Два сярпы ды іншыя вершы

Адсвяткаваў свае 55 год, як кажуць — «два сярпы». На гэтую тэму напісаўся вось гэты верш. Ну і сябры нешта таксама дадалі. Няхай застаецца тут.

ДВА СЯРПЫ

Сярпы за плячыма – яшчэ не прычына

Няўмольны зыход планаваць…

Яшчэ ёсць найлепшая ў свеце жанчына,

Што ўмее караць і кахаць.

 

Яшчэ засталіся пякучыя словы

Нянавісці і дабрыні,

І ў кучарах шэрані шчэ напалову,

І ў позірку палкім – вагні.

 

Яшчэ засталіся хрусценне ігліцы,

І рысі-царыцы ў бары…

Яшчэ могуць студзеньскай ноччу прысніцца

Дняпро, і наш дом на гары.

 

Сярпы за плячыма – хіба што нагода

Зірнуць хітравата назад.

І жыць апантана, і йсці з асалодай

У свой залаты лістапад.

26 студзеня 2017 г.

Сяржук Сыс, 2017 год.
Сяржук Сыс, 2017 год.

 

Галіна Дубянецкая

Двум сярпам, што за плячыма,
стацца крыламі магчыма!
Пер’ем толькі абрасьці,
І, давай, Ікар, ляці!

Вера Жуковіч

Шэрань, брат, — не белізна…

Дый наперадзе вясна. Там — і лета!

Пад бярозамі, дубамі абцяжарысься грыбамі,

Пранікнёнымі радкамі:

Ты ж — ПАЭТА!

 

Славамір Адамовіч

З ДН!

Сыса Другога
віншую з ДН!
Хай будзе дарога
дарогай да зьмен!
Хай будзе кароткай
да новых часоў!
І доўгай і лёгкай
да Першых Сысоў!

С.А., Мар’іна Горка,13:11

 

Зміцер Захарэвіч

Сяргею Сысу ў ягоныя 55

Сам узабраўся на Парнас
Без узгадненьняў і бязь віз,
Як палясоўшчык той Тарас
Ці твой «зямеля» Толік Сыс,
Каб сярод музаў баляваць
І чару выпіць не адну
За адзінаццацькроць па пяць
Ды вечную сваю «Вясну»!