варыянтаў, як шырэй падаць інфармацыю пра страшэнныя падзеі.
Быў толькі адзін момант, калі я ўздыхнуў з палёгкай, калі ўбачыў, што з плошчы вярнуся Бяляцкі з нашымі хлопцамі — не затрыманыя і жывыя…
Потым на «Вясну” прыйшлі грамілы і навалілася стома…
Людзі тыя былі няўпэўненыя ў сабе, нерваваліся. Асабліва калі Валік Стэфановіч ўзяў з рук аператыўніка ў цывільным пастанову на агляд памяшкання і падраўшы яе на дробныя шматкі, шпурлянуў іх у твары «таварышаў».
Выводзілі нас з офіса па аднаму да калоны міліцэйскіх аўтамабіляў, у кожным з якіх сядзеў аўтаматчык… Завезлі ў Першамайскі РУУС, завялі ў актавую залю..
Пад раніцу, калі сталі выводзіць на допыты да следчых, папрасіў “прыняць мяне” першага, бо дома засталася хворая на вятранку чатырохгадовая дачушка Стася, пакінутая на цешчу.
Следчы міла запытаўся ў мяне: «А гэта ваш аўтамабільчык зраніцы стаіць каля офіса «Вясны»?», паказаўшы тым самым сваю дасведчанасць.
А побач, у тым жа кабінеце, але за іншым сталом, Зміцер Салаўёў настойліва вучыў яшчэ аднаго следчага размаўляць на беларускай мове. Той чамусці супраціўляўся.

Жонка Галіна Дубянецкая была на Готландзе і не вылазіла ўсю ноч з інтэрнэту. Потым у нейкім эсэ апісвала тую ноч:
«Страшныя весткі з Беларусі, пачынаючы ад вечару 19 снежня, трымалі пад напругай днямі і начамі. Думаю, што ў Швецыі, дзякуючы вольнаму Інтэрнэту, я ведала ўсё хутчэй і больш дакладна, чым ведала б дома. Дасылала словы падтрымкі сябрам. Дарэчы, навігацыя ў Інтэрнэце, якая дагэтуль была мне таямніцай за пячаткамі, цалкам сталася маёй тамтэйшаю заваёвай.
Ірадава расправа ў Менску папсавала зімовыя святы беларусам па ўсім свеце. Некалькі дзён было зусім не да чытання ангельскіх і польскіх паэтаў, чыіх кніжак набрала ў бібліятэцы гасціннага Балтыйскага Цэнтру, і не да перакладаў…”

А мы то выжылі, сталі мацнейшымі. І дзякуй богу, што жах той не забыўся дагэтуль, бо такое нельга забыць…

19 снежня 2019 года.