Адмоўлена

У вершы «Адмоўлена» — паказаны складаны псіхалагічны свет чалавека, які чакае выкананне смяротнага прысуду. Упершыню надрукаваны 5 кастрычніка 2-18 года ў газеце «Народная Воля».

 

А ты не верыш, думаеш, што сніцца,

Што вось, расплюшчыш вочы і міне…

“Адмоўлена ў жыцці”, прысуд, вязніца,

І ў сэрцы боль пякучы палыхне.

 

Як чуйна слых свідруе сутарэнне,

Жахаецца, пачуўшы крок цяжкі,

Ці ляск дзвярэй, ці ветру шум вясенні…

Ідуць за мной, каб зьвесці на вякі?

 

Ды не, ня можа быць! Яшчэ надзея

Ледзь кволіцца ў загубленай душы.

Дарэмна… Кат аплёўся партупеяй,

Каб зноў зрабіць сваё і зноў зграшыць.

 

Трымціць душа ў бетоннай дамавіне,

Халодных слёз зіхценне з-пад павек.

У дрогкім сне – крывавая каліна,

Ды маці, што сыйшла адсюль навек.

 

У асвятленні цьмяным павуцінне

Раптоўна выхапіць на столі зрок.

Там нехта ёсць жывы… ага, скажы мне:

“І ты бяссоннем хворы, павучок?”

 

А ты не верыш, думаеш, што сніцца,

Што вось, расплюшчыш вочы і міне…

“Адмоўлена ў жыцці”, прысуд, вязніца,

І ў сэрцы боль пякучы палыхне.

2018 год.