Паліна Сцепаненка: Падарожжа па зямлі Сыса

Наш праваднік Сяржук Сыс – паэт, зямляк і сябра Анатоля Сыса. Сыс Сяржук – укладальнік дакументальнай кнігі пра Анатоля Сыса – успаміны, лісты, фота. Сяржук Сыс павядзе нас шляхамі, якія не тычацца менскага жыця паэта Анатоля Сыса. Гэта Гомельшчына, мясціны пра якія ведалі толькі два паэты два Сыса – Анатоль ды Сяржук.

Падчас вандроўкі мы наведаем тыя “этапныя” мясціны на Гомельшчыне, якія пакінцлі адметны след ў жыцці паэта Анатоля Сыса. Гэта шэсць населеных пуктаў і сустрэнеся з сябрамі, сваякамі ды настаўнікамі.

Гомель

Пачнем мы свой шлях з Гомеля, гэта горад, з якога Анатоль выпраўляўся да Менску. У Гомелі Анатоль атрымаў вышэйшую адукацыю, вучыўся ва ўніверсітэце. У Гомелі засталіся сябры, з якімі кантактаваў, якіх паважаў Анатоль. Наведаць інтэрнат на вуліцы Кірава 122_а, дзе Анатоль жыў падчас вучобы. Можна заўзірнуць у корпус філалагічнага факультэта Гомельскага ўніверсітэту.

Сяржук Сыс распавядае: “Вясна, 1981 год. Гомель. Верагодна, быў травень, бо шчыра прыпякала лагоднае сонца. Цішком уцякаю з лекцыйнай пары ва ўніверсітэце – аднакурсьнікі зрабілі гэта раней і цяпер чакалі мяне ў піўбары пад назваю “Тэлевізар” з кухлямі піва. На ганку філфакаўскага корпуса “гомельскага універмагу” перастрэў мяне Анатоль: “Што, ізноў сцыкі піць сабраліся? Хадзем лепей са мной, тут недалёка”. (Сыс тады амаль, або наогул, ня піў.) Зайшлі ва ўніверсітэцкую кнігарню, дзе ён падыйшоў да стэлажоў і, з гонарам разгарнуўшы адну з кніг, працягнуў яе мне. “Глядзі, бачыш, вось – Карал Сыс. Паэт з Чэхіі. А ты п’еш піва заместа таго, каб пісаць. Старацца трэба, каб і на Беларусі такія Сысы былі, як гэты чэх.” Толіка расьпіраў гонар, быццам гэта ягоны том стаіць на паліцы. Кніга перакладаў з чэскай мовы мела назву “Высокае неба”.

Насупраць універсітэту на невялічкай вуліцы Ўніверсітэцкай ў прыватным доме жыве Бэлла — расейскамоўная паэтка, сяброўка ўсіх гомельскіх паэтаў. Анатоль любіў бываць у гэтым доме, у савецкія часы ў гэтым доме выпісвалі ўсе літаратурныя часопісы. Анатоль Сыс браў чытаць гэтыя часопісы, і пра літаратуру былі дыскусіі ў гэтым доме. Белла шмат памятае з тых часоў, і магла бы цікава распавесці.

Выкладчыкі Гомельскага ўніверсіэту. Прафесар Іван Штэйнер, які папачатку быў скептычны ў адносінах асобы Анатоля Сыса і яго творчасці, але ў яго хапапіла мужнасці прызнаць памылку і выдаць манаграфію па творчасці Анатоля. Пра гэты можна было бы і пагаварыць. Ёсць выкладчык-паэт Віктар Ярац, які напісаў добрыя ўспаміны пра Анатоля Сыса, якія недзе загінулі ў Менску, бо Віктар Яраць піша ўсё ад рукі і ў адным асобніку. Мы выязджаем з Гомеля ў накірунку Рэчыцкага раёну.

Вёска Броннае

Тут Анатоль Сыс скончыў сярэднюю школу, бо ў Гарошкаве, школы не было. Там ёсць два настаўнікі, які памятаюць Анатоля. У Бронным ёсць прыгожы абрыў Дняпра.

Сяржук Сыс распавядае: “Анатоль колькі разоў задаваўся пытаньнем: чаму ён усё-ткі носіць прозвішча Сыс, калі навокал яго плойма Герыловічаў, Гапоненкаў, Цыбульскіх, Чарнашыяў. Няпраўду сцвярджаюць зараз, што ў Гарошкаве Сысоў шмат, — у Заспе было набагата болей, хаця і там многія паўміралі. На маю думку, сваю адметнасьць Толя адчуў не толькі праз наяўнасць дара Божага – паэзіі, але нейкім чынам (як не дзіўна гэта гучыць!) і ў сваім прозьвішчы. Усё разам і прывяло яго да ўсведамленьня ўласнай абранасці, выключнасьці свайго зьяўленьня “тут і цяпер”. Але вернемся да прозьвішча паэта. Адкуль яго карані? Згодна з адной версіяй, якая найбольш распаўсюджана, у ранейшыя часы дзетак, якія доўга смакталі матчыну цыцку альбо свае пальцы, адорвалі мянушкай “сыса”, якая і трансфармавалася ў “сыс”. Але гавораць і па-іншаму. Напрыклад, кіеўская паэтка Ала Сыса паведаміла мне наступнае: маўляў, прозьвішча Сыс паходзіць ад імя Сысой, якое ў сваю чаргу мае старажытнагабрэйскі корань “Сісі” – шосты; гэтак называлі звычайна шостага сына ў сям’і. Але імя Сысой сталася таксама прозьвішчам, навошта яшчэ трансфармаваць яго ў Сыс? Анатоль жа прытрымліваўся думкі, што Сысы – гэта тыя, хто ссаў альбо цыцку, альбо пальцы. Аднак, каб пусьціць пылу ў вочы, мог пры выпадку заявіць, што ў прозьвішча скандынаўскія карані, а на Беларусь яно трапіла пад час наладжваньня шляху “з варагаў у грэкі”. І меў таксама рацыю, бо Сяргей Панізнік, які перакладаў чэскіх паэтаў і меў стасункі з Каралам Сысам, расказаў, што у Карала ёсць і асабістая версія, згодна з якой прозьвішча Сыс мае чэскія карані”.

Вёска Заспа, каля Гарошкава — гэта родная вёска нашага правадніка Сяргея Сыса

Тут любіў бываць Анатоль Сыс. Антоль Сыс прыязджаў сюду “патусавацца” на вясковых святах і вяселлях. Тым больш, што вельмі часта хрэсьбіны і вяселлі былі змешаныя – часта гарошкаўскі жаніліся з заспенскімі. І былі супольныя вяселлі двух вёсак.

Сяржук Сыс распавядае пра сваё незвычайнае знаёмства з Анатолем Сысом: “Паступленьне ва ўніверсітэт ў 1979 годзе, пасля атрыманьня атэстата аб заканчэньні дзесяцігодкі, для мяне ўрэшце стала рэальнасьцю – паштавічка ў сярэдзіне жніўня прынесла доўгачаканае паведамленьне. На хвалях душэўнага ўздыму, пасля танцаў у засьпенскім клубе, адважыўся правесьці да хаты дзяўчыну з суседняй вёскі, з Гарошкава. Чаму адважыўся? Па-першае, далекавата, па-другое, а хутчэй-такі першае, паміж засьпенскімі і гарошкаўскімі хлопцамі ў тыя гады амаль без перапынкаў адбываліся лакальныя войны. Праводзіны гарошкаўскай прыгажуні лёгка маглі скончыцца банальным “мардабоем”. У той вечар мне было мора па калена: я гучна сьмяяўся, расказваючы абраньніцы дурныя гісторыі. Ну, і падыйшлі ў прыцемках да нас мясцовыя… “Ты адкуль?” — запыталіся.

— З Заспы.

— А чый такі сьмелы знайшоўся?” – пачаўся допыт.

— Толіка Сыса, — адказваю.

— Цішка! — гукнулі некуды ў цемру вясковай вуліцы, — тут нехта тваім сынам прыкідваецца.

Да купкі мясцовых дзецюкоў далучыўся рослы зграбны юнак. “Сысоў я багата ведаю, можа ты Марыі Міхайлаўны сын?”

— Ага, яе.

— У школу ходзіш, ці дзе вучышся?

— Ды толькі паступіў ва ўніверсітэт у Гомель, на філфак.

— Тады табе пашанцавала. Я і сам там. Вучыся і не бойся нікога, а ледзь што – скажаш, што мяне, Сыса, ведаеш… А дзеўкам, як запытаюцца, гавары, што мой сваяк.

Так на сьвет зьявіўся вядомы пасьля выраз: “Я – Сыс. Тут можаш нікога не баяцца”, а для мяне пачаўся новы этап жыцьця, у якім назаўжды пасяліўся досыць асязальны цень Анатоля Сыса”.

Бываў Анатоль Сыс і ў бары пры сталоўцы (дзе пасля былі памінкі па Сысу). Бываў у маці Сяржука Сыса, бо яна, як і маці Анатоля – Сыс Марыя, яго гэта вельмі цікавіла. І, апроч таго, маці Сяржука Сыса доўгі час працавала загадчыцай кавярні пры сталоўцы, іншы раз частавала Анатоля. Зараз Марыя Сыс стараста ў Заспенскай царкве, дзе знаходзіцца карціна Аляксея Марачкіна, якую прывёз з Менску Анатоль. Зараз гэтая карціна стала мясцовай іконай – Маці Божая Чарнобыльская. Знаходзіцца ў царкве на пачэсным месцы. Гэта тая самая выява, якую насілі ў 90-ыя гады на Чарнобыльскі шляху ў Менску наперадзе шэсця. Канечне, гэта не ў чыстым выглядзе ікона. Але людзі шануюць яе, хаця гэта не кананічная выява. Але, тым не менш, у свядомасці людзей, якія наведваюць царкву, гэта Маці Божая Чарнобыльская. Гэта можна паглядзець навет у будзённы дзень, бо ў Марыі Сыс ёсць ключы ад царквы, яна можа зрабіць невялічкую экскурсію. Можна ў вернікаў спытаць, як яны ставяцца да гэтай карціны, якую прывёз Анатоль Сыс. Дарэчы, гэтую карціну ўзялі на ўлік у Рэчыцкім упраўленні культуры, яна цэніцца і раённымі ўладамі.

Распавядае Сяржук Сыс: “Да мацінага дома ў Заспе, на Лугавой, з грукатам падкацілі калёсы. “Тпру, зараза бешаная” – пачуўся знаёмы голас. Выходжу з двара і шчыра любуюся Сысом. У адных драных шортах, збранзавелы, як бюст Грамыкі ў гомельскім скверыку, лысы, здаровы і “трохі ўмазаны”. А побач з ім на вазку – шчаслівая Раманава.

— Сяржук, братка, прывітаннье! Кажуць суседзі, што ты быў у Гарошкаве ды не заспеў нас, дык я каня пазычыў – і да цябе ў Заспу. Калі што ёсць, дык давай вуп’ем!

— Я ўжо вам вып’ю, дык вып’ю! – пачула размову і не вельмі злосна абурылася маці.

—Цётачка Марыйка! Гэта ж я па справе прыехаў. Сабраўся ў Менск на зьезд пісьменьніцкі, дык ня ведаю, пачым там кніжку сваю прадаваць, можа, Сяргей параіць, ён жа разумны, — перайшоў на хітрыкі Сыс.

Маці, адчуўшы важнасць моманту, вынесла-такі ў альтанку пад гару і “вупіць“, і закусіць, а адыходзячы, спыталася:

— Як жа хоць называецца, кніжка твая, Толя?

— А так і называецца – “Сыс”.

— Цьфу, ну што гэта за назву ты прыдумаў?

— Гэта не я, мне мастакі так параілі”.

Вёска Красны мост.

Некалькі кіаламетраў ад Заспы вёска Красны мост. Там магіла паэта Віктара Стрыжака – паэта таксама трагічнага лёсу, які памёр у 40 гадоў. Анатоль Сыс з ім сустракаўся. Пахаваны на беразе высокім Дняпроўскім.

Сяржук Сыс распавядае: “У інтэрв’ю “Не трэба мяне шугацца”, якое было змешчана ў 1997 годзе ў “Звязьдзе”, Анатоль Сыс разважаў пра тое, што “ў адным калгасе (нарадзіліся) і ён, і Віктар Ярац, і Віктар Стрыжак і аднафамілец Сыс, а за ракою – Нэлі Тулупава. Навокал жа – хоць венікам мяці. Мусіць зноў планеты сыйшліся”. Можа, і сыйшліся, але ў той момант я задумаўся: тут жа ў нас, у Рэчыцкім Падняпроўі, паэты і сапраўды непрытульна-трагічныя, пазначаныя рысамі сацыяльнага бунтарства. Глядзіце самі. Скажам, гомельскі паэт Віктар Ярац, той, хто сабраў рэйтынгавую сотню імёнаў найлепшых беларускіх паэтаў. У маладосьці быў адлічаны з БДУ за ліст у падтрымку беларускай мовы. Нябожчык Стрыжак Віктар зьмяніў шмат месцаў жыхарства і працы, шукаючы… не, не заспакаеньня, а хаця б прыблізнай гармоніі творцы і грамадства. Можна прыгадаць і паэта Міхайлу Грамыку з вёскі Чорнае, якога не абмінулі рэпрэсіі як пры царызме, так і пры савецкай уладзе. Тым не менш ён выстаяў, не зламаўся. А калі дадаць да гэтых імёнаў яшчэ Грышы Бенчука? Анатоль не мог быць іншым. Хіба што ягоная пасіянарнасць набыла акрэслена адраджэнцкія рысы, ды сапраўды элітарна-нацыянальны характар. Таму хачу паспрачацца з тымі, хто сцьвярджае, што Сыса стварылі час і абставіны. Думаю, вялікі талент і бунтарства духу яму былі дадзеныя па праву нараджэньня і па максімуму. Як быў наканаваны і трагізм менавіта такога сыходу”.

Вёска Гарошкаў – родная вёска Анатоля Сыса

Сяржук Сыс распавядае: “Вуліца ў Гарошкаве, на якой стаіць хата Анатоля, акурат вядзе ў суседнюю вёску Заспа. Можна яшчэ праехаць лоеўскай шашой, але, выбіраючыся на радзіму, да маці, збочваю з аўтатрасы менавіта ў Гарошкаве. (“…І цяпер, скрозь штодзённых нягод каламуць // Пуцявіны мае праз Гарошкаў вядуць…”) Спыняўся ля Цішкавай хаты, хаця нярэдка і не заставаў Сыса дома: то ён у Менску, а то дзе-небудзь на Дняпры. Аднаго разу (верасень 2002 года), ўбачыўшы мяне, Анатоль так настойліва запрашаў зайсці да яго ў дом і выпіць хоць кропельку, што адмовіцца, хаця і быў за рулём, не выпадала. У пакоі вольна пачувалі сябе суседзі і землякі Толіка. Нехта з іх працягнуў напоўненую напалову шклянку з танным “кампотам”. У тое ж імгненьне Сыс выбіў яе ў мяне з рук, віно пралілося на падлогу. “Ты што, хочаш на яго беркулёза свайго напусьціць? Колькі табе гаварыць, са сваёй чаркі пі сам. Гэта ж да мяне Сыс заехаў, Сяржук, а ты…” Выпіўшы з чыстага посуду, я зазьбіраўся ехаць далей, у Заспу. Але Сыс папрасіў затрымацца яшчэ трошкі, а сам са светлага пакоя вынес кніжку і, прысеўшы на ўскраек услончыка, стаў яе падпісваць. Сказаў сур’ёзна, быццам і не п’яны зусім: “Гэта, Сяржук, трэба перадаць у Чэхію, Каралу. Няхай ведае, што на Беларусі таксама вумныя Сысы ёсьць”. Я прачытаў надпіс: “Сыс, кроў мая, ты, ў параўнаньні са мною – карлік! Я перакладаў твае вершы на беларускую мову! Чарнобыльскі мутант, Сыс”. Менавіта тады я яшчэ прапанаваў Анатолю: “А што, калі зладзіць супольную творчую вечарыну з Каралам Сысам ці ў Менску, ці ў Празе? Вось бы народ паабсысаўся!” Толік тады надзвычай эмацыйна падтрымаў гэтую маю спантанную прапанову, якой ужо ніколі не суджана ажыцьцявіцца. А вось аб тым, ці перакладаў калі Анатоль творы Карала Сыса на беларускую мову, казалі многія. Аднак бачаныя нібыта на ягоным стале густа спісаныя на палях старонкі, дагэтуль не адшукаліся”.

Бібліятэка, ў Гарошкаве не было школы, але была бібліятэка, якую наведваў Анатоль. Бібліятэка ў той час у Гарошкаве была не толькі як кнігазбор, дзе можна ўзяць кнігу, гэта было месца, дзе ўсе сустракаліся, дзе гулялі ў шашкі, шахматы, выходзілі за вугал, маглі чарку выпіць, абмеркаваць нешта адзін з адным. Зараз бібліятэка не працуе, але будынак захаваўся.

Гарадзішча Гарошкаўскае. Гарадзішча знаходзіцца побач з хатай Анатоля Сыса. На Гарадзішчы Сыс праводзіў шмат часу ўлетку. На жаль, тых сяброў, з якімі ён бавіў час засталося толькі два. За апошнія тры гады яны памерлі – вясковае жыццё, алкаголь. Але тых сяброў, што засталіся знайсці рэальн. На Гарадзішчы збіралася Анатолева кампаннія. Там Анатоль чытаў шмат вершаў, у тым ліку тых, якія нідзе не друкаваліся, ён складаў іх у фальклорным стылі для гарошкаўскага ўжытку. Можа заспеем сяброў, якія памятаюць гэтыя гарошкаўскія паэмы і могуць працытаваць, бо Анатоль складаў іх на хаду і не запісваў. А людзі запаміналі.

З Гарадзішча спускаемся на луг, да славутага месца, дзе на беразе Дняпра знаходзіцца “Цішкаў пляж”. Там засталася палоска пяску, дзе Анатоль не толькі купаўся і лавіў рыбу, але і спраўляў паганскія святы – на Купалле танчылі голымі і.г.д. Бывалі там вельмі шчырыя оргіі ў паганскі духу, збіраліся па 20 і болей чалавек. Анатоль умеў сабраць каля сябе людзей. На Каляды з яго ініцыятывы ў Гарошкаве ставілі вялікую елку, ён замаўляў трактарыста, цягнулі з лесу елку.

***

Сяржук Сыс кажа: “Быў Сыс” – застаўся стаяць перад маімі вачамі чорны загаловак-аншлаг у “Нашай Ніве”. Быў? Ня веру дагэтуль, што быў. Можа, дзе схаваўся, ды піша. Здаецца, зьявіцца вось-вось, ды і заявіць: “Што прыціхлі? Пажартаваць нельга?” Аднак такое немагчыма, ён… — Там, я сам зазіраў пад вечка Толевай труны.

Паліна Сцепаненка, euramost.org

28.10.2012.