Беларуска–украінскім творчым вечарам “Гутарка” завяршыўся ў Львове інтэлектуальны і літаратурны 2016 год. 23 снежня ў “Штаб-кафэ” сустрэліся паэты і перакладчыкі з дзвюх краін. Беларускі паэт, перакладчык і праваабаронца Сяргей Сыс прывёз з сабой нямала вершаў і цікавых гісторый пра сваё жыццё і культурна-моўны стан у Беларусі.
“Тут, у вас, лягчэй дыхаецца” – казаў ён, таму і выклаўся на поўную, як і іншыя госці творчае вечарыны. За аснову перакладаў з украінскай на беларускую Сяргей узяў вершы са зборніка “Рэха свінцовых маланак”, выдадзенай у рамках ўкраінскага літаратурнага праекта “Дух нацыі”. Прэзентацыя адбылася пры ўдзеле суаўтараў гэтага зборніка: Юрыя Руфа і Ігара Клімовіча. Яны па чарзе дэкламавалі вершы: беларускі пераклад і ўкраінскі арыгінал. Акрамя перакладаў, беларускі сябра піша і свае вершы, якія зачытаў слухачам, а чароўная львавянка Яна Лілл прадэманстравала свае пераклады вершаў Сяргея Сыса.
Творчая сустрэча праходзіла ў цёплай і сяброўскай атмасферы.




